Андрэй Гук: Iнструктар павінен быць крыху псіхолагам

14 августа 2018

Автор(ы):
Марина Веселуха


Спартыўная кар’ера Андрэя Гука распачалася з заняткаў грэбляй на байдарках і каноэ, затым дзесяцігоддзе ў паўэрліфтынгу, дзе ён дасягнуў досыць высокіх вынікаў. Пры ўласнай вазе 75 кг на спаборніцтвах у практыкаванні «жым штангі лежачы» падымаў 235. Найлепшы вынік падчас трэніровак — 240. Скончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Потым жыццё склалася такім чынам, што давялося змянiць працу. І прафесійны спорт застаўся ў мінулым…

Сёння ён галоўны метадыст-інструктар у аздараўленчым комплексе, дзе займаюцца многія вядомыя спартсмены.

Андрэй, чаму ты пакінуў грэблю і стаў займацца паўэрліфтынгам?

Тут мноства прычын, але асноўная — сыход трэнера. Я проста стаў нікому не патрэбны… А з вынікамі, якія меў пасля заняткаў грэбляй — менавіта тут я атрымаў усю базу, — можна было стаць майстрам спорту па паўэрліфтынгу. Так я і застаўся ў ім на 10 гадоў. 

У чым сакрэт дасягнення высокіх вынікаў?

Вялікае жаданне, усведамленне таго, чым ты займаешся, граматны трэнер. Я са сваім працаваў 10 гадоў. 

Ёсць асаблівыя патрабаванні для тых, хто хоча займацца паўэрліфтынгам?

Любы чалавек можа прыйсці ў трэнажорную залу і трэніравацца. Нават з 10 гадоў (менавіта з гэтага ўзросту цяжкая атлетыка дазволеная), пачынаючы з агульнай фізічнай падрыхтоўкі, да ветэранскага ўзросту. Ёсць спартсмены, якім ужо 70. Дарэчы, у спаборніцтвах можна ўдзельнічаць з 14 гадоў.

Якія мышцы варта развіваць, каб падымаць як мага цяжэйшую штангу?

Штангу падымаць можна па-рознаму. Калі гэта жым лежачы, то працуюць не толькі рукі, падключаюцца яшчэ і грудныя мышцы, спіна, паясніца. Калі станавая цяга, задзейнічаныя таксама ногі. Зразумела, што ў жыме нагамі ў асноўным працуюць ногі. 

У паўэрліфтынгу ёсць пэўныя патрабаванні да сістэмы харчавання спартсмена?

Есці патрэбна ўсё: бялкі, тлушчы, вугляводы. Важна, каб харчаванне было збалансаваным. Але ў цэлым дыета ў многім залежыць ад мэтаў спартсмена — набор мышачнай масы, пахудзенне, падрыхтоўка да спаборніцтваў. Але не варта захапляцца пахудзеннем: так разам з тлушчам можна страціць мышачную масу. Я еў і ем усё запар, ніколі спецыяльна не пралічваў колькасць калорый і не прытрымліваўся пэўных правілаў у харчаванні. 

Гэта досыць небяспечны спорт. Што трэба рабіць, каб пазбезнуць траўм? 

Варта перш за ўсё кіравацца парадамі трэнера. Ён патлумачыць, раскажа, як выконваць тыя ці іншыя практыкаванні. Тут шмат тонкасцей. Нават у самым простым руху «жым штангі лежачы» я кожны год адкрываў для сябе нешта новае. Недзе сам прыходзіў да разумення, недзе разам з трэнерам. 

Працэс падрыхтоўкі да спаборніцтваў мае адметнасці? Скідваеце вагу, як бодзібілдзеры, напрыклад?

Так, вагу ганяем, але не так моцна. У бодзібілдзера адным з крытэрыяў выніку лічыцца колькасць тлушчу пад скурай, таму перад спаборніцтвамі адбываецца прасушка, дзеля атрымання рэльефу. А ў нашым спорце такога патрабавання няма. Адзіны крытэрый — вага, якую ты падымаеш у кожным з практыкаванняў. 

Сёння ты працуеш інструктарам. Можаш сябе назваць крыху трэнерам? 

Добры спартсмен не заўсёды добры трэнер. Але, як правіла, гэта не перашкаджае, а нават дапамагае. Калі ты сам разумееш, якая гэта цяжкая штодзённая праца. Усё адбываецца так: спачатку даведваемся пра стан здароўя чалавека, які хоча займацца. Магчыма, ёсць нейкія абмежаванні медыцынскага кшталту і яму забаронена выконваць пэўныя практыкаванні. Потым запытваемся пра пажаданні кліента адносна яго трэніровак — навошта яму гэта і што ён хоча ад іх атрымаць. І толькі тады распрацоўваем комплекс практыкаванняў і пачынаем займацца.

Ёсць такое паняцце, як прафесійная дэфармацыя. Напрыклад, ідучы па вуліцы, уяўляеш, якія практыкаванні параіў бы мінакам? 

Такога няма, працу стараюся пакідаць на працы. Тут хапае зносінаў з людзьмі. Любы інструктар павінен быць крыху псіхолагам. Сюды прыходзяць з рознымі праблемамі, пажаданнямі. Але не ўсе імкнуцца атрымаць нейкія завоблачныя вынікі, ёсць тыя, хто ідзе ў зал па зносіны, проста пагаварыць, а карэкціроўка фігуры для іх ужо другаснае. 

У клубе, дзе ты працуеш, трэніруюцца многія вядомыя спартсмены…

Так, бо зала арыентаваная на спартсменаў любога ўзроўню. А паколькі праграма падрыхтоўкі прафесіяналаў да спаборніцтваў абавязкова ўключае заняткі ў зале, то да нас часта прыходзяць вядомыя спартсмены. Грабцы, футбалісты, хакеісты, тыя, хто займаецца адзінаборствамі ці лёгкай атлетыкай. Здараюцца, канечне, выпадкі, калі знакамітасці прывабліваюць шмат увагі наведвальнікаў, да іх падыходзяць, просяць сфатаграфавацца. Напрыклад, чэмпіён свету па бодзібілдынгу Аляксей Шабуня сабраў цэлы натоўп фанатаў. 

Фота Сяргея Нікановіча, Мінск.


Комментировать


comments powered by HyperComments