Чорна-белая тактыка доктара Налівайкі

17 марта 2019

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Для ўрача-рэнтгенолага рэнтгенаўскага кабінета Слонімскай ЦРБ Івана Налівайкі гэты год асаблівы — Іван Сямёнавіч адзначыць 90-годдзе.

Агульны працоўны стаж — 61 год. За бездакорную працу ўзнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі Слонімскага
гарвыканкама, Гродзенскага аблвыканкама, медалём «За працоўныя заслугі». 

— Іван Сямёнавіч дасканала валодае рознымі рэнтгеналагічнымі метадамі даследаванняў: рэнтгенаскапіяй, тамаграфіяй, рэнтгенаграфіяй, латэраграфіяй, ірыгаскапіяй, — расказвае пра яго галоўны ўрач Слонімскай ЦРБ Наталля Рызвановіч. — Ён мае вострае клінічнае мысленне, нераўнадушны да праблем пацыентаў.

Яго паважаюць, з ім раяцца. Партрэт Івана Сямёнавіча — на раённай Дошцы гонару.

Гэта доктар-легенда, якому ёсць што прыгадаць…

Іван Сямёнавіч, у чым, на ваш погляд, сакрэт доўгажыхарства? 

Загартоўваюць чалавека на доўгі век жыццёвыя цяжкасці. Праўду кажуць: не зламаўся — значыць, стаў мацнейшым. Мяне жыццё таксама не песціла. Перажыў цяжкія гады ваеннага ліхалецця. Мне было дванаццаць, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Родную вёску Сокалава Слонімскага раёна спалілі немцы. Бацька пайшоў ваяваць. Маці і мы, чацвёра дзяцей, перабраліся на хутар. У адным пакоі разам з намі жыла яшчэ адна сям’я. Я быў старэйшым. Рабіў цяжкую мужчынскую работу: касіў, араў, малаціў збожжа, пасвіў скаціну. Каб выжыць, даводзілася працаваць з раніцы да вечара. Не было чаго абуць і апрануць. Непадалёк знаходзіўся ваенны аэрадром, які будавалі палонныя: некаторыя з іх жылі і ў нашай хаце. Памятаю вечны страх за жыццё блізкіх. Шмат што давялося перажыць… 

Пасля вайны пяць з паловай гадоў служыў на флоце. Там таксама спасцігаў навуку мужнасці, вучыўся пераадольваць цяжкасці, адказваць за даручаную справу. 

Чаму менавіта вас, сялянскага хлопца, выбрала медыцына?

Пэўна таму, што ў медыцыне, як і ў баі, не павінна быць асечак і паражэнняў, інакш не пераможаш. Доктар, як на фронце баец і салдат у арміі, бароніць жыццё. Пасля вайны падаўся ў Слонімскае медвучылішча. Некаторы час працаваў фельчарам на ФАПе ў вёсцы Шундры, потым паступіў у ГрДМІ на факультэт «лячэбная справа». Два гады працаваў рэнтгеналабарантам, потым — урачом-рэнтгенолагам рэнтгенакабінета Слонімскай ЦРБ, дзе шчырую і па сёння. Больш як паўстагоддзя ў працоўнай кніжцы адзіны запіс. 

Што памянялася за гэтыя гады?

Перамены кардынальныя. Калі пачынаў працоўны шлях, не было амаль ніякага абсталявання, якое ёсць у нас сёння: ні мамографа, ні камп’ютарнага тамографа, ні гастраскопаў, ні каланаскопаў. Памятаю, неяк з нагоды ў далекія 1960-я ў мяне нарадзіліся вершаваныя радкі: «Як нялёгка нам на плёнцы тыя беды распазнаць. 

І па плямах тых бясконцых нам хваробе рады даць…» Але ні тады, ні сёння пры самым сучасным абсталяванні доктар не зможа правільна ацаніць сітуацыю, калі ў яго няма клінічнага мыслення, умення аналізаваць і супастаўляць, раіцца са сваімі калегамі, быць уважлівым да стану пацыента. Важна ведаць розныя методыкі абследвання і не баяцца вучыцца ў любым узросце. Нездарма ж кажуць: «Век жыві — век вучыся…»

Больш падрабязна чытайце ў газеце"Медыцынскі веснік" №11



Комментировать


comments powered by HyperComments