Пакараць нельга памілаваць. Хто абароніць урача ад пацыентаў

23 ноября 2018


Фота носіць ілюстрацыйны характар. З адкрытых крыніц.
Фота носіць ілюстрацыйны характар. З адкрытых крыніц.
Згодна з Канстытуцыяй і Працоўным кодэксам, кожны грамадзянін нашай краіны мае права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Таксама законам ахоўваюцца недатыкальнасць і годнасць асобы. Між тым урачы, фельчары, медыцынскія сёстры, галоўным абавязкам якіх з'яўляецца аказанне дапамогі людзям, нярэдка сутыкаюцца з такімі праявамі людской «падзякі», як хамства, абразы, а то і рукапрыкладства. Пагадзіцеся, гэта не толькі не дадае прэстыжу прафесіі, але можа быць небяспечна для здароўя і жыцця саміх работнікаў. Карэспандэнт «МВ» сустрэлася з адвакатам, кандыдатам юрыдычных навук Віталем Калядой, каб даведацца, як медыцынскі работнік можа абараніць сябе ў выпадку парушэння яго канстытуцыйных правоў пры выкананні прамых службовых абавязкаў.

Як быць у выпадку здзяйснення фізічнага насілля, прычынення шкоды здароўю медработніка падчас выканання ім службовых абавязкаў? 

Прымяненне насілля забаронена ў дачыненні да любога чалавека. Спектр артыкулаў, за якія можна прыцягнуць да крымінальнай альбо адміністрацыйнай адказнасці, таксама вялікі. Гэта можа быць і прычыненне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, і хуліганства, і пагроза забойствам, і гэтак далей.

Напрыклад, па арт.9.1 КаАП чалавек, які збіў медыцынскага работніка, з прычыны чаго не было зафіксавана кароткачасовага расстройства здароўя ці нязначнай трывалай страты працаздольнасці, можа атрымаць штраф да 30 базавых велічынь або нават 15 сутак. Калі ж цялесныя пашкоджанні будуць аднесены судмедэкспертам да катэгорыі лёгкіх, дык парушальнік можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт.153 Крымінальнага кодэкса (максімальнае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да года альбо крымінальны арышт тэрмінам да шасці месяцаў).

Акрамя таго, важна ведаць, што любы чалавек мае права на неабходную самаабарону ад замахаў на сваё жыццё і здароўе. Пры нападзе кожны можа абараняцца, выкарыстоўваць дазволеныя сродкі абароны, напрыклад, электрашокавыя альбо іскравыя разраднікі. Дарэчы, менавіта Міністэрства аховы здароўя ўсталёўвае гранічна дапушчальныя параметры магутнасці дадзеных прыладаў. Таксама ў якасці сродку абароны могуць выкарыстоўвацца спецыяльныя аэразольныя балончыкі. 

Аднак на практыцы з гэтым узнікае цэлы шэраг пытанняў. Па-першае, калі сродак абароны, напрыклад, электрашокер, адносіцца да зброі, дык перш чым яго купляць, варта старанна разабрацца ў заканадаўстве, якое рэгламентуе парадак яго выкарыстання, каб самім не атрымаць затым праблемы з законам. Па-другое, калі перастарацца з неабходнай самаабаронай, потым можна доўга даказваць яе правамернасць. Ну і трэцяе: медработнік не заўсёды здольны аказаць годны супраціў і прымяніць сілу з прычыны розніцы ў целаскладзе. Таму, нягледзячы на вышэйсказанае, на першае месца выходзіць прафілактыка канфліктных сітуацый і кантроль за развіццём сітуацыі. Калі відавочна, што чалавек агрэсіўны, на ўзводзе, трэба альбо выбіраць бесканфліктную мадэль паводзінаў (прынамсі, пакуль не апынецеся ў адноснай бяспецы), альбо адразу выклікаць супрацоўнікаў міліцыі. Калі чалавек п'яны, буйны, а яго трэба транспартаваць, варта выклікаць супрацоўнікаў міліцыі для забеспячэння бяспекі медыцынскага персаналу да пачатку транспарціроўкі. 

Калі ж прадухіліць канфліктную сітуацыю з пацыентам не атрымалася і медработнік пацярпеў не толькі маральна, але і фізічна, трэба звярнуцца па фіксацыю цялесных пашкоджанняў, паклапаціцца пра доказную базу (сведкі, запісы відэакамер ці відэа з мабільнага тэлефона). І неадкладна звяртацца ў міліцыю. 

Вінаватая асоба можа быць прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за абразу, хуліганства, нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У больш сур'ёзных выпадках гаворка можа ісці аб крымінальнай адказнасці.

Калі цялесныя пашкоджанні былі нанесеныя медработніку пацыентам, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, не кантралюе сябе, ці з'яўляецца гэта абцяжарваючай акалічнасцю і ці панясе ён такое ж пакаранне, як пацыент з нязмененай свядомасцю?

Калі пацыент прызнаны ў стане свядомасці на момант здзяйснення правапарушэння, алкагольнае ап'яненне лічыцца абцяжарваючай акалічнасцю. Калі ж пацыент быў прызнаны ў стане бессвядомасці, ёсць усе падставы ставіць пытанне аб яго прымусовай шпіталізацыі і лячэнні, як таго, хто прадстаўляе грамадскую небяспеку. Адпаведна, нават калі пацярпеламу адмовяць ва ўзбуджэнні адміністрацыйнай альбо крымінальнай вытворчасці, ён мае права паставіць пытанне перад пракуратурай аб прымусовым лячэнні такога чалавека, якое мае на ўвазе яго часовую ізаляцыю ад грамадства. 

Калі медработнік падчас выканання прафесійных абавязкаў атрымаў цялесныя пашкоджанні ад пацыента, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, няхай нават у стане бессвядомасці, ён можа быць адпраўлены на прымусовае лячэнне, што таксама з'яўляецца своеасаблівым пакараннем па сваёй сутнасці.

Чаму гэта з'яўляецца своеасаблівым пакараннем?

Нягледзячы на тое, што юрыдычна гэта пакаранне, а не лячэнне, асобы, якія знаходзяцца на прымусовым лячэнні, выконваюць рэжым, падпарадкоўваюцца досыць строгім правілам унутранага распарадку, пазбаўляюцца магчымасці праводзіць час у сваё задавальненне і па сваім меркаванні. 

Якія дзеянні медработнікаў пры неналежных паводзінах пацыента ва ўмовах стацыянара? Пры спробах сэксуальнага дамагання?

Згодна з заканадаўствам, «у выпадку невыканання пацыентам урачэбных прадпісанняў або правiлаў унутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя лечачы ўрач з дазволу кіраўніка арганізацыі аховы здароўя можа адмовіцца ад аказання медыцынскай дапамогі пацыенту, калі гэта не пагражае жыццю пацыента або здароўю навакольных. Адказнасць за арганізацыю далейшага аказання медыцынскай дапамогі пацыенту ўскладаецца на кіраўніка арганізацыі аховы здароўя».

У выпадку сэксуальных дамаганняў павінна быць выразная мяжа паміж фліртам, натуральнай увагай мужчыны да жанчыны і сэксуальнай агрэсіяй. Тут таксама патрэбна доказная база. Чалавеку, які вырашыў зрабіць падобную заяву, трэба разумець, што словы павінны быць чымсьці падмацаваныя. 

У выпадку ілжэабвінавачвання дзеянні будуць кваліфікавацца як загадзя ілжывы данос – за гэта могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. 

Наогул, на мой погляд, грамадства павінна спрабаваць знаходзіць разумныя кампрамісы без юрыспрудэнцыі. Калі ўсе пытанні будуць вырашацца толькі з прыцягненнем юрыстаў, можна загразнуць у нормах, правілах і паперах. 

У выпадку прычынення маральнай або фізічнай шкоды медыцынскаму работніку падчас выканання ім прафесійных абавязкаў заяву ў міліцыю ён павінен падаваць самастойна або гэтая працэдура можа быць ажыццёўлена праз юрыдычную службу лячэбнай установы?

Звычайна фізічная асоба самастойна прымае рашэнне аб ініцыяванні адпаведнага працэсу. Але разам з тым, калі кіраўніцтву стане вядома пра такія факты, яно можа звярнуцца з заявай у міліцыю. Хаця ў большасці выпадкаў ход далейшай справы можа залежаць ад жадання канкрэтнага пацярпелага пакараць крыўдзіцеля.

Ці могуць відэарэгістратары, як, напрыклад, у кантралёраў у грамадскім транспарце, быць выкарыстаны ў якасці доказу віны правапарушальніка?

Выкарыстанне відэарэгістратараў магчыма пры захаванні дзеючага заканадаўства, што датычыцца ўрачэбнай тайны і таямніцы прыватнага жыцця. Гэта значыць, з аднаго боку, мы павінны ўлічваць права работніка на абарону яго правоў і інтарэсаў, з другога – права пацыента на захаванне права на недатыкальнасць яго прыватнага жыцця. 

У цэлым дзеючае заканадаўства дазваляе знайсці практычны кампраміс паміж гэтымі двума полюсамі. 

Якія змены ў заканадаўстве, на ваш погляд, павінны быць прыняты для абароны правоў медработнікаў і забеспячэння бяспечных умоў працы?

На мой погляд, павінна быць дэталёва прапісаная і заканадаўча замацаваная адказнасць за агрэсіўныя, неправамерныя паводзіны ў адрас перш за ўсё работнікаў прыёмных пакояў, аддзяленняў хуткай дапамогі, аптэк, асабліва тых, якія працуюць кругласутачна. Павінны быць больш жорсткімі меры пакарання з увядзеннем адпаведных складаў злачынства, каб хуліган, дэбашыр разумеў, што, напрыклад, супрацоўніка хуткай дапамогі чапаць яшчэ больш небяспечна, чым супрацоўніка міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў. Магчыма, нават замацаваць права на выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны і рэгламентаваны парадак іх прымянення.

Не перашкодзіла б медработнікам праходзіць курсы па кіраванні канфліктнымі сітуацыямі і самаабароне.

Можна правесці апытанне сярод работнікаў аховы здароўя з мэтай выяўлення праблемных момантаў у заканадаўстве і тых правоў, якіх ім не хапае. 



Комментировать


comments powered by HyperComments