Наталля Сухенка. Тэст на поспех: 100 балаў

04 июля 2017

Автор(ы):
Светлана Хорсун


Фота з уласнага архіва Н. Сухенка.
Фота з уласнага архіва Н. Сухенка.
У загадчыцы паліклінікі Астравецкай ЦРБ Наталлі Сухенка не было ў сям’і медыкаў: бацька — механік, маці — бухгалтар. Скончыла сярэднюю школу № 1 у Хойніках, планавала пайсці ў педагогі ці эканамісты, але аднойчы прачытала ў газеце інфармацыю пра тое, што ў Гомелі адкрываецца медінстытут. І раптам прыгадала вынікі прафарыентацыйнага тэставання дзевяцікласнікаў, дзе ёй рэкамендавалася падацца ў медыцыну альбо заняцца грамадскай работай.

Той тэст дзяўчына ўспрыняла як знак лёсу.

— Відаць, прафарыентацыйнае тэставанне было праведзена насамрэч прафесійна, бо я ніколі не шкадавала пра свой выбар, — усміхаецца Наталля Уладзіміраўна.

Гомельскі медінстытут скончыла ў 1997 годзе, інтэрнатуру праходзіла ў абласным тэрытарыяльна-медыцынскім аб’яднанні № 1. 

— На той момант гэта была адна з самых перадавых устаноў аховы здароў’я на Гомельшчыне, — узгадвае яна. — Там ужо ўводзіліся ва ўжытак камп’ютэрныя медыцынскія праграмы. 

Наталля Сухенка пачынала прафесійны шлях урача-тэрапеўта ў Астравецкім раёне ў 1998 годзе.

— У гэты рэгіён давялося пераехаць пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Спачатку сумавала па родных мясцінах, але паступова палюбіла гэты куточак Беларусі. У мяне тады быў шосты тэрапеўтычны ўчастак, на якім адпрацавала 17 гадоў.

У зоне абслугоўвання — 22 населеныя пункты, дзе пражывалі 1 756 чалавек. Былі і аддаленыя хутары, куды зімой з цяжкасцю дабіраліся на медыцынскім транспарце. Часта даводзілася ісці пешшу і па снежных сумётах, і па бруднай вадзе. Былі ў мяне і цёплыя боты без абцасаў, і боты-гумовікі, амаль як у гераіні любімага мультфільма пра ката Матроскіна — канцэртныя валёнкі і ватоўка… Трэба было спяшацца да пацыентаў у любое надвор’е… 

У 2003 годзе паступіла ў клінічную ардынатуру БелМАПА. На чале кафедры тэрапіі, герыятрыі і геранталогіі стаяў тады доктар мед. навук, прафесар Уладзімір Сыты — не толькі цудоўны выкладчык, але і вельмі сардэчны чалавек, які заўжды мог даць слушную параду... Сёння Астравецкая ЦРБ — сучасная медыцынская ўстанова, якой кіруе ўжо больш як 30 гадоў вопытны і мудры чалавек Валянцін Тачоны, працаваць з якім вельмі камфортна. 

Адно са структурных падраздзяленняў бальніцы — наша паліклініка, разлічаная на 247 наведванняў за змену. Яна месціцца на двух паверхах чатырохпавярховага будынка. У паліклініцы працуюць 107 чалавек, усе спецыялісты забяспечаныя камп’ютэрнай тэхнікай. Укаранілі электронную амбулаторную карту. Функцыянуе сістэма тэлемедыцынскага кансультавання. Пад нашай апекай больш як 10 тысяч пацыентаў, ды яшчэ 5 тысяч тых, хто прыехаў будаваць АЭС.

Наталля Сухенка мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Сумяшчае адміністрацыйную работу з практыкай у тэрапеўтычным аддзяленні. З’яўляецца сакратаром савета по дэмаграфiчнай бяспецы Астравецкага райвыканкама. Маці дваіх дзяцей: дачкі Вікторыі, якая ўжо скончыла 2 курсы Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, і шасцікласніка Іллі. А яшчэ яна салістка фальклорнай групы «Астраўчанка», якую ведаюць не толькі ў рэгіёне. Любіць падарожжы: пабывала ў Чэхіі, Балгарыі, Грэцыі, Арабскіх Эміратах… 

— Вельмі ўдзячная мужу Вадзіму, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Ён мяне ва ўсім падтрымлівае. Калі трэба было скончыць клінічную ардынатуру, мы з ім па чарзе былі ў дэкрэтным адпачынку і даглядалі маленькага сына. Вадзім працуе на будаўніцтве АЭС. Я пастаянна адчуваю яго моцнае мужчынскае плячо — для жанчыны, пагадзіцеся, такая падтрымка неабходная. 

Шчыра ўдзячная калегам, з якімі працуем побач. Высокую ацэнку маёй сціплай працы — перамогу ў рэспубліканскім конкурсе «Урач года», дзе я стала лаўрэатам 1-й ступені ў намінацыі «Урач-тэрапеўт» — лічу нашым агульным здабыткам. 


Комментировать


comments powered by HyperComments