Янка Маўр перамагае хваробы

23 мая 2018


Янка Маўр. 1953 г.
Янка Маўр. 1953 г.
11 мая споўнілася  135 год з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Янкі Маўра  (Івана Міхайлавіча Фёдарава). У літаратуру ён увайшоў сталым чалавекам, за плячыма якога быў вялікі вопыт настаўніка-псіхолага. Ён вельмі добра разумеў дзяцей і юнакоў,  бо і сам да глыбокай старасці (пражыў пісьменнік 88 гадоў) нагадваў хлапчука-свавольніка, быў вялікім выдумшчыкам. Нават псеўданім выбраў незвычайны —  Янка Маўр.

Творы ўласным прозвішчам Іван Фёдараў падпісваць не мог, бо ўжо быў адзін Іван Фёдараў — знакаміты рускі першадрукар. Пошукі псеўданіма аднялі многа часу. «І раптам, калі ён ужо страціў надзею падабраць псеўданім, — пісаў пісьменнік Пятро Рунец, — яму прыгадалася ходкая шылераўская фраза: “Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці”... І ён міжвольна паўтарыў гэтую фразу ўголас, потым другі і трэці раз адно толькі слова “маўр”. Слова “маўр” у яго выразным вымаўленні загучала ярка, прыгожа, мнагазначна і, што самае важнае, таямніча». Але імя Іван не стасавалася с прозвішчам Маўр, а вось Янка Маўр гучала меладычна і прыгожа. Гэта ні на чыё іншае ў беларускай літаратуры не падобнае імя мела дзіўную прыцягальную сілу, а творы пісьменніка здзіўлялі сваім нетутэйшым зместам. Першыя кнігі Маўра былі пра далёкія краіны: Новая Гвінея («У краіне райскай птушкі»), Інданезія («Амок»), Вогненная Зямля («Сын вады»), Кітай («У цясніне»), Цэйлон («Слёзы Тубі»), Італія («Лацароні», «Цётка Эмілія»). Кожнаму, хто чытаў кнігі Янкі Маўра, уяўлялася, што піша іх славуты вандроўнік. Але Янка Маўр ніколі не плаваў па Ціхім акіяне, ніколі не вандраваў па тых далёкіх краях, якія ён апісваў так дакладна і падрабязна, ён проста быў таленавітым настаўнікам гісторыі і геаграфіі.

Янка Маўр прыйшоў у дзіцячую літаратуру і як першаадкрывальнік новых жанраў, напрыклад навукова-папулярнага (аповесць «Чалавек ідзе»). Яго «экзатычныя» творы («У краіне райскай птушкі», «Амок», «Сын вады») і славутыя «Палескія рабінзоны» (пра хараство і багацце беларускага Палесся, мужнасць і адвагу яго жыхароў) бліскуча напісаны ў прыгодніцкім жанры. Янка Маўр таксама лічыцца пачынальнікам беларускай навукова-фантастычнай літаратуры для дзяцей. Да фантастычнага жанру належаць творы «Вандраванне па зорках» (1927), «Аповесць будучых дзён» (1932), «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1955). 
 
Нарадзіўся Іван Фёдараў у 1883 годзе ў латвійскім горадзе Лібава (цяпер Ліепая), куды ў пошуках лепшай долі накіраваўся яго бацька — беззямельны беларускі селянін, былы салдат руска-турэцкай вайны. Лёс не быў літасцівы да будучага пісьменніка. Бацька памёр вельмі рана, яны з маці мусілі вярнуцца ў родную вёску Лебянішкі. Там і прайшлі дзіцячыя гады хлопца.

Шмат разоў у сваім жыцці Янка Маўр змагаўся з цяжкімі хваробамі, але выходзіў пераможцам. У аўтабіяграфічнай аповесці «Шлях з цемры» ён прыгадвае эпізод з дзяцінства: «Мяне загортваюць у тоўстую коўдру так, што я і свету Божага не бачу. Потым адчуваю, што мяне нясуць. А потым пачалося нешта зусім незразумелае: штуршкі, шум... А потым — нічога. Такім чынам я ехаў у бальніцу. Я захварэў на воспу, маці панесла мяне ў бальніцу. А да бальніцы была не адна вярста, сілы не хапіла. Маці паклала мяне на замерзлую зямлю і павалакла. Так я і пад’ехаў да бальніцы. 

Там было многа жанчын з такімі ж самымі дзецьмі. Засталася і пры мне маці. Пазней яна перад усімі хвалілася, што, нягледзячы на лячэнне дактароў, яна ўсё ж такі выратавала мяне. Асноўнае лячэнне было — кампрэсы. І вось аднаго разу маці бачыла, як у суседняга дзіцяці знялі з твару кампрэс, а разам з ім выкаціліся і вочы. Тады мая маці стала здымаць з мяне кампрэс, як толькі доктар адыходзіў, і клала зноў перад яго  прыходам».
Будучы пісьменнік выжыў, але сляды цяжкай хваробы на ўсё жыццё засталіся на яго твары...

У хуткім часе лёс рыхтуе новае выпрабаванне — укус шалёнага сабакі. «Паглядзеў я на сваю руку, — пісаў Янка Маўр, — а на ёй чатыры крывавыя знакі ад зубоў. Баліць, пячэ — хоць ты плач». Маці перавязала сыну руку, боль патроху сціх. Праз гадзіну па вёсцы пайшла гаворка, што той самы шалёны сабака пакусаў дзяўчынку. «Прайшоў дзень ці два, раптам чуем — Волька ашалела! А яшчэ праз колькі часу памерла... Значыцца, зараз і я павінен ашалець і памерці! Што рабілася з маёй маткаю, апісаць немагчыма. Плакала і малілася яна дзень і ноч і ўсё глядзела на мяне: ці не пачынаецца ўжо? Мінуў дзень, другі, трэці, а я, здаецца, здаровы. Разумныя людзі тлумачылі, што калі цяпер нічога не здарылася, то трэба чакаць дванаццаты дзень... Мінула два тыдні. Я не ашалеў і не памёр... За гэты час мне ўспомнілася адна дробязь, якая акурат і была рашаючай ва ўсёй гэтай трагедыі. Адагнаўшы сабаку, я не ведаў што рабіць ад болю. Тут я ўбачыў на прызбе цэбар з “луга” — вада з попелам для бялізны. Я ўзяў ды папаласкаў руку. Тады мне так запякло, што я закрычаў куды больш, як ад укусу. А потым стала лягчэй». Напэўна тое, што Янка Маўр выпадкова прамыў рану ў вадзе са шчолакам, выратавала яму жыццё.

Яшчэ адна цяжкая хвароба выпала на долю Янкі Маўра ўжо ў шасцідзесяцігадовым узросце — вадзянка. Аб гэтым успамінае дачка пісьменніка Наталля Міцкевіч у кнізе «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа»:  «У канцы 1943 года ў Маскву прыехаў бацька. Жыццё ў Алма-Аце і ў высакагорным пасёлку Алма-Арсан падкасіла яго здароўе, і ў хуткім часе ён цяжка захварэў. Яго паклалі ў бальніцу з дыягназам — вадзянка на аснове дэкампенсацыі сэрца. У палаце з такім жа дыягназам знаходзілася восем чалавек. Яны паміралі адзін за адным. Атмасфера смерці моцна ціснула на псіхіку бацькі. Звычайна аптымістычны, цікаўны да ўсяго, што адбывалася на свеце, ён рабіўся абыякавым да навакольнага жыцця. Нішто яго ўжо не цікавіла... Стан бацькі пагаршаўся з кожным днём, і доктар выклікаў Федзю (старэйшага сына пісьменніка. — В. М.) і прапанаваў забраць старога дахаты, каб ён свае апошнія дні праводзіў не на бальнічным ложку, а ў коле родных. На яго выздараўленне дактары не спадзяваліся. I Федзя забраў бацьку на Сходню (чыгуначная станцыя пад Масквой. — В. М.), дзе яго ўжо чакала маці. Наглядаць за хворым бацькам стаў адмысловы доктар, прыхільнік выратавання сродкамі народнай медыцыны. Ён наказаў лячыць ад вадзянкі настоем травы мядзведжае вушка і кожны дзень з’ядаць па кілаграму сцёртай салодкай рэдзькі-турнэпса, а таксама спажываць пчаліны мёд. Калі ў хворага збіралася шмат вадкасці, яму калолі меркузал. 

Патроху бацька стаў папраўляцца, зноў абудзілася цікавасць да навакольных падзей, да станові- шча на франтах вайны. Цяжкія думкі пра смерць адступалі, прыйшлі былыя мары аб вяртанні на родную зямлю. I ён стаў спадзявацца на скоры пераезд у вызваленую Беларусь».

Летам 1944 года, калі Мінск быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў, Янка Маўр у ліку першых сярод пісьменнікаў вярнуўся ў родныя мясціны. Тэма Вялікай Айчыннай вайны становіцца адной з галоўных у яго апавяданнях «Завошта?» (1945), «Дом пры дарозе» (1945), «Максімка» (1948), «Запіска» (1950) і інш. З гэтай тэмай звязаны і незавершаныя рукапісныя творы «На краю света», «Дзяўчына-маці». 

Вайна засталася болем у сэрцы пісьменніка. Відаць, таму Янка Маўр узяўся за цяжкую працу па падрыхтоўцы драматычнай кнігі «Ніколі не забудзем» — успамінаў беларускіх дзяцей, удзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Амаль два гады (1946–1948) Янка Маўр разам з Пятром Рунцом займаўся зборам і рэдагаваннем матэрыялаў. Прадмову да гэтай кнігі напісаў сват Янкі Маўра Якуб Колас.

Янка Маўр вельмі перажываў, што пабачыць Мінск, адноўлены пасля вайны, яму не давядзецца — катаракта на абодва вокі, такі дыя- гназ паставіла вядомы афтальмолаг Таццяна Васільеўна Бірыч.  Яна папярэдзіла, што спыніць развіццё немагчыма, трэба чакаць поўнай страты зроку, каб зрабіць аперацыю. 
«Некалькі год таму, — адзначаў пісьменнік Васіль Вітка, — Маўра была пасцігла вялікая бяда. Ён пачаў слепнуць. Усе мы з болем у душы бачылі, як з кожным днём траціцца яго зрок. Без праважатага ён ужо не мог перайсці вуліцу, а сваіх знаёмых пазнаваў толькі па голасе. Мы са страхам думалі аб яго няшчасці. І толькі сам ён спакойна кожнаму тлумачыў, што поўная слепата ўратуе яму зрок. Упэўненасць, з якой гэта гаварылася, не дапускала ніякіх пярэчанняў. Будучы зусім сляпым, ён ні на хвіліну не паддаваўся адзіноце. Як і раней, мы бачылі яго і на сходах, і на творчых сустрэчах. Ён адчуваў сябе патрэбным сваім сябрам, якія заўсёды былі рады свайму старэйшаму таварышу і настаўніку. Маўрава вытрымка і ўпэўненасць перамаглі і на гэты раз».

У 1951 годзе Янка Маўр адпачываў на лецішчы ў свайго сябра Аляксандра Міронава. «Мне прыгадаўся выпадак, — пісаў Аляксандр Міронаў, — які адбыўся на беразе мора ў Крыму, у невялікім пасёлку, дзе Янка Маўр працаваў над сваёй новай аўтабіяграфічнай аповесцю “Шлях з цемры”. На прыморскім пляжы сабралася многа адпачываючых. Людзі купаліся, загаралі, і раптам пранёсся шматгалосы трывожны крык: “Ратуйце! Топіцца!”

Як часта бывае ў такія хвіліны, усе разгубіліся. І раптам з натоўпу імкліва вырваўся і кінуўся ў мора загарэлы чалавек з сівою галавою. Ён адразу нырнуў і толькі праз некаторы час з’явіўся зноў — плыў да берага з маленькай дзяўчынкай на руках».

Так сляпы Янка Маўр, якому ў той час было каля 70, выратаваў жыццё дзіцяці. У Беларускім дзяржаўным музеі беларускай літаратуры захоўваецца здымак гэтай дзяўчынкі з надпісам: «Янко Мавру! Дорогому дедушке от спасенной им Наташи Чуркиной. 19.VII.1951».


Наталля Чуркіна, якую выратаваў Янка Маўр на моры, Планерскае, 1951 г.

Зусім сляпы Янка Маўр працягваў працаваць над новымі творамі — дыктаваў тэксты, рыхтаваў да выдання кнігі, выпраўляў ранейшыя рукапісы, аўтарызаваў пераклады. Таленавітыя ўрачы Таццяна Бірыч і Марыя Залатарова вярнулі Маўру зрок і магчымасць працаваць за пісьмовым сталом. Пасля аперацыі пісьменнік з яшчэ большай энергіяй узяўся за творчую справу.

Янка Маўр да апошніх дзён захапляўся незвычайнымі фактамі. Так, аднойчы зацікавіўся даўнім метадам вылечвання ад эпілепсіі, пра што яму расказаў Аляксандр Міронаў. Хвораму патрэбна было выкарыстоўваць у ежу парашок, зроблены з костачак, што знаходзяцца за вушамі ў малочных парасят. Прыём парашку павінен быць строга ўзгодненым з датаю нараджэння і фазамі месяца. 

Малодшая дачка Янкі Маўра Наталля Міцкевіч успамінала: «Ролі па- дзялілі так: маці рыхтавала парашкі, бацька разлічваў графік прыёму, а Міронаў звязваўся з хворымі і вёў падлік вынікаў лячэння, адпаведна абапіраючыся на медыцынскія даведкі аб стане захворвання і выздараўлення. Калі ж пацыентаў набралася каля сотні, ён падлічыў, што гэтыя парашкі дапамаглі працэнтам васьмідзесяці. Не паддаваліся лячэнню тыя, у каго застарэлыя захвораванні. Міронаў палічыў, што атрыманых вынікаў дастаткова, каб звярнуцца ў міністэрства. Ён хацеў, каб сабралі аўтарытэтную камісію, якая б раза- бралася ва ўсім, і каб пры станоўчых выніках яму выдалі патэнт на лячэнне эпілепсіі. Як вядома, савецкая медыцына адносілася адмоўна да народных метадаў, нават правераных стагоддзямі. Даведаўшыся, што ў Міронава няма медыцынскай адукацыі, яму забаранілі займацца лячэннем. Зварот у саюзнае міністэрства аховы здароўя таксама скончыўся нічым. Тады Міронаў угаварыў свайго сына Сяргея паступіць у медінстытут, атрымаць адпаведную адукацыю і прадоўжыць пачатую работу. Але Сярожа не меў схільнасцей да медыцыны і, правучыўшыся тры гады, кінуў вучобу. Так бясслаўна закончыўся гэты эксперымент».

...І яшчэ адзін цікавы выпадак звязаны з Аляксандрам Міронавым. Праз некаторы час пасля аперацыі на вачах  да Янкі Маўра завітаў Міронаў — даведацца  пра здароўе. Пісьменнік зноў пачаў бачыць,  але сказаў, што зрок павінен вярнуцца праз месяц-другі (прыдумаў новы жарт для сябра). Ён прапанаваў Міронаву правесці сеанс спірытызму. Наталля Міцкевіч у кнізе ўспамінаў пісала: «Саша страшэнна здзівіўся, але, ведаючы характар Маўра, не стаў супярэчыць. Бацька папрасіў яго дастаць з шуфляды стала вялікі ліст паперы з напісанымі па кругу літарамі алфавіта, і яны пайшлі да Міронава, які асцярожна вёў свайго настаўніка пад руку, упэўнены ў тым, што вядзе сляпога.

Калі ж прыйшлі на кватэру да Міронава, бацька папрасіў разгарнуць ліст на століку, а Валю, ягоную жонку, папрасіў прынесці сподак. На ім намеціў рыску і, усадзіўшы насупраць сябе гаспадара, запытаў: “Чый дух будзем выклікаць? Давай Льва Талстога, запытаем яго, хто сядзіць насупраць мяне”. Абодва дакрануліся пальцамі да сподачка,  і ён раптам закруціўся, прыпыняючыся каля пэўных літар. З расшыфроўкі іх паслядоўнасці складаюцца словы. У сваёй кнізе “Дед Мавр” Міронаў адзначыў, што сподак прыпыніўся на літарах, якія ўтварылі слова “хлюпік”. А мне памятаецца, як бацька, расказваючы аб сваім жарце, называў слова “дурань”... На гэтым сеанс закончыўся, а Міронаў не мог уцяміць, як такое магло адбыцца: Янка Маўр нічога не бачыць! Дык хто круціў сподак? Тады бацька падышоў да Сашы і сказаў: “Ну, “дурань”, цяпер ты верыш, што я бачу?” І абодва весела рассмяяліся». Аляксандр Міронаў не пакрыўдзіўся і наведваў свайго сябра і найдалей.




Васіліна Міцкевіч,  кандыдат сацыялагічных навук, праўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа.



Комментировать


comments powered by HyperComments