Анкета

Іван Паўлючык: У сельскай амбулаторыі заўжды на перадавой

06 августа 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Дзевяць гадоў таму маладыя  спецыялісты, выпускнікі ГрДМУ Іван і Анжаліка Паўлючык прыехалі па размеркаванні ў Турэцкую  амбулаторыю ўрача агульнай практыкі Карэліцкай ЦРБ. Маладая пара — гараджане: Анжаліка —  з Вільнюса, Іван — з Гродна. У абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства за мінулы год  іх амбулаторыя прызнана лепшай на Гродзеншчыне, а дактары за гэты час здабылі заслужаны аўтарытэт і павагу вяскоўцаў.

Карэспандэнты «МВ» сустрэліся з загадчыкам амбулаторыі, урачом агульнай практыкі Іванам Паўлючыкам і папрасілі распавесці пра поспехі і праблемы пярвічнага звяна. 

Іван Дамінікавіч, як пачынаўся ваш шлях у медыцыну?

Калі яшчэ вучыўся ў школе, з усіх прадметаў вылучаў біялогію. Шмат карыснага дала мне настаўніца Антаніна Альфрэдаўна Каспярэц. Пасля 9-га класа вучыўся ў ліцэі хіміка-біялагічнага профілю. Без асаблівых праблем паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Праходзілі інтэрнатуру ў Гродне на базе 2-й ГКБ. З удзячнасцю прыгадваю выкладчыкаў Валянціну Мікалаеўну Снітко і Віталя Іосіфавіча Шышко, якія вучылі нас удумліва чытаць кардыяграмы, пальпаторна выяўляць у пацыентаў пнеўматораксы і г. д. Яны не толькі давалі азы практычнай медыцыны, але і прапаноўвалі самастойна здабываць патрэбную інфармацыю: каб быць добрым спецыялістам, урач павінен пастаянна вучыцца.

У той час пазнаёміўся са сваёй аднакурсніцай і аднагрупніцай Анжалікай. Пакахалі адзін адного. Пабраліся шлюбам. А літаральна пасля здачы апошняга дзяржаўнага экзамена ў нас нарадзіўся першынец — сын Мікітка. З ім прыехалі на першае месца работы ў аграгарадок Турэц, які стаў для нас маленькай радзімай. Тут наш дом, дзе падрастае і дачушка Насця.

Што змянілася за гэты  час? Ці памятаеце, з чаго пачыналі?

Дзевяць гадоў таму была іншая карціна: два гады ў Турэцкай абулаторыі не было пастаянных урачоў. Людзі адвыклі ад медыцынскага кантролю. Пад патранажам амбулаторыі 28 населеных пунктаў з сярэднім радыусам абслугоўвання 12 кіламетраў. Тады тут пражывалі 2 911 чалавек (цяпер 2 148). На тэрыторыі было чатыры ФАПы (сёння тры). 

Пачыналі з выездаў і падворных абходаў. Актыўна выкарыстоўвалі стацыянарзамяшчальныя тэхналогіі для лячэння пацыентаў: дыспансерных, з рознай хранічнай паталогіяй, інвалідаў. Трэба сказаць, што састарэлыя — дысцыплінаваныя, матываваныя на лячэнне, а з асобамі працаздольнага ўзросту было цяжэй, даводзілася пастаянна трымаць на кантролі, нават упрошваць звярнуць увагу на стан уласнага здароўя.

Як выходзілі з няпростай  сітуацыі?

Узялі ў саюзнікі кіраўнікоў мясцовых гаспадарак, дзе працуюць 615 чалавек. Вынеслі пытанне на абмеркаванне райвыканкама і дабіліся «адзін раз на год у абавязковым парадку праходзіць медыцынскае абследванне». Нашы людзі ўжо прывыклі да гэтага, як і да таго, што ў кожнай хаце павінен быць танометр. Памятаю, у першы год працы высокі артэрыяльны ціск быў амаль у кожнага другога, і ніхто не мог пракантраляваць яго самастойна, бо пра танометры тады нават не чулі. 

Важна, каб пацыент быў матываваны на лячэнне. Як працуеце ў гэтым накірунку?

Даводзіцца шмат сустракацца з людзьмі, размаўляць, весці санітарна-асветніцкую работу не толькі ў амбулаторыі ці ФАПе, але і ў школе, мехдвары, на полі. Імкнуся даступна патлумачыць, чаму, скажам, лячэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі павінна быць пастаянным і якія небяспечныя ўскладненні могуць напаткаць таго, хто ігнаруе гэты працэс.

Асаблівы клопат урача  агульнай практыкі — мужчынскі кантынгент, які не вельмі любіць лячыцца. 

На жаль, такая праблема існуе. Мужчыны і жывуць меней, і часцей хварэюць на сардэчна-сасудзістую паталогiю. Асабліва небяспечны ўзрост — 55–65 гадоў, калі больш за ўсё інфарктаў і інсультаў з лятальным зыходам. Клічам на дапамогу жонак…

Урач агульнай практыкі павінен быць універсальным доктарам. Што дапамагае шліфаваць майстэрства?

Удзячны сваім выкладчыкам, што навучылі самастойна здабываць патрэбныя веды, а таксама галоўнаму ўрачу Карэліцкай ЦРБ Алене Майсак, якая пастаянна накіроўвае мяне на навуковыя семінары і канферэнцыі. Не так даўно быў на курсах у БелМАПА для спецыялістаў агульнай урачэбнай практыкі. Атрымаў вельмі шмат карыснай інфармацыі.

Іван Дамінікавіч, ваш працоўны дзень дужа насычаны. Як узнаўляеце сілы?

Праца ў амбулаторыі агульнай практыкі напружаная, як на фронце. А мы заўжды на перадавой. Урач, на маю думку, павінен адпачываць у цішыні.  Не так даўно ў мяне з’явілася  не зусім звыклае для доктара хобі — работа на дрэваапрацоўчым станку. Раблю палічкі, табурэткі, цяпер майструю альтанку. Гэта захапляе і супакойвае. А яшчэ вельмі падабаецца ціхае паляванне, калі на золку ідзеш з кошыкам у грыбы...

Дзейнасць амбулаторыі  ўрача агульнай практыкі — гэта работа каманды…

Безумоўна. Адзін нічога не зробіш. Вельмі ўдзячны ўсім, хто побач. Разам са мной працуюць цудоўныя людзі — у калектыве 10 чалавек. Мае надзейныя памочнікі — загадчыкі падведамасных ФАПаў, што знаходзяцца ў аграгарадку Ярэмічы, вёсках Скорычы і Пагарэлка: Марына Мельнікава, Алена Волчак і Таццяна Гецман. Разам з урачом агульнай практыкі праводзіць дыспансернае назіранне і вакцынацыю дзяцей медсястра агульнай практыкі Тамара Бусько, стаж работы якой у медыцыне 37 гадоў. 

У фізіятэрапеўтычным кабінеце працуе спецыяліст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі медсястра Ірына Бушма. Стаматалагічным кабінетам загадвае ўрач-стаматолаг Надзея Буко. У нас cвая лабараторыя з выцяжной шафай з прымусовай вентыляцыяй, тэрмастатам, цэнтрыфугай, экспрэс-аналізатарам мачы, гемакаагулометрам, якой загадвае фельчар-лабарант Наталля Крывіцкая. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу памочнік урача Яніна Кузняцова і старшая медсястра Тамара Бабарыка. І вядома, поруч са мной жонка і калега — урач агульнай практыкі Анжаліка  Францаўна.  


Комментировать


comments powered by HyperComments