Доктар Марыя з Чырвонага Груда

15 января 2020

Автор(ы):
Евгений Креч (фото),   Светлана Хорсун


Гэтую ветлівую энергічную жанчыну з вялікай фельчарскай сумкай праз плячо ведаюць многія ў Ваўкавыскім раёне. 

Марыя Сямак прыехала сюды больш за дваццаць гадоў таму. 

— Трыццаць гадоў таму, пасля Слонімскага медыцынскага вучылішча, трапіла па размеркаванні на Мінскую падстанцыю хуткай дапамогі, дзе набыла шмат карысных навыкаў, — гаворыць Марыя Вацлаваўна. — Адпрацавала два гады і пайшла ў дэкрэтны. Пасля Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта мужа размеркавалі ў саўгас «Чырвонагрудскі» аграномам па ахове раслін. Прыехала з ім і я. Жыхароў было амаль утрая больш, чым сёння: каля тысячы. Радыус абслугоўвання 7 км. Пад патранажам 11 вёсак. Памятаю, цяжка было знайсці кватэру. Муж пайшоў у дэкрэтны, а я на працу. Не было вольных месцаў у дзіцячым садку, у школе больш як 60 чалавек. За 23 гады вывучыла ўсё дасканала: хто дзе жыве, на што хварэе, якія лекі прымае альбо не прымае.

Калі ў вёсцы даведаліся, што да загадчыцы ФАПа Марыі Сямак прыехалі карэспандэнты, прыйшлі і пацыенты, каб расказаць пра свайго доктара. За гэтыя гады давялося шмат чаго перажыць. Некаторыя гісторыі запомніліся на доўгія гады. 

— У той дзень у мяне быў візіт да маладой мамы, — успамінае Марыя Вацлаваўна. — Не паспела парог пераступіць, як пад’язджае да двара калгасны грузавік і мяне тэрмінова клічуць да мясцовага возера. Тапелец! Я ляцела нібы куля, нават сумку забылася. А там ляжыць на беразе жанчына з пасінелым тварам. Больш за шэсць хвілін была на дне. Аніякіх прыкмет жыцця. Хуценька дасталі ціну і бруд з роту, а потым –– штучнае дыханне і масаж сэрца. Ажно ў вачах цямнела ад хвалявання і напружання, але калі прыехала машына хуткай дапамогі, жанчына пачала дыхаць. Пасля яшчэ некалькі дзён у мяне балелі рукі…

Раней было меней выпадкаў інфарктаў ды інсультаў, анкалагічнай паталогіі, уздыхае субяседніца. Сёння трэба быць асабліва пільнай на аглядах. 

— Нядаўна да нас звярнулася жанчына з пухлінай, падобнай на флюс, –– расказвае Марыя Вацлаваўна. –– Я адразу ж вырашыла праверыць на наяўнасць ракавых клетак. Выявілі плоскаклетачны рак. 

На Чырвонагрудскім ФАПе ёсць кабінет, дзе Марыя Сямак прымае пацыентаў, працэдурны і кабінет фізіятэрапіі, апарат ЭКГ. Да тых, хто не можа прыйсці самастойна, медыкі выязджаюць з дапамогай перасоўнага ФАПа альбо брыгадай з удзелам тэрапеўта і лабаранта Вярэйкаўскай амбулаторыі. 

— Здараецца, бабулька звоніць і кажа: «Марыйка, дачушка, пакуль тая хуткая прыедзе, дык ты хутчэй да нас дабяжыш!» І я бягу, а калі далекавата, бяру веласіпед, — усміхаецца Марыя Вацлаваўна. — Бывае, і ноччу трэба бегчы, і ў выхадны. Аднаму трэба тэрмінова прывезці лекі, іншаму зрабіць ін’екцыю, а ёсць і такія, што хочуць проста пагаварыць, каб прагнаць свае страхі. 

...Час праляцеў хутка. Выраслі дзеці. Сын Сяргей скончыў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Дачка Святлана, як і матуля, выбрала медыцыну. Скончыла медыка-псіхалагічны факультэт ГрДМУ, праходзіць інтэрнатуру ў Мінску. 

Вольнага часу ў Марыі Сямак нямнога, а калі і выпадае, дык жанчына садзіць кветкі, робіць клумбы ды альпійскія горкі. А яшчэ блукае ў сеціве, каб даведацца, што робіцца ў свеце…



Комментировать


comments powered by HyperComments