Анкета

Незвычайныя гісторыі звычайнага нейрахірурга

24 сентября 2018

Автор(ы):
Анжелика Савченко


Фота аўтара.
Фота аўтара.
Урач-нейрахірург нейрахірургічнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Канстанцін Смятанін атрымаў спецыяльную прэмію Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне» ў намінацыі «Ахова здароўя». Па словах Канстанціна Васільевіча, гэта ўзнагарода — добры стымул для далейшай працы.

Асаблівая гордасць Канстанціна Смятаніна — сямейная дынастыя. Дзядулю ў 1941 годзе прызвалі на фронт санінструктарам. Ён быў цяжка паранены, але дайшоў да Берліна, атрымаў медаль «За адвагу». Пасля вайны скончыў медінстытут, працаваў урачом-інфекцыяністам. Бабуля ўсё жыццё была педыятрам. Бацька, таксама інфекцыяніст, быў загадчыкам аддзялення Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы. Цётка працавала ў шпіталях Чарнаморскага флоту, зараз урач функцыянальнай дыягностыкі  ў Санкт-Пецярбургу. Адзін дзядзька — рэнтгенолаг, другі — нейрахірург. І як тут не стаць урачом? Сам лёс наканаваў.

Магчымасці  абласных  спецыялістаў 

12 гадоў таму намеснік дырэктара БелНДІ траўматалогіі і артапедыі Сяргей Зарэцкі па санавіяцыі прыбыў у Магілёўскую ГБХМД. За адзін выклік ён выканаў чатыры аперацыі на пазваночніку — паставіў своеасаблівы рэкорд. А пасля сказаў магілёўскім нейрахірургам, што час самім дапамагаць пацыентам з траўмамі пазваночніка і спіннога мозгу. Нейрахірургічнае аддзяленне было, не хапала спецыяліста. 

На стажыроўку ў БелНДІ траўматалогіі і артапедыі запрасілі Канстанціна Смятаніна. Апрача Сяргея Зарэцкага вучыўся ў Сяргея Макарэвіча, Анатолія Пятрэнкі, Дзмітрыя  Сацкевіча, Андрэя Мазурэнкі, Андрэя Бабкіна, Кірыла Пуставойтава, Сяргея Юрчанкі, Аляксандра Кандыбы, Паўла Бобрыка…  Пасля была вучоба ў клінічнай ардынатуры БелМАПА пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя  Шанько. 

У 2010 годзе Канстанцін Смятанін правёў першую самастойную аперацыю. У пацыента быў вывіх сёмага шыйнага пазванка, ускладнены пашкоджаннем спіннога мозгу з грубай неўралагічнай сімптаматыкай. Аперацыя прайшла паспяхова, сёння пацыент ходзіць. Наперадзе — шматгадовая агульная з калегамі з нейрахірургічнага аддзялення праца па ўкараненні сучасных хірургічных тэхналогій па вертэбралогіі. Гэта дэкампрэсійна-стабілізуючыя аперацыі на пазваночніку з выкарыстаннем тытанавых імплантатаў, пласцін, транспедыкулярных фіксатараў, Halo-апаратны метад. 

Сёння аперацыі на пазваночніку і спінным мозгу пастаўлены на паток: штогод выконваецца 30–40 падобных хірургічных умяшанняў. Дарэчы, праца па ўдасканаленні аперацый працягваецца. Спецыялісты, напрыклад, плануюць уводзіць у практыку распрацоўкі РНПЦ траўматалогіі і артапедыі па лячэнні дэгенератыўна-дыстрафічных захворванняў пазваночніка. Цесна супрацоўнічаюць з РНПЦ неўралогіі і  нейрахірургіі.

Аддзяленне  па апошнім  слове тэхнікі 

На сучасным этапе нейрахірургічнае аддзяленне Магілёўскай ГБХМД тэхнічна добра аснашчанае. У аперацыйнай актуальны на сёння мікрахірургічны інструментарый, ультрагукавы дысектар. Імплантатаў хапае. Аперацыі праводзяцца пад аптычным павелічэннем. Ёсць ангіяграфічны кабінет, дзе выконваюцца эндаваскулярныя ўмяшанні пры сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу. Плануецца ўстаноўка аперацыйнага мікраскопа. Гэта палепшыць якасць хірургічных умяшанняў пры пухлінах галаўнога і спіннога мозгу, сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, дэгенератыўна- дыстрафічных захворваннях пазваночніка. У бальніцы працуе сучасны камп’ютарны тамограф, плануецца ўстаноўка апарата МРТ. Словам, існуюць усе неабходныя ўмовы, каб своечасова правесці аперацыю на месцы. 

У аддзяленне шпіталізуюцца пацыенты для планавага ўмяшання з дэгенератыўна-дыстрафічнымі захворваннямі пазваночніка (грыжай міжпазваночных дыскаў, стэнозам пазваночнага канала), пухлінамі галаўнога і спіннога мозгу, сасудзістымі захворваннямі галаўнога мозгу, наступствамі траўм галаўнога і спіннога мозгу, гідрацэфаліяй, экстранныя пацыенты з ЧМТ і траўмамі пазваночніка. 

Дапамогу аказваюць нейрахірургі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзялення Яўгена Ананчанкі. «Урач з вялікай літары, цудоўны кіраўнік і высакакласны хірург», — кажа пра яго Канстанцін Смятанін. Калегі заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. У складаных выпадках, бывае, «зрываюцца» і ўначы, і ў выхадны, і ў час адпачынку.

Дапамагаюць  вопыт  і планаванне  

Асабіста Канстанцін Смятанін робіць каля 100 планавых аперацый на год. Вопыт і дакладнае перадаперацыйнае планаванне дапамаглі спецыялісту скараціць працягласць хірургічных умяшанняў больш як у 2 разы. Да таго ж, бываюць экстранныя аперацыі, а таксама выклікі ў раённыя бальніцы. Дарэчы,  адзін з іх урач называе шчаслівым выпадкам. 

Малады чалавек паступіў з падазрэннем на ўнутрычарапную гематому. Яго знайшлі на вуліцы са слядамі траўмы на галаве. 

Рэнтгенаграма паказала пералом чэрапа. Мужчына страціў прытомнасць. Канстанцін Смятанін пазнаў пацыента. Год таму той знаходзіўся ў нейрахірургічным аддзяленні Магілёўскай ГБХМД з цяжкай ЧМТ. Пералом, дыягнаставаны рэнтгенаграмай, аказаўся «старым». Гэта пазбавіла пацыента ад трэ- панацыі чэрапа, да якой рыхтаваліся хірургі. Спецыялісты зрабілі люмбальную пункцыю і дыягнаставалі гнойны менінгіт, як позняе ўскладненне перанесенай адкрытай ЧМТ з пераломам зводу і асновы чэрапа. Пацыенту назначылі адпаведнае лячэнне, затым планава пра- аперыравалі па прычыне назаль- най лікварэі. 

Залог папраўкі хворага — не толькі паспяховая аперацыя. Вельмі важна яшчэ настроіць пацыента на станоўчы эфект, на пазітыў. Канстанцін Смятанін расказвае нядаўні выпадак. 20-гадовы хлопец нырнуў у вадаём і зламаў 2 шыйныя пазванкі. У выніку ў яго развіўся верхні грубы парэз і ніжняя параплегія. Пацыент быў экстранна прааперыраваны. Нейрахірург, каб ліквідаваць дэфармацыю пазванкоў і вызваліць спінны мозг, субтатальна рэзецыраваў целы абодвух пашкоджаных пазванкоў, устанавіў тытанавы імлантат і зафіксаваў доўгай пласцінай. Траўма была складаная, але аперацыя прайшла паспяхова. Наперадзе — рэабілітацыя. Ён тады сказаў хвораму: «Збяры волю ў кулак! Жалезныя нервы і пастаянныя трэніроўкі!» Праз паўгода пацыент прыйшоў паказаць урачу кантрольныя здымкі — прыйшоў  на сваіх нагах, чым вельмі здзівіў доктара. Пры высокіх пашкоджаннях спіннога мозга такое бывае нячаста. 

— Вось што значыць настроіць пацыента на папраўку, — усміхаецца Канстанцін Васільевіч. 

Шлях да прафесіі

Нейрахірургам Канстанцін Смятанін стаў дзякуючы інстытуцкаму выкладчыку, асістэнту кафедры неўралогіі і нейрахірургіі ГДМІ, урачу-нейрахірургу Алесю Аляшкевічу. Малады, пазітыўны, разумны, ён зацікавіў прафесіяй многіх студэнтаў. З 4-га курса Канстанцін Васільевіч пачаў хадзіць на дзяжурствы ў нейрахірургічнае аддзяленне Гомельскай абласной клінічнай бальніцы. 

— Нейрахірургамі становяцца, а не выпускаюцца з універсітэта. Гэта доўгі працэс, цяжкая праца на працягу некалькіх гадоў, калі трэба набрацца вопыту. Я заставаўся пасля працы, хадзіў у аперацыйныя. А інтэрнам літаральна жыў у бальніцы. І зараз пастаянна вучуся, удзельнічаю ў канферэнцыях, семінарах, дзялюся ўласным вопытам. Будучыя хірургі павінны быць гатовыя да самаахвяравання і ненарміраванага працоўнага дня, — упэўнены Канстанцін Смятанін. 

Пасля ўніверсітэта ён прахо- дзіў інтэрнатуру ў Магілёўскай  ГБХМД, дзе і застаўся працаваць. Тагачасны загадчык нейрахірургічнага аддзялення Юрый Канавалаў і натхніў Канстанціна Смятаніна заняцца хірургіяй пазваночніка. Суразмоўца ўспамінае адно з першых самастойных хірургічных умяшанняў па прычыне эпідуральнай гематомы. 

Аперацыйная. За спінай — настаўнік Юрый Канавалаў. Адразу пасля трэпанацыі чэрапа маладому ўрачу біпалярным пінцэтам удаецца самастойна «злавіць» сасуд, які кроватачыў. І далей усё пайшло гладка. Пасля гэтай аперацыі Юрый Аляксеевіч сказаў вучню: «Цяпер цябе можна ставіць і на дзяжурствы па санавіяцыі». 

…Размова набліжаецца да канца. Канстанцін Смятанін спяшаецца на тэрміновую аперацыю. Нейрахірурга чакае пацыент, які пацярпеў у ДТЗ і атрымаў пераломавывіх 11–12 пазванкоў груднога аддзела пазваночніка з пашкоджаннем спіннога мозгу з ніжнім парапарэзам. Плануецца ўмяшанне з задняга доступу — адкрытая рэпазіцыя, дэкампрэсія спіннога мозгу, ТПФ. 

Адпачыць перад аперацыяй не ўдаецца. А так урач аднаўляе сілы ў аграгарадку Буйнічы, дзе жыве, любіць актыўны адпачынак,  рыбалку. 

— Горад забірае сілы, — прызнаецца Канстанцін Васільевіч. — А на прыродзе заўважаеш шмат прыемных момантаў: як зелянее трава, распускаюцца кветкі... Я прырос каранямі да сваёй малой радзімы. 



Комментировать


comments powered by HyperComments