Ахоўнікі традыцый

22 августа 2017


Андрэй Ільніцкі, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання, загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii.
Кірыл Прашчаеў, дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расiя).


У беларусаў, напэўна, больш за ўсіх славян захаваліся звычаі ды абрады, звязаныя з паганствам. Нам падаецца, што менавіта дзякуючы моцнай повязі са старажытнасцю наш народ традыцыйна шануе пажылых людзей, бо такое стаўленне ідзе ад самых даўніх часоў.
Пажылыя асобы заўсёды займалі цэнтральнае месца ў беларускіх сем’ях. Спрадвеку беларусы жылі суполкамі. І менавіта прадстаўнікі старэйшага пакалення кіравалі жыццём абшчыны, бо мелі больш вопыту ў вядзенні гаспадаркі. Яны з’яўляліся гарантамі захавання традыцый, перадачы іх у спадчыну, а значыць, захавання лініі сям’і і нацыі.

Акрамя таго, без пажылых людзей немагчымы быў ні адзін абрад. Жыццё маленькага беларуса пачыналася, калі пажылая жанчына прымала роды. Зрэшты, называлі такіх па-рознаму: бабкамi-пузавязніцамi, пупарэзкамi, прырадухамi, пупоўніцамi і г. д.

Цікава, што ў беларускай міфалогіі многія ідалы і багі паўставалі ў выглядзе пажылых асоб. Напрыклад, дух жытла Хатнiк, на думку нашых продкаў, выглядаў як маленькі дзядок з доўгімі сівымі валасамі і барадой. Хатнiк уставаў рана і будзіў гаспадара. Бажок Вох быў чароўным дзядком. Варта толькі прамовіць «вох», як адразу ён апынецца перад вамі і дапаможа ў добрай справе. Бялун, а часам проста Дзед, — стары з белай барадой, у белай кашулі, з кіем у руках. Верылі, што ён ахоўвае сялянскую гаспадарку, ураджай, адорвае людзей золатам. А некаторыя навукоўцы мяркуюць, што гэтага духа нашыя продкі лічылі стваральнікам свету.

Адзначым, что словы «дзед», «дзяды» маюць для беларусаў нашмат большае значэнне, чым звычайны паказчык сямейных стасункаў ці ўзросту. Дзядамі называлі духаў продкаў. Свята Дзяды — дзень, калі мы ўзгадваем родных і блізкіх памерлых. 

Трэба сказаць, што нашыя продкі ўяўлялі смерць у выглядзе пажылой жанчыны. Напрыклад, фалькларыст Уладзімір Васілевіч у кнізе «Жыцця адвечны лад. Беларускія народныя прыкметы i павер’і» (Мінск, 1998) прыводзіць такое апісанне: «Смерць — баба худая, вяліка, з вялікімі зубамі і касою і з мяцёлачкаю ў руках. Каму пара ўміраць, яна прыходзіць, касою — шах! — па горле і мяцёлкаю кроў замяце, і знаку няма».

Варта заўважыць, што продкі імкнуліся жыць годна і доўга. Пра гэта сведчыць тое, што ў нашай міфалогіі ёсць згадкі пра багоў даўгалецця — у заходніх славян гэта багіня Жывая, ва ўсходніх — Род. Але самым важным у дачыненні да старажытных беларусаў было тое, што пажылыя людзі заўсёды былі інтэграваныя ў жыццё абшчыны, яны ніколі не былі адасобленай групай у грамадстве, без іх удзелу не магла адбыцца ні адна падзея.
І ў 21 стагоддзі мы імкнёмся трымацца традыцый продкаў, бо пажылыя людзі дораць нам мудрасць, разважлівасць і ўзважанасць.



Комментировать


comments powered by HyperComments