Чырвоныя ружы ад белых анёлаў

12 июля 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


У Гродне добра ведаюць Святлану Купрашэвіч — загадчыцу жаночай кансультацыі № 2 ЦГП, галоўнага акушэра-гінеколага абласнога цэнтра, пераможцу 10-га Рэспубліканскага конкурса Беларускага саюза жанчын «Жанчына года»  ў намінацыі «Ратуючы жыццё». Яе паважаюць, да яе прапаноў прыслухоўваюцца, з яе бяруць прыклад. Сотні жанчын, якіх Святлана Сцяпанаўна пераканала  не перапыняць цяжарнасць, шчыра ўдзячныя гэтай нераўнадушнай асобе.

Карэспандэнт «МВ» сустрэлася  са Святланай Купрашэвіч,  каб пагутарыць пра жаночыя радасці і прафесійныя клопаты.

Святлана Сцяпанаўна, такое ўражанне, што вы нарадзіліся дзеля гэтай пачэснай місіі —  не толькі берагчы здароўе жанчыны, што носіць пад сэрцам дзіця, але і часам ратаваць жыццё немаўляці, якое павінна з’явіцца на свет. Як вы адчулі, што менавіта гэтая прафесія — ваша прызванне?  

Як кажуць, ад асінкі не народзяцца апельсінкі. Гэта датычыць і нашай сям’і. Мае бацькі выкладалі ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце. Яны ў свой час скончылі Кіеўскі медінстытут і прыехалі сюды па размеркаванні маладымі спецыялістамі. Маці марыла, каб я стала ўрачом — і менавіта акушэрам-гінеколагам. Мне вельмі хацелася, каб матуліна мара стала рэальнасцю. Я скончыла школу з залатым медалём, Гродзенскі мед- універсітэт — з чырвоным дыпломам. На апошніх курсах зацікаўлена і ўпарта вывучала акушэрства і гінекалогію. Праходзіла інтэрнатуру ў Гро- дзенскім радзільным доме. Памятаю, як скептычна там на мяне пазіралі: маўляў, такая малая (я важыла тады ўсяго 47 кілаграмаў), а тут патрэбна не толькі тэарэтычная падрыхтоўка, але і фізічная сіла. Ад крыўды вырашыла даказаць усім і найперш сабе самой, што я ўсё змагу. Прыхо- дзіла сюды яшчэ студэнткай і доўгімі гадзінамі назірала, як працуюць старэйшыя калегі, вучылася рабіць усё самастойна. Калі пасля ўніверсітэта прыехала працаваць у Слонімскую раённую бальніцу, ужо шмат ведала, магла аперыраваць. Потым пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Нарадзіла сына, і неўзабаве наша сям’я пераехала ў Гродна. Пайшла працаваць у жаночую кансультацыю № 3, паралельна дзяжурыла ў радзільным доме.

Ці памятаеце сваю першую аперацыю?  

Асабліва запомніліся першыя пацыенткі са складанай паталогіяй. Адна з іх была даволі мажная жанчына, якой трэба было рабіць кесарава сячэнне. Загадчык аддзялення паталогіі цяжарнасці Леанід Давыдаў, памятаю, сказаў мне напярэдадні: «Калі выканаеш гэтае ўмяшанне, зможаш зрабіць любую аперацыю»… Пацыентка ўжо атрымала наркоз, і я разумею: трэба пачынаць. Ад хвалявання ўзмакрэла спіна, але я здолела апанаваць эмоцыі, супакоілася і пачала дакладна выконваць тое, чаму мяне вучылі. І вось нарэшце дзіцячае цельца ў маіх руках. Першы крык немаўляці — сігнал, што ўсё атрымалася. Калі жанчына выпісалася, прыйшла да мяне з букетам чырвоных ружаў. Радасная, з кветкамі ў руках, я зайшла да Леаніда Уладзіміравіча. Гэта было маім першым поспехам, першай высокай адзнакай прафесійнай годнасці.

Усяго дабівалася ўпартай працай: трэба дзяжурыць ноччу — дзяжуру, трэба апрацаваць дакументы — не ўстану з-за стала, пакуль не зраблю, хачу нечаму навучыцца — не адступлю, пакуль не навучуся.

Трыццаць пяць гадоў вы прысвяцілі любімай прафесіі, 14 з іх загадваеце жаночай кансультацыяй № 2. Што зроблена за гэты час?  

Калі прыйшла працаваць сюды, пабачыла цесныя і не надта ўтульныя кабінеты, а марылася пра новую кансультацыю з шырокімі калідорамі, зручнай мэбляй і карыснай інфармацыяй на журнальных століках, куды б з радасцю маглі прыйсці цяжарныя з будучымі татамі. Але мая мара  здзейснілася толькі праз 5 гадоў. Мяне тады вельмі падтрымаў галоўны ўрач Гродзенскай ЦГП Аляксандр Раманчук, я яму вельмі ўдзячная. Побач з паліклінікай месціўся стары будынак, які больш за 11 гадоў стаяў незапатрабаваны. Спачатку вырашылі заняць адзін яго паверх пад жаночую кансультацыю. У 2009 годзе тут адкрылася аддзяленне «Шлюб і сям’я». Потым пачалі з’яўляцца кабінеты паталогіі клімаксу, мужчынскага здароўя, перынатальнай псіхалогіі, а ў снежні 2016-га адкрыўся кабінет «За нараджэнне», які летась стаў лепшым у Беларусі. Тут займаюцца сямейным кансультаваннем. Псіхолагі працуюць з цяжарнымі жанчынамі, якія трапілі ў крызісныя абставіны. Калі трэба, запрашаюць юрыста, прадстаўнікоў сацыяльнай службы, святара праваслаўнай ці каталіцкай канфесіі. Ідзе напружаная праца з кожнай жанчынай. Пры неабходнасці падключаюся і я. Бывае, размаўляем з будучымі бабулямі. 

Аднойчы прыйшла на перадабортнае кансультаванне маладая цяжарная жанчына, у якой ужо быў сын-дашкольнік. Яна планавала зрабіць кар’еру ў бізнесе, а тут неспадзяванка. Псіхолагі працавалі з жанчынай, а я папрасіла, каб да мяне зайшла будучая бабуля — яе маці. З ёй прагаварылі гадзіны дзве. Я пераконвала субяседніцу ў тым, што дзіцятка, дадзенае лёсам, трэба аберагаць не толькі пасля яго нараджэння, паказвала здымкі сваіх унукаў, якіх вельмі люблю. А потым задала жорсткае пытанне: «Няўжо вы хочаце забіць свайго будучага ўнука?» Тая разгублена паглядзела на мяне, і ў вачах яе я ўбачыла слёзы. Зразумела: у нас атрымаецца адваяваць гэтую цяжарнасць. І сапраўды, будучая бабуля стала нашым саюзнікам. Неўзабаве нарадзіліся двайняты: два хлопчыкі. І маці, і бабуля сёння вельмі нам удзячныя. Дзеці прыгожыя, рухавыя. Яны часам забягаюць да мяне ў кабінет, я бачу шчаслівыя вочы іх маці, радуюся разам з імі. 

Калі ў 2017 годзе кожная чацвёртая жанчына, якая ішла на аборт, захавала дзіця (засталіся жыць 80 дзетак!), то ў першым квартале гэтага года — кожная трэцяя. І гэта не мяжа.

Мы ініцыіруем правядзенне семінараў і канферэнцый, прысвечаных рэпрадуктыўнаму здароўю. Нядаўна ў нашым горадзе адбыўся рэспубліканскі семінар на тэму перадабортнага кансультавання. У ім бралі ўдзел старшыня сінаідальнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы Павел Сярдзюк, прадстаўнікі мясцовага грамадскага дабрачыннага аб’яднання пры прыходзе храма Свяціцеля Мікалая ў Мінску «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”», гродзенскага цэнтра «радзіМА», выкладчыкі  БелМАПА ды іншыя. Часта бываю сама на падобных форумах у Маскве, Санкт-Пецярбургу, у Польшчы. Як толькі пачую нешта цікавае, адразу прашу мяне навучыць, каб гэтае новае атрымала гродзенскую прапіску.

Працуем з жанчынамі рэпрадуктыўнага ўзросту. Урачы-гінеколагі добра ведаюць сваіх пацыентак ад 17 да 49 гадоў. З пачатку года ўзялі на ўлік 190 жанчын у планавую групу па цяжарнасці. Яны здалі патрэбныя аналізы, прайшлі агляд спецыялістаў. Усё вынікі ў электроннай базе. Працуем у тандэме з педыятрамі, дзіцячымі і падлеткавымі гінеколагамі. У нас каманда выдатных прафесіяналаў (68 чалавек), якія ведаюць сваю справу.

Шмат карыснага вы робіце для цудоўнай паловы чалавецтва ў гарадской арганізацыі Саюза жанчын. Ці застаецца час для сябе?  

Вольнага часу нямнога, але стараюся скарыстоўваць яго прадуктыўна. Сустракаюся з сяброўкамі — мы любім схадзіць у лазню, пагутарыць і паласавацца нечым смачным. Падабаецца пабыць сам-насам з сабой, паслухаць музыку і проста паблукаць вуліцамі роднага горада. 

Якія кветкі любіце? 
 
Падабаюцца ландышы — іх вельмі любіла мая мама. Але больш за ўсё чырвоныя ружы, якія асацыірую з жаночым шчасцем. 


Комментировать


comments powered by HyperComments