Подписка 2019

Дакторачка з Князікаўскага ФАПа

25 ноября 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Загадчыца ФАПа ў вёсцы Князікаўцы Іўеўскага раёна Людміла Гуськова карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў. З 2018 года яна дэпутат Іўеўскага райсавета па Князікаўскай акрузе.
Па дарозе ў ФАП галоўная медсястра ЦРБ Валянціна Мармыш, якая ехала разам з карэспандэнтамі «МВ», прыгадала, як рабіла вясковым доктарам у Мастоўскім раёне, дзе пачынала працоўны шлях. 


— Вясковыя пацыенты асабліва рэагуюць на шчырасць і сардэчнасць доктара, — заўважае Валянціна Аляксандраўна. — Калі ён не толькі добры прафесіянал, але і паважае пацыентаў, перажывае за іх здароўе, яны ставяцца да яго як да роднага чалавека. Памятаю, мяне, гэтаксама як і Людмілу Леанардаўну, ласкава называлі «наша дакторачка».

Пазнаёміліся з Людмілай Гуськовай і пераканаліся, што такое «імя» сапраўды ёй пасуе. Уважлівая, да кожнага пацыента звяртаецца з павагай, памятае імя па бацьку, ведае хваробы ўсіх членаў сям’і. Мае багаты прафесійны вопыт. Цудоўны дыягност.

Лілія Горбач, галоўны ўрач Іўеўскай ЦРБ:

«У нашым раёне 17 ФАПаў, адзін з іх — Князікаўскі. Старое памяшканне забудовы 1932 года даўно не адпавядала свайму прызначэнню. Параіліся з прадстаўнікамі мясцовай улады і вырашылі знайсці іншы будынак: адрамантавалі яго, падвялі ваду, каналізацыю, цэнтральнае ацяпленне — і цяпер гэта адзін з самых утульных ФАПаў нашага раёна. Загадвае ім Людміла Гуськова — прафесіянал высокага ўзроўню, сардэчны і шчыры чалавек».

— Пасля Мінскага медвучылішча дзесяць гадоў працавала ў сталіцы ў выязной брыгадзе фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі — спачатку кардыялагічнай, потым псіхіятрычнай службы, — прыгадвае Людміла Леанардаўна. — Тыя веды дапамагаюць і сёння. Шэсць год была загадчыцай Негарэльскага ФАПа на радзіме мужа ў Дзяржынскім раёне, а калі ўрэшце вярнулася на сваю малую радзіму, працавала на машыне хуткай дапамогі ў Іўеўскай ЦРБ. І зноў — клопаты загадчыцы вясковага ФАПа. 

…Аднойчы на прыём да Людмілы Гуськовай прыйшоў мужчына, які скардзіўся на загрудзінны боль, што аддаваў у левую лапатку. Западозрыўшы інфаркт міякарду, Людміла Леанардаўна адразу выклікала хуткую дапамогу. Не памылілася. Чалавеку аказалі своечасовую медыцынскую дапамогу, і ён застаўся жыць. І такія выпадкі не адзінкавыя. Калі трэба, доктар вызначыць ціск унутры вока, зробіць патрэбныя ін’екцыі, унутрывенныя інфузіі, ЭКГ. Раз на паўгода прыязджаюць вузкія спецыялісты з Іўеўскай ЦРБ. 

— Пад маім патранажам 8 вёсак, радыус абслугоўвання 16 кіламетраў, — расказвае Людміла Леанардаўна. — Мне як кіроўцу са шматгадовым стажам зручна выязджаць да пацыентаў на скутары, які выдзелілі нашаму ФАПу. Да гэтага я працавала ў суседнім Кладнікаўскім ФАПе, таму мяне добра ведаюць у навакольных вёсках. Нарадзілася непадалёк, некаторыя нават памятаюць маіх бацькоў і мяне яшчэ маленькай. Усе мы як адна сям’я, перажываем адно за аднаго, разам радуемся і засмучаемся.

— Людміла Леанардаўна вельмі старанна выконвае службовыя абавязкі, — гаворыць Лілія Горбач. — За 6 месяцаў бягучага года на яе рахунку 2 630 амбулаторных абследаванняў, 1 053 маніпуляцыі, 1 207 наведванняў на даму. На ФАПе няма выпадкаў мацярынскай і дзіцячай смяротнасці, запушчаных выпадкаў анкалагічных захворванняў. Працуе Людміла Гуськова бездакорна. Нашу дакторачку любяць пацыенты, паважаюць 
калегі. 

Людміла Гуськова — маці траіх сыноў, клапатлівая жонка. У вольны час ахвотна працуе на агародзе, дзе штовосень збірае шчодры ўраджай. А яшчэ, як і ўсе жанчыны, любіць кветкі, якія ўпрыгожваюць не толькі падворак мясцовага фельчара. Летам красуюць стракатыя клумбы ва ўтульным фапаўскім дворыку. А ў памяшканні вазоны цвітуць
круглы год.



Комментировать


comments powered by HyperComments