Права на абарону, або Хто можа аказаць юрыдычную дапамогу ўрачу

28 ноября 2018


Фота носіць ілюстрацыйны характар. З адкрытых крыніц.
Фота носіць ілюстрацыйны характар. З адкрытых крыніц.
Узровень прававой культуры насельніцтва нашай краіны расце з кожным годам. Пераход да рынкавых адносінаў у разы інтэнсіфікаваў маёмасны абарот, і не толькі ў сферы бізнесу, але і ў сферы звычайнага жыцця. Усё часцей грамадзяне для афармлення сур'ёзных здзелак звяртаюцца па дапамогу прафесійных юрыстаў. Людзі ў белых халатах – не выключэнне.

Якімі ж мінімальнымі ведамі павінен валодаць урач у сферы юрыспрудэнцыі, як і калі яму можа спатрэбіцца юрыдычная дапамога?

Юрыдычная дзейнасць не менш разнастайная, чым урачэбная.

Сярод асноўных юрыдычных прафесій вылучаюць наступныя: 
  • суддзя;
  • пракурор (пракурорскі работнік);
  • следчы;
  • аператыўны супрацоўнік;
  • юрысконсульт;
  • юрыст-ліцэнзіят;
  • адвакат.

Задача суддзяў – адпраўляць правасуддзе ў рамках судовай сістэмы краіны. Як правіла, справы разглядаюцца спачатку судамі ніжэйшай (першай) інстанцыі і затым могуць быць абскарджаны ў вышэйшай інстанцыі. Найбольш сур'ёзныя справы, асабліва крымінальныя, могуць разглядаць па першай інстанцыі абласныя і нават Вярхоўны cуд.

Пракуроры і пракурорскія работнікі наглядаюць за станам законнасці на даручанай ім тэрыторыі (раён, вобласць, рэспубліка), падтрымліваюць дзяржаўнае абвінавачванне ў судах, разглядаюць скаргі на дзейнасць міліцыі, следства, іншых праваахоўных органаў, праводзяць праверкі арганізацый і г.д.

Следчыя вядуць следства, гэта значыць, збіраюць і афармляюць у адпаведнасці з патрабаваннямі крымінальна-працэсуальнага закона доказы, якія выкрываюць асобу ў здзяйсненні злачынства, прад'яўляюць абвінавачанне і па завяршэнні расследавання перадаюць справу ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Аператыўныя супрацоўнікі – супрацоўнікі міліцыі і іншых праваахоўных органаў, якія маюць права сачыць, праслухоўваць перамовы, прыцягваць агентаў з мэтай атрымання ад іх аператыўнай інфармацыі і праводзіць іншыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, прадугледжаныя заканадаўствам аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. 

Асноўная задача такіх супрацоўнікаў – непрыкметна для аб'екта сваёй цікавасці атрымаць і зафіксаваць інфармацыю, якая выкрывае ў здзяйсненні злачынства.

Усе вышэйпералічаныя юрыдычныя прафесіі не звязаны непасрэдна з аказаннем юрыдычнай дапамогі або паслуг насельніцтву і суб'ектам гаспадарання. Гэтым займаюцца прадстаўнікі іншых юрыдычных прафесій: юрысконсульт, юрысты-ліцэнзіяты, адвакат. 

Юрысконсульт – супрацоўнік прадпрыемства, які вырашае задачы па юрыдычным суправаджэнні прадпрыемства, у т.л. праводзіць складанне, рэвізію дагавораў, кансультацыі па працоўных пытаннях і г.д. Юрысконсульт у судзе можа прадстаўляць інтарэсы толькі той арганізацыі, у якой працуе па працоўнаму дагавору. 

Юрыст-ліцэнзіят мае права аказваць юрыдычную дапамогу суб'ектам гаспадарання, але не фізічным асобам. Ён можа кансультаваць бізнес па складаных пытаннях падаткаабкладання, падрыхтоўваць праекты дагавораў, даваць заключэнні па тых ці іншых пытаннях. Шмат у чым пералік работ, што выконваюцца юрыстам-ліцэнзіятам, супадае з наборам функцый юрысконсульта. Розніца толькі ў тым, што юрыст-ліцэнзіят працуе на сябе і можа аказваць паслугі як індывідуальны прадпрымальнік або праз сваю юрыдычную фірму любому суб'екту гаспадарання, які да яго звярнуўся. Аднак, у адрозненне ад юрысконсультаў, яны не маюць права прадстаўляць інтарэсы сваіх кліентаў у судах. 

Адвакаты – гэта юрысты, якія здалі кваліфікацыйны экзамен, уступілі ў Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў і трымалі адпаведную ліцэнзію на адвакацкую дзейнасць. Толькі адвакаты, як юрысты, маюць права прадстаўляць у судах інтарэсы юрыдычных і фізічных асоб, быць абаронцамі ў крымінальных працэсах, а таксама аказваць любую іншую прававую дапамогу грамадзянам і суб'ектам гаспадарання. 

З усіх вышэйпералічаных прафесій толькі адвакат мае права даваць фізічным асобам афіцыйныя юрыдычныя кансультацыі. Аднак і ўнутры адвакацкай супольнасці існуе пэўная спецыялізацыя. Хтосьці спецыялізуецца на справах па нерухомасці, хтосьці па грамадзянскіх справах: жыллёвыя спрэчкі, спадчынныя справы, абарона правоў спажыўцоў і г.д. 

Урач, як і любы іншы чалавек, у сілу жыццёвых абставінаў можа сутыкнуцца з такімі пытаннямі, як падзел маёмасці, купля нерухомасці, атрыманне ў спадчыну і г.д.У дадзеным выпадку варта памятаць залатое правіла юрыспрудэнцыі – прафілактыка і яшчэ раз прафілактыка. 

Прыклад: людзі на апошнія грошы па складанаму ланцужку купляюць кватэру альбо па складанай схеме набываюць зямельны ўчастак, які фармальна прадаваць нельга. Рызыкі такіх здзелак могуць быць вельмі вялікія, а наступствы катастрафічныя. А часцяком кансультацыя перад правядзеннем здзелкі магла б зэканоміць час, нервы і грашовыя сродкі, раскажы вам адвакат аб усіх падводных камянях гэткай павабнай на першы погляд прапановы. Ды і кошт кансультацыі ў разы меншы за сумы, якія выдаткоўваюцца затым на выпраўленне сітуацыі (не заўсёды сітуацыю ў прынцыпе можна выправіць).

У сваёй прафесійнай дзейнасці ўрач таксама можа сутыкнуцца з неабходнасцю юрыдычнай дапамогі з боку адваката. Гэта, напрыклад, справы, звязаныя са скаргамі пацыентаў, справы аб урачэбных памылках або звязаныя з абвінавачваннем урача ў здзяйсненні іншых злачынстваў. 

Тут варта памятаць, што па крымінальных справах чым хутчэй будзе аказана першая юрыдычная дапамога, тым больш шанцаў мінімізаваць шкоду ці нават яе выправіць. Любое неасцярожнае слова, няправільна ўпушчаная альбо запісаная фраза могуць затым быць выкарыстаныя супраць кліента, і гэта не перабольшанне.

Лепш за ўсё, калі ў чалавека ёсць загадзя заключаны дагавор на аказанне прававой дапамогі з адвакатам альбо дакладная інструкцыя, з якім адвакатам сваякі ці знаёмыя павінны заключыць дамову. Будзьце гатовыя правільна назваць імя і прозвішча адваката, яго кантакты і месца практыкі, каб праваахоўныя органы маглі з ім звязацца. 

Варта таксама ўлічваць, што адвакат павінен быць у гэты час вольны і гатовы прыехаць, такое магчыма толькі пасля заключэння дагавора і выпіскі адвакацкага ордэра на падставе дагавора. Без гэтых дакументаў адвакат пры ўсім жаданні не зможа вам дапамагчы, такое патрабаванне закона. 

Вельмі часта прадстаўнікі праваахоўных органаў настойваюць на тым, што чалавек і не затрыманы, і не падазроны, і прапануюць даць тлумачэнні не ў рамках КПК, маўляў, вы ж не затрыманы, мы проста праводзім праверку, абаронца вам цяпер не прызначаны і таму грамадзяніну можна гэта зрабіць без адваката. Пагаджацца на такое ні ў якім разе нельга – гэтыя пісьмовыя тлумачэнні затым лёгка могуць стаць доказам у крымінальнай справе. Спашліцеся на арт.27 і арт.62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і адмоўцеся ад якіх-небудзь размоў і тлумачэнняў да кансультацыі з адвакатам, якому вы давяраеце. Запомніце: пры любой праверцы, пры любых стсунках з дзяржаўнымі органамі арт.62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае вам права на адваката і на юрыдычную дапамогу.

Напісанае пяром не высечы і сякерай, а чаму, будзем праўдзівыя, павераць больш: першапачатковаму тлумачэнню, дадзенаму без адваката, альбо ж змененай пасля кансультацыі з адвакатам пазіцыі? Таму ў экстрэмальных сітуацыях залатое правіла – ніякіх размоў і тлумачэнняў без адваката.

Таксама варта памятаць, што падчас допыту ваш абаронца не мае права адказваць на пытанні за вас, а таксама падказваць вам – на гэта разлічваць нельга. Але калі пытанне следчага вас бянтэжыць, вы можаце патлумачыць, спаслаўшыся на арт.62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што вам неабходна перад адказам пракансультавацца з адвакатам. Тады допыт можа быць прыпынены – і вы зможаце пагутарыць з абаронцам. Калі ж следчы пачне казаць, што гэта не прадугледжана КПК, лепшы варыянт, не ідучы на канфлікт, проста адмовіцца адказваць па сутнасці на дадзенае пытанне, патлумачыўшы, што адказаць на яго вы зможаце толькі пасля кансультацыі з абаронцам. Прымушаць да адказу па сутнасці следчы не мае права. Адказваць на нязручныя пытанні можна так: «Не памятаю, але паспрабую ўспомніць». Лепш абдумаць і адказаць пазней, чым адказаць сумбурна. Паспешны адказ можа быць вытлумачаны не на вашу карысць.

Мінімалізм – стыль дачы паказанняў. Адказваць трэба роўна на тое, што спыталіся, не даючы аб'ёмнай дадатковай інфармацыі. «У які час вы сышлі з працы?» – «Прыкладна ў 18:30». Не трэба дадатковых падрабязнасцяў, пакуль пра гэта вас ні папросіць ваш абаронца.
Абавязкова самастойна запісвайце ўсе пытанні і свае адказы. Гэта спатрэбіцца ў далейшым, калі вы будзеце абдумваць лінію абароны.

Пры крымінальных справах вельмі важна памятаць наступныя артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закону, не маюць юрыдычнай сілы.

Гэта значыць, што ніхто не мае права прымушаць вас даваць якія-небудзь тлумачэнні без вашай на тое волі. 

Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб'яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Віталь Каляда, адвакат, кандыдат юрыдычных навук



Комментировать


comments powered by HyperComments