Дактары Якуба Коласа

06 января 2017


Фотаздымкі з фондаў музея Гісторыі медыцыны Беларусі і музея Якуба Коласа прадастаўлены аўтарам.
Фотаздымкі з фондаў музея Гісторыі медыцыны Беларусі і музея Якуба Коласа прадастаўлены аўтарам.
Д. Р. Абрамовіч, С. М. Мелкіх, М. І. Дашкевіч. Мінск, 1949–1950 гады.

На працягу многіх год навуковыя супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа займаюцца распрацоўкай тэмы “Акружэнне Якуба Коласа”. У бліжэйшым атачэнні народнага паэта — пісьменнікі, паэты, перакладчыкі, навукоўцы, мастакі, акцёры тэатраў, грамадскія ды дзяржаўныя дзеячы і простыя людзі, з якімі Якуб Колас сябраваў, сустракаўся, перапісваўся. У 1940–1950-я гады, калі стан здароўя беларускага песняра значна пагоршыўся (высокі ціск крыві, боль у суставах, запаленне лёгкіх вельмі часта непакоілі пісьменніка), у акружэнне трапілі і дактары, якія прыкладалі ўсе сілы, каб палепшыць самаадчуванне паэта. 

Узаемаадносінам Якуба Коласа з медыцынскімі супрацоўнікамі прысвечаны некалькі публікацый. Малодшы сын паэта Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч напісаў артыкул «“Кроплі і слёзы” Якуба Коласа», у якім ён упершыню надрукаваў вершы свайго бацькі “на медыцынскія тэмы”, якія захоўваліся ў сямейным архіве, і распавеў пра стасункі Якуба Коласа з таленавітым доктарам-дыягностам С. І. Ліаранцэвічам (Полымя. 2007. №11). Унучка паэта Вера Міцкевіч прысвяціла артыкул даследаванню адносін міністра аховы здароўя БССР І. А. Інсарава з Якубам Коласам (Медвеснік+ТВ, 4 лістапада 2016 г.). Дактароў, якія былі знаёмы з Якубам Коласам, значна больш, пра іх і хочацца расказаць…

Абрамовіч Давід Рыгоравіч быў адным з такіх. З 1944 па 1949 год ён займаў пасаду загадчыка стацыянара лечкамісіі, у далейшым атрымаў ступень кандыдата медыцынскіх навук (1960), з’яўляўся асістэнтам кафедры ўнутраных захворванняў Мінскага медыцынскага інстытута, у 1960-ых гадах працаваў на пасадзе галоўнага дыетолага Міністэрства аховы здароўя БССР. З Якубам Коласам пазнаёміўся пад час работы ў лечкамісіі, аб гэтым доктар Абрамовіч пакінуў цікавыя ўспаміны. 

Якуб Колас і Сяргей Мелкіх у двары лечкамісіі. Мінск, 1948 год.

“На працягу 1944–1949 гадоў, калі я працаваў загадчыкам стацыянара спецпрызначэння, народны паэт БССР Якуб Колас два разы знаходзіўся там на лячэ­нні. Стан яго здароўя ў той час не быў цяжкім, але ён меў патрэбу ў працяглым спакоі і сістэматычным назіранні… 

Канстанцін Міхайлавіч быў выключна дысцыплінаваным хворым, строга прытрымліваўся вызначанага рэжыму і акуратна выконваў усе прызначэнні дактароў… З усім персаналам бальніцы Якуб Колас трымаў сябе вельмі проста і сціпла. Мы ніколі не заўважалі ў яго зласлівасці, прыдзірлівасці або павышанай патрабавальнасці. Заўсёды спакойны і ветлівы, ён горача дзякаваў абслугоўваючаму персаналу за самую маленькую паслугу. 

А калі пакідаў стацыянар, выносіў усім пісьмовую падзяку. Асабліва ўважлівы быў Канстанцін Міхайлавіч да санітарак і медсясцёр, цікавіўся іх жыццём, працай, нярэдка дапамагаючы ім парадай, цёплым словам.

Колас звычайна быў стрыманы і нешматслоўны, ды і мы імкнуліся паменш яго непакоіць, хоць многім з персаналу хацелася пагаварыць і бліжэй пазнаёміцца з народным паэтам. 

Нярэдка пасля абходу, калі Канстанцін Міхайлавіч адчуваў сябе няблага, я заставаўся ў яго ў палаце і гутарыў з ім, што прыносіла мне вялікае задавальненне. Пасля кожнай гутаркі заставалася такое адчуванне, нібы я напіўся чыстай свежай вады з жыватворнай крыніцы.


Якуб Колас. 1956 год. Фотаздымак М. К. Міцкевіча.

Аднойчы я зайшоў да Канстанціна Міхайлавіча ў палату, калі ён пісаў сваім чоткім бісерным почыркам вершы.

— Гэтыя вершы, доктар, я прысвячаю Вам, — усміхаючыся сказаў паэт. — Хутка я іх скончу.

Можна ўявіць, з якім нецярпеннем я чакаў гэтыя вершы. І сапраўды, праз некалькі дзён я атрымаў ад Якуба Коласа верш “РОІ і хрыпы”. Справа ў тым, што з-за павышанай РОЭ (рэакцыі асядання эрытрацытаў) і хрыпаў, што праслухоўваліся ў лёгкіх і непакоілі нас, дактароў, мы затрымлівалі Канстанціна Міхайлавіча ў бальніцы і не дазвалялі яму выпісацца дадому”. 

Вершы з цыкла “На медыцынскія тэмы” яшчэ не вельмі знаёмы шырокаму колу чытачоў, яны ўпершыню ўвайшлі ў поўны збор твораў, які быў выда­дзены да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. А ў іх так яскрава праявіўся гумар паэта!

РОІ і хрыпы

Плюну я на “роі”,
Наплюю на “хрыпы”
Ды пайду пад хвоі,
Пад дубы, пад ліпы.
Дайце ж перадышкі,
Няхай “роя” спухне.
Ні дна, ні пакрышкі,
Ёй, лацінскай кухні!
Дай, Божа, ніколі
Дактароў не ведаць.
Лепш у чыстым полі
Снедаць і абедаць.

               24 мая 1946 года.

У 1948 годзе Д. Р. Абрамовічу Якуб Колас падарыў кнігу “Рыбакова хата” з дарчым надпісам: «Дорогому Давиду Григорьевичу Абрамовичу. “Да не услышит ухо Ваше легочных хрипов”». Такое ж выданне паэт прэзентаваў доктарцы стацыянара Міліцы Іванаўне Дашкевіч, якая працавала разам з Абрамовічам. 

Сваім лекарам Якуб Колас прысвяціў і наступны верш:

Маім цаліцелям Д. Г. Абрамовічу  і М. І. Дашкевіч

Настане дзень халодны,
 змрочны.
Ты ловіш водгукі начы…
У свой абвыклы час урочны
Прыходзяць з трубкамі ўрачы.
Я прысядаю на пасцелі
Спіною голай к дактарам,
Каб больш прастору яны мелі
Паслухаць, што тварыцца там.
Дышу, як мех, па іх загаду,
Спыню дыханне, кашляну
Ды зноў кладуся на спіну,
Чакаю вынікаў агляду.
Давід Грыгор’евіч сярдзіты.
Ну, значыць, з лёгкімі я ўліп!
І кажа доктар дзелавіта:
— У правым лёгкім хрып 
ды хрып!
І так штодзень іх кажа трубка,
Хоць зноў Тамарына ты кліч…
Глядзіць Міліца, як галубка,
А я насуплюся, як сыч.
Эх, хрыпы, хрыпы, 
штоб вы скіслі!
Ну, хоць бы “хрыпікі”, “хрыпкі”…
Адказ адзін плыве на мыслі —
Не ездзіць, брат, табе ў грыбкі!
        
               10 кастрычніка 1948 года.

У фондах музея гісторыі медыцыны Беларусі мне пашанцавала знайсці фотаздымак, на якім адразу тры дактары, якія былі знаёмы з Якубам Коласам, — Абрамовіч, Мелкіх, Дашкевіч. 

Мелкіх Сяргей Міхеевіч — прафесар, доктар мед. навук, заснавальнік і першы загадчык кафедры факультэтскай тэрапіі медфакультэта БДУ, член-карэ­спандэнт АН БССР (1940), ды­рэктар інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР (1940–1941, 1945–1952), займаўся праблемамі паталогіі нырак, захворваннямі органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца віншавальная тэлеграма творцу на яго 60-годдзе ад прафесара Мелкіх і некалькі фотаздымкаў 1948 года, на якіх Колас і Мелкіх разам у двары лечкамісіі.

Іншы раз атрымаць верш ад класіка шчасціла і радавым мед­работнікам:

Старшай сястры Ганне Іосіфаўне

Прайшоў я на свеце 
не мала дарог,
Прамерыў чатыры вятры,
І вось я кажу: далі бог,
Не сустрэў такой слаўнай 
сястры,
Як Вы. Сястра Ганна, —
Шчаслівая ж будзьце 
Вы пастаянна.

            14 кастрычніка 1955 года.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца рукапіс верша “Дактарам”, пад назвай якога рукою паэта пазначана: “Маім шаноўным дактарам — Д. А. Маркаву, Б. І. Трусевічу і С. І. Ліаранцэвічу, свяцілам зямлі Беларускай”.

Эх, дактары, — замахі 
вашы мелкі,
Відаць, прывучаны к таму 
вы змалку.
Чаму, чаму замест сядзелкі
Вы не прыставіце ляжалку.

                5 лістапада 1955 года.

Дактары, якім Колас прысвяціў верш, і сапраўды былі выбітнымі асобамі, таленавітымі дзеячамі беларускай медыцыны. 

Маркаў Данііл Аляксандравіч — выдатны неўрапатолаг, асістэнт клінікі нярвовых захворванняў медыцынскага факультэта БДУ (1926–1930), ды­рэктар Дзяржаўнага інстытута фізіятэрапіі, артапедыі і неўрапаталогіі (1930–1941), адначасова дацэнт кафедры нярвовых захворванняў Беларускага медыцынскага інстытута, загадчык кафедры фізіятэрапіі і нярвовых захворванняў Беларускага (Мінскага) медыцынскага інстытута (1931–1934), доктар медыцынскіх навук (1936), прафесар, акадэмік АН БССР, галоўны неўрапатолаг Міністэрства аховы здароўя БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР (1964), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974). 

У кнізе “Колас расказвае пра сябе” Максім Лужанін адзначаў: “Жартоўныя прысвячэнні дактарам, усхваляючы іх цудадзейную моц і высмейваючы сваю нядужасць, Канстанцін Міхайлавіч пісаў часта. Асабліва шанцавала С. О. Ліяранцэвічу, які ў вершаваных коласаўскіх пасланнях іменаваўся «мітрапалітам Сергіем»”. 



Ліаранцэвічу Сяргею Іосіфавічу Якуб Колас прысвяціў вершы “Малітва доктару Ле-Лі”, “Добраму ўрачу Ліо-ра-чу”, “Пажаданні доктару-паляўнічаму” і іншыя. У гады Вялікай Айчыннай вайны С. І. Ліаранцэвіч працаваў загадчыкам тэрапеўтычнана аддзялення ваеннага шпіталя, пасля вайны — асістэнтам Мінскага медінстытута, намеснікам галоўнага ўрача стацыянара Рэспубліканскай бальніцы 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Заслужаны урач БССР (1949).

Лёс наканаваў Якубу Коласу сустрэцца з яшчэ адным доктарам — тым, што выратаваў яму жыццё… Быў 1955 год. 17 сту­дзеня Якуб Колас адкрывае вечар, прысвечаны 2 400-годдзю з дня нараджэння Арыстафана. Паэт задоўга да мерапрыемства абяцаў выступіць з уступнай прамовай. Не хацеў парушыць абяцанне, таму і не прызнаўся дактарам, што адчувае сябе не важна.

Наступным днём стан здароўя паэта значна пагоршыўся. Максім Лужанін успамінае: Якуб Колас “гаварыць і нават шаптаць не можа. Вочы замгліліся пялёнкаю болю, моцна сціснутыя вусны здаюцца бледна-жоўтым рубчыкам, знакам, што застаецца ад сечанай раны”. Хоць паэт і быў супраць, але прыйшлося выклікаць дактароў. Па словах Максіма Лужаніна, у хуткім часе “на парозе спаленькі з’яўляецца магутнейшая дакторская брыгада. Прафесары Д. А. Маркаў і Б. І. Трусевіч і ўрач, які бываў тут на правах “хатняга доктара”, заўсёды вясёлы і бадзеры, хоць і сам цяжка хворы, выключнай спрактыкаванасці і светлай натуры чалавек С. О. Ліяранцэвіч”. 

З дыягназам “востры апендыцыт” хворы быў гаспіталізаваны. Кансіліум дактароў лечкамісіі пацвердзіў пярвічны дыягназ. Калі хворы згодзіцца на аперацыю, будуць выклікаць хірурга з Масквы. 

Максім Лужанін успамінае: “На досвітку па тэлефоне дазнаюся ў дзяжурным пакоі: аперацыю зрабіў, узяўшы ўсю адказнасць на сябе, лепшы наш хірург Мікалай Іванавіч Бобрык. Становішча хворага цяжкое”.

Сам паэт у лісце да свайго сябра і перакладчыка Сяргея Мітрафанавіча Гарадзецкага піша: “Если бы я приехал на операцию на сутки позднее, то уже не было бы смысла делать ее…Через несколько часов могло бы быть воспаление брюшины, и тогда Якубу Коласу был бы крах”. Аб перажытым паэт дзеліцца і з М. М. Прозаравай, знаёмай яго сям’і: “О многом я мечтал и думал за свое долгое житье, но никогда не приходила мне в голову мысль, что придется оперироваться, чтобы вырезать аппендицит.

Сегодня месяц, как меня оперировали. Обычно после этих операций больной выписывается дней через десять. Я же немного запоздал на оперирование: еще сутки, и операция была бы бесполезна. Отросток слепой кишки принял настолько агрессивную форму, что уже начался воспалительный процесс, который вызвал бы воспаление брюшины, чего я едва ли перенес бы. Операцию я перенес легко…”

Свайму збавіцелю Якуб Колас падарыў кнігу — першы том збора твораў, які выйшаў у друку ў 1952 годзе ў Мінску ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. На кнізе паэт пакінуў дарчы надпіс: “Дарагому Мікалаю Іванавічу Бобрыку на памяць ад удзячнага пацыента. Якуб Колас. 7.ІІІ.1955 г.”. 

Бобрык Мікалай Іванавіч — загадчык кафедры агульнай хірургіі Мінскага медінстытута (1955–1956), загадчык хірургічнага аддзялення Рэспубліканскай бальніцы 4-га лячэбна-санітарнага праўлення Міністэрства аховы здароўя БССР (1949–1956), галоўны анколаг Міністэрства аховы здароўя БССР (1949–1954), заслужаны ўрач БССР (1948). Значная колькасць навуковых работ Мікалая Іванавіча прысвечана пытанням анкалогіі. У 1948–1949 гадах працаваў на паса­дзе галоўнага ўрача Рэспубліканскага анкалагічнага дыспансера.

Незадоўга да выпіскі з бальніцы класік беларускай літаратуры прачытаў Мікалаю Іванавічу верш Максіма Лужаніна, беларускага паэта, сябра і асабістага сакратара Якуба Коласа. Верш быў напісаны нібы ад імя хворага. Выслухаўшы верш, Якуб Колас папрасіў запісаць яго, а прачытаўшы сам, падвастрыў два радкі ў заканчэнні:

Добры доктар Бобрык,
Але страшны ножык:
Выража апендыкс,
Пакладзе на ложак.
Не чапні рукою,
Не мяльні нагою,
Покуль каля пупа
Дзіркі не загоіш.
Гэта ўсё мінецца,
Час усё заліжа…
Дзякуй, дзядзька Бобрык,
Што не рэзаў ніжай.

Мікалаю Іванавічу верш спадабаўся. Максім Лужанін успамінае: “Падзяка табе ад Бобрыка, — сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч перад выпіскай з бальніцы. — Ён вельмі рагатаў і забраў твой верш”. 

Трусевіч Барыс Іпалі­тавіч — доктар медыцынскіх навук (1943), загадчык кафедры факультэтскай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута (1943–1961), загадчык кафедры тэрапіі Беларускага інстытута ўдасканалення дактароў (1945–1949), галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя (1952–1954), акадэмік АН БССР (1956).

***
Тэма ўзаемаадносін Якуба Коласа з дактарамі і медыцынскім персаналам вельмі цікавая, малараспрацаваная. Лічу, што менавіта тут можна чакаць новых адкрыццяў, новых вершаў і прысвячэнняў, якія не былі дагэтуль вядомыя коласазнаўцам. 

Таму, калі вы ведаеце, што вашы бабулі, дзядулі, бацькі ў 1940–1950 гадах працавалі ў лечкамісіі, загляніце ў сямейную бібліятэку або архіў дакументаў, можа, вам пашанцуе знайсці кнігу з дарчым надпісам Якуба Коласа, вершы або прысвячэнні паэта, адрасаваныя членам вашай сям’і. 

Васіліна Міцкевіч
кандыдат сацыялагічных навук, Мінск.



Комментировать


comments powered by HyperComments