Гумар з бальнічнай палаты

03 ноября 2017


Якуб Колас і доктар медыцынскіх навук Сяргей Мелкіх у двары лечкамісіі. Мінск,1948 год.
Якуб Колас і доктар медыцынскіх навук Сяргей Мелкіх у двары лечкамісіі. Мінск,1948 год.
Трэцяга лістапада спаўняецца 135 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Яго цудоўныя вершы, паэму «Новая зямля», якую па праву лічаць энцыклапедыяй сялянскага жыцця канца 19-го стагоддзя, паэму «Сымон-музыка», прысвечаную беларускай моладзі, ведае і любіць большасць прыхільнікаў беларускай літаратуры. Але ёсць у творчай скарбонцы Коласа творы, якія мала вядомыя шырокаму колу чытачоў. 
Гэта вершы на медыцынскую тэму.


У 1940–1950 гады, калі паэт быў ужо ў даволі сталым узросце, яго часта непакоілі высокі ціск, боль у суставах, запаленне лёгкіх. 

На стан здароўя народнага пісьменніка негатыўна паўплывалі гады турэмнага зняволення, эвакуацыя ў Ташкент пад час Другой сусветнай вайны. 

Здароўе класіка беларускай літаратуры стараліся палепшыць свяцілы медыцыны таго часу, сярод яго дактароў можна ўзгадаць Давіда Рыгоравіча Абрамовіча, Сяргея Іосіфавіча Ліаранцэвіча, Міліцу Іванаўну Дашкевіч, Барыса Іпалітавіча Трусевіча, Данііла Аляксандравіча Маркава, Мікалая Іванавіча Бобрыка. 

Сваім «цаліцелям» паэт прысвяціў шэраг гумарыстычных вершаў. Вось адзін з іх.



Абвастрэнне

У медыкаў добрых ёсць мудрае слова
На кожны выпадак, здарэнне.
Горш стане ад лекаў – вядома іх мова:
«Дык гэта ж, дружок, абвастрэнне!

Яно ж так і трэба, і быць так павінна,
Цярпенне, галубчык, цярпенне!»
Боль рукі мне ломіць заложна, 
няспынна.
Я цешу сябе: абвастрэнне!

Але час праходзіць, 
палёгкі ж той мала,
І возьме часамі сумненне:
Глядзі, каб у землю цябе не загнала
Дакторскае іх «абвастрэнне»!  

Якуб Колас і сапраўды вельмі пакутаваў ад болю ў руках, які перашкаджаў яму працаваць. Аб гэтым ён пісаў сваёй сястры Алене Лойка (ліст ад 16 красавіка 1956 года): «Дарагая Лена! То праўда, што пішу табе вельмі мала. Ды, праўду сказаць, і пісаць мне трудна. Усю зіму хварэю. Два разы давялося паехаць у Маскву, і кожная паездка канчалася паганым грыпам. Грып падаў на лёгкія. 26 разоў за апошнія дзесяць гадоў я хварэў на запаленне лёгкіх. З 2-га па 29-ае марта ляжаў я ў бальніцы. У выніку маіх захвораванняў у мяне паапухалі суставы рук. Як ні лячыў я іх, вылечыць не ўдалося. Мне прыходзіцца многа пісаць пісем, а пальцы з трудом трымаюць ручку з пяром». Якраз пад час прыбывання ў бальніцы, аб якім паэт піша сваёй сястры, і з’явіўся верш «Абвастрэнне». 

Хваробы і дрэнны стан здароўя вымушалі Якуба Коласа доўгі час праводзіць у медыцынскіх установах, зносіць розныя малапрыемныя працэдуры. Так аб сваім прыбыванні ў санаторыі «Барвіха» Якуб Колас пісаў сябрам Міхасю і Соф’е Лыньковым (ліст ад 22 лютага 1953 года): «Мне ж тут дактары не да-юць спакойна дыхаць. Тут многа розных медыцынскіх кабінетаў. У мяне ніводнага няма цэлага пальца, і ўсё гэта з-за аналізу крыві. Тут і хірургі, і акулісты, і зубнікі, і рэнтгены. І якой толькі не выдумана трасцы! І чаго толькі не бяруць на аналіз!» Але нават у такіх абставінах паэт не губляў пачуцця гумару, аб гэтым сведчыць наступны верш.

На медыцынскую тэму
(Дактарам і медсёстрам)

Ляжу пакорна, бы ў жалобе,
Але спытаць на добры лад:
Вось, скажам, лёгкія ў хваробе,
За што ж пакуту церпіць зад?

Завошта шпрыц узяўшы востры,
З азадка робяць рэшато?
Скажыце, міленькія сёстры,
Навошта здек такі? за што?

І так даўней яшчэ бывала:
Нашкодзіць часам злы язык,
А з зада сцягнуць пакрывала.
І кару зносіць зад-мужык,

Азадак, бедны ты азадак!
Не стогнеш ты, не маеш слёз.
На свеце ўжо такі парадак,
Тваё такое шчасце, лёс.

Па ўспамінах Давіда Абрамовіча, «Канстанцін Міхайлавіч быў выключна дысцыплінаваным хворым, строга прытрымліваўся вызначанага рэжыму і акуратна выконваў усе прызначэнні дактароў… З усім персаналам бальніцы Якуб Колас трымаў сябе вельмі проста і сціпла. Мы ніколі не заўважалі ў яго зласлівасці, прыдзірлівасці або павышанай патрабавальнасці. Заўсёды спакойны і ветлівы, ён горача дзякаваў абслугоўваючаму персаналу за самую маленькую паслугу. А калі пакідаў стацыянар, выносіў усім пісьмовую падзяку. Асабліва ўважлівы быў Канстанцін Міхайлавіч да санітарак і медсясцёр, цікавіўся іх жыццём, працай, нярэдка дапамагаючы ім парадай, цёплым словам».

У сям’і Якуба Коласа захоўваецца рукапіс пісьменніка, які ніколі не друкаваўся. Гэта спіс, як у жартоўнай форме паэт скарочана называў дактароў і медсясцёр, якія яго лячылі. Так, напрыклад, Галіна Пятроўна атрымала мянушку Гапета, Марыя Фёдараўна — Мафёда, Зінаіда Прохараўна — Зіпроха.

Рукапіс Якуба Коласа — жартоўны спіс, у якім паэт скарачаў імёны дактароў і медсясцёр, што яго лячылі (публікуецца ўпершыню).

Асабліва цёплыя адносіны ў Якуба Коласа склаліся з доктарам-дыягностам Сяргеем Ліаранцэвічам, якога ён ласкава называў доктарам Ле-Лі. Яму паэт прысвяціў найбольшую колькасць вершаў. Вось адзін з іх.

С. І. Ліаранцэвічу

Без малітвы, без заявы
Доктар добры і ласкавы
Сам пайшоў насустрач мне.
Не патрэбны песні, слава
І прамоў узнёслых лава –
Я ад іх у старане.
А вось чуласць, чалавечнасць –
Ім дарога проста ў вечнасць –
Больш за ўсё нам даражэй.
Хай агорне іх бяспечнасць,
Хай дарогу ў бесканечнасць
Ім асвеціць санцавей.

Сяргей Ліаранцэвіч,
заслужаны ўрач БССР.

Некаторым сваім дактарам (Давіду Абрамовічу, Міліцы Дашкевіч, Мікалаю Бобрыку) Колас дарыў кнігі з цікавымі дарчымі надпісамі. 

Мне здаецца, што не мог ён абмінуць увагай і Сяргея Ліаранцэвіча. 

На жаль, даследчыкам коласавай спадчыны невядомы лёс асабістай бібліятэкі таленавітага доктара, нашчадкаў у Сяргея Іосіфавіча не было. 

А менавіта там нас могуць чакаць новыя адкрыцці.  



Васіліна Міцкевіч,
кандыдат сацыялагічных навук, 
праўнучка Якуба Коласа.

Фота з асабістага архіва аўтара.


Комментировать


comments powered by HyperComments