Алесь Гоцка: «Калі ўрач спыніўся, лічы, што ён спазніўся»

08 августа 2017

Автор(ы):
Анна Бергман (фото),   Светлана Хорсун




Урача-рэўматолага Алеся Гоцку добра ведаюць на Навагрудчыне не толькі як спецыяліста-наватара вышэйшай катэгорыі, выдатніка аховы здароў’я СССР, але і як паэта, аўтара зборніка «Іду на Парнас». Алесь Валянцінавіч працуе ў Навагрудскай паліклініцы ўжо 45 гадоў. Дагэтуль вучыцца спасцігаць новае ў медыцыне, быць нераўнадушным
да праблем кожнага пацыента. Карэспандэнт «МВ» сустрэлася з Алесем Гоцкам і задала яму некалькі пытанняў.


Шаноўны Алесь Валянцінавіч, адкуль у вас столькі прагі да жыцця і да сваёй прафесіі?

Шчыра кажучы, ад бацькоў. Нарадзіўся я ў вёсцы Новыя Руткавічы Карэліцкага раёна ў сялянскай сям’і. Бацькі скончылі толькі па тры класы царкоўна-прыхадской школы, але былі вельмі мудрымі і дапытлівымі ад прыроды. Бацька Валянцін Максімавіч мог і кубелец змайстраваць, і валёнкі збіць, і каня падкаваць, і дах пакрыць бляхай… Пражыў 90 гадоў, бо не цураўся працы, любіў жыццё і людзей. І матуля мая Вольга Іванаўна гэтаксама ўвесь час шчыравала — і па гаспадарцы, і ў калгасе. І нас гадавала: у сям’і было чацвёра дзяцей. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Я пайшоў у медыцыну… Дарэчы, мая маці лячыла людзей зёлкамі і замовамі — рожыстае запаленне, пярэпалахі, бяссонніцу, каўтун, валасень… Магчыма гэта таксама недзе на падсвядомасці паўплывала на мой выбар.


Са школы вы ўжо пісалі вершы, друкаваліся. Няўжо не хацелася звязаць лёс з літаратурай?

Сапраўды, мой першы верш «Дождж» быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі», калі я хадзіў у восьмы клас. Слынны беларускі паэт Васіль Зуёнак даслаў мне ліст, дзе паведамляў, што мой першы вершаваны твор змесцяць у бліжэйшым нумары. Пасля школы спачатку падаўся на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Экзамены здаў паспяхова, але мяне не залічылі: пры паступленні вырашылі аддаць перавагу дзецям-сіротам. Тады я падаўся ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на лячэбны факультэт — прафесія ўрача заўсёды лічылася вельмі паважанай. Лёс мудры —ён распарадзіўся па-свойму.


Спачатку пайшлі ў тэрапію — чаму?

Свядома выбраў гэты накірунак, бо тэрапія — маці медыцыны. У той час у бальніцах не было спецыялізаваных аддзяленняў: у адной палаце ляжалі пацыенты з запаленнем лёгкіх, гіпертанічным крызам, хваробай нырак, пасля інсульту. Даводзілася пастаянна ўдасканальваць свае веды на курсах павышэння кваліфікацыі ў БелМАПА — па кардыялогіі, алергалогіі, імуналогіі. Ездзіў таксама вучыцца ў Расію. Я быў літаральна апантаны прагай да самаўдасканальвання. Урэшце без гэтага немагчыма стаць прафесіяналам. Калі доктар спыніўся, лічы, што ён спазніўся.


У нялёгкі час перабудовы, калі ўсё было ў заняпадзе, вы таксама не спыняліся? 

У 1990-я, калі ў крамах былі пустыя паліцы, а прадукты выдаваліся па талонах, паехаў у Ленінград, дзе прайшоў пярвічную трохмесячную спецыялізацыю па рэўматалогіі. Пасля заняткаў ісці ў прадуктовы магазін было марнай справай, таму мы рабілі моцную гарбату і штудзіравалі новыя веды.

У 1993 годзе ў Мінску прайшоў курсы спосаба лячэння метадам Фоля — Сарчука, які быў зацверджаны міністрам аховы здароў’я СССР Яўгенам Чазавым. Я нават ездзіў у Еўпаторыю, дзе працаваў доктар Сарчук, браў удзел у навукова-практычных канферэнцыях. Сем гадоў выкарыстоўваў электраакупунктуру. З яе дапамогай у мяне атрымлівалася выводзіць з нырак пясок, камяні, лячыць энурэз, псарыяз і нават бранхіяльную астму. За-своіў дыягностыку туберкулёзу: фіксавалі 98 % супадзенняў дыягназаў. Апошнія дзесяць гадоў займаюся рэўматалогіяй — на мой погляд, адным з самых складаных і цікавых раздзелаў медыцыны.


І тут у вас ёсць свае набыткі?

І ў рэўматалогіі дапамагаюць веды з іншых накірункаў медыцыны — імуналогіі, дэрматалогіі, гастраэнтэралогіі і г. д. Трэба дасканала вывучыць усе раздзелы пазваночніка. У асноўным на прыём прыходзяць людзі з хворымі суставамі. На уліку — 402 пацыенты рэўматычнага профілю. За мінулы год не было ніводнага смяротнага выпадку. Удвая паменшыўся пярвічны выхад на інваліднасць у разліку на 10 тысяч дарослага насельніцтва.

Рэгулярна праводзім актыўную прафілактычную работу. Колькасць парокаў сэрца змяншае пярвічная прафілактыка рэўматызму. Пад нашым наглядам пацыенты, якія хварэлі на ангіну. За 10 гадоў не было выпадкаў вострай рэўматычнай ліхаманкі, што таксама сведчыць аб дзейснай прафілактыцы.

Кожную сітуацыю імкнуся прааналізаваць самастойна. Вопыт дапамагае разабрацца ў самых розных дыягназах. Некаторыя даводзіцца здымаць.


Як дапамагаюць у працы вашыя паэтычныя захапленні, любоў да Радзімы, спадчыны?


Я жыву на зямлі вялікага Адама Міцкевіча і Янкі Брыля і не магу не пісаць вершы і не любіць паэзію. Пашана да роднага слова дапамагае дайсці да сэрца кожнага пацыента найкарацейшым шляхам, бо добры доктар павінен быць яшчэ і псіхолагам. Словам можна лячыць часам не горш, чым таблеткай. Яно дапамагае знайсці паразуменне з пацыентам, каб хутчэй перамагчы хваробу.


Комментировать


comments powered by HyperComments