подписка ерип

Формула здароўя Юрыя Сенажацкага

28 июля 2017

Автор(ы):
Елена Гордей


Фота з асабістага архіва Ю. Сенажацкага.
Фота з асабістага архіва Ю. Сенажацкага.
Уласны выбар на карысць здаровага ладу жыцця інжынер аддзялення гемадыялізу Любанскай ЦРБ Юрый Сенажацкі зрабіў яшчэ ў дзяцінстве: калі па тэлевізары ішла перадача «Здароўе», яго было не адарваць ад экрана. З не меншым энтузіязмам штудзіраваў кнігі і часопісы, прысвечаныя гэтай тэматыцы, а атрыманыя веды падмацоўваў практыкай.

Юрыю Мікалаевічу ўжо амаль 50 гадоў, і ўвесь гэты час ён не здраджваў свайму дэвізу «Ні дня без спорту!». Загартоўванне і дыхальная гімнастыка, бег, ровар, здаровае харчаванне, адмова ад алкаголю, тытуню — вось яго формула здароўя.

— Доўгі час я працаваў у мясцовай міліцыі, а вартавы парадку мусіць быць у добрай фізічнай форме, — кажа Юрый Сенажацкі. — Бывала, даводзілася дастаўляць у пастарунак дэбашыраў, якія па дарозе часам спрабавалі збегчы, вось тут і дапамагалі фізічная сіла і цягавітасць. Да таго ж мы штогод здавалі залікі і нарматывы па фізпадрыхтоўцы — бег на паўтара кіламетра, скачкі з месца, адцісканне на брусах, падцягванне. 

Трэба было трымаць сябе ў тонусе. У тыя часы ў адным з пакояў кватэры я абсталяваў невялікую трэнажорную залу, са спартыўных снарадаў былі гіра, штанга і баксёрская груша — дадаткова займаўся цяжкай атлетыкай і боксам.

...Важную ролю ў справе захавання здароўя Юрый Мікалаевіч адводзіць загартоўванню. Суседзі ўжо не здзіўляюцца, калі ён раніцай выбягае на двор з вядром у руках і абліваецца халоднай вадой. Сцвярджае, што такія водныя працэдуры дапамагаюць прачнуцца лепш за кубачак кавы. Не забывае пра паветраныя ванны: часам зімой выходзіць на балкон — пастаяць колькі хвілін на марозе.

— Асноўная мэта — прафілактыка прастудных захворванняў, — тлумачыць Юрый Сенажацкі. — Калі ў сезон інфекцый і падхаплю які-небудзь вірус, то праходзіць захворванне лёгка — без насмарку і тэмпературы. А яшчэ я лягчэй пераношу спякоту і холад, абыякавы да перападу тэмператур. Правільна харчуюся — тлустае і салодкае абыходжу бокам, зрэдку дазваляю сабе невялікі кавалачак мяса, перавагу аддаю расліннай ежы.

Сваім энтузіязмам Юрый Мікалаевіч да ЗЛЖ прывучыў усіх хатніх — жонку Ірыну, якая цяпер загадвае канцылярыяй у аддзеле прымусовага выканання Любанскага раёна, і сына Віталя.

— Жонка да сустрэчы са мной са спортам была на «вы», але потым, на мяне гледзячы, уцягнулася. Справа ў тым, што я амаль штодзень езджу на ровары ў вёску Шыпілавічы, адкуль родам, — там знаходзіцца бацькоўскі дом. Аўтамабіля ў мяне няма, таму асядлаць двухколавы транспарт давялося і жонцы. Туды і назад 14 кіламетраў. Звыклымі сталі сумесныя вылазкі на прыроду, калі ўсёй сям'ёй выпраўляліся на веласіпедную прагулку. Цяпер сын, дарэчы, праходзіць тэрміновую службу ў войску.

Але з усіх захапленняў Юрый Сенажацкі аддае перавагу бегу і дыхальнай гімнастыцы.

— Многія спартсмены кажуць, што найлепшы час для прабежак раніца, а для мяне аптымальная пара — пасля шостай вечара. Наразаю кругі на нашым мясцовым стадыёне. Па старой звычцы спрабую ўкласціся ў нарматывы і першыя паўтара кіламетра прабегчы не менш як за 7 хвілін, астатнюю адлегласць пераадольваю ў асалоду. Пасля чаго дадому прыходжу са светлай галавой і засынаю як немаўля. Усім раю — гэта самы лепшы сродак ад бяссонніцы.

Штодня Юрый Мікалаевіч робіць дыхальную гімнастыку на трэнажоры Фралова, які прадстаўляе сабой двайную пластыкавую шкляначку, у якую заліваецца вада, з трубкай. Усё, што трэба, — дыхаць у яе, робячы хуткі ўдых ротам і доўгі выдых. У людзей нявопытных першыя трэніроўкі доўжацца ўсяго пару секунд, але пры ўпартых намаганнях могуць павялічвацца да некалькіх хвілін.

— Віктар Фралоў вынайшаў гэты прыбор у канцы 1980-х гадоў, — распавядае Юрый Сенажацкі. — Вучоны сцвярджаў, што пры звычайным дыханні, калі чалавек дыхае грудзьмі, клеткі недаатрымліваюць энергіі, што з часам прыводзіць да паражэння крывяносных сасудаў і лёгачных альвеол. Іншая справа — эндагеннае дыханне, калі ўдзельнічае дыяфрагма, арганізм вучыцца абыходзіцца ўсё меншай колькасцю кіслароду, а гэта дабратворна адбіваецца на агульным стане — дзень ада дня мацнее імунітэт, хваробы знікаюць. 

Лічыцца, што такія практыкаванні асабліва карысныя хворым на хранічны бранхіт, вегетасасудзістую дыстанію, ачаговыя сухоты, атэрасклероз, ішэмічную хваробу сэрца, дыябет, неўрозы і г. д. Карыстаюся гэтым прыборам ужо некалькі гадоў. Магчыма, гэта толькі эфект самаўнушэння, але адчуваю сябе цудоўна — дыхаць стала 
вальней, палепшылася цягавітасць, вячэрнія прабежкі даюцца лягчэй.


Комментировать


comments powered by HyperComments