Галоўнае правіла тэрапеўта

07 августа 2017


На Дошцы гонару Бярозаўскага раёна 34 імя. Сярод іх адзначаны ўчастковы тэрапеўт ЦРБ імя Э. Э. Вяржбіцкага Алег Капуза.

Землякі і калегі любяць Алега Пятровіча за душэўную цеплыню. Заўсёды выслухае, дапаможа не толькі словам, але і справай. Да кожнага ставіцца адказна, ад яго не схаваецца аніякая дробязь. Скрупулёзнасць у працы — яго галоўнае правіла.

Нарадзіўся доктар Капуза на Кобрыншчыне. Спачатку пайшоў на сястрынскае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Тры гады навучання праляцелі як адзін дзень: хлопец зразумеў, што зрабіў правільны выбар. Далей вырашыў паступіць ў БДМУ, скончыў яго ў 2008-м.

Пасля інтэрнатуры ў Брэсце служыў у войску, навабранца накіравалі ў Бярозу. У гэтым горадзе і застаўся. Уладкаваўся ўчастковым тэрапеўтам у раённую бальніцу. Амбулаторны прыём сумяшчаў з кіраваннем урачэбнай амбулаторыяй вёскі Першамайская. Яе жыхары з удзячнасцю ўспамінаюць маладога доктара, які заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу, зрабіў класіфікацыю пацыентаў па ўзросце, улічваў факторы рызыкі і спадчыннасць.

Ужо амаль тры гады Алег Капуза працуе ў раённай паліклініцы, таксама выконвае абавязкі тэрапеўта ў райваенкамаце. У горадзе ён адказвае за некалькі вуліц; адных толькі пацыентаў працоўнага ўзросту больш за тысячу. Амаль усіх ведае ў твар. А пацыенты не забываюцца наведаць кабінет № 407 своечасова.

Сапраўдная падтрымка для кожнага з нас — сям’я. Жонка Таццяна таксама доктар; ажаніліся, калі яшчэ былі студэнтамі. Таццяна Капуза працуе неўролагам у Белаазёрскай гарадской бальніцы. Падрастаюць двое дзетак. Што яшчэ патрэбна для шчасця? Каб усе навокал былі здаровыя.

Іван Аскірка, Бяроза. Фота аўтара.



Комментировать


comments powered by HyperComments