Пацыенты сваёй Дзям’янаўне давяраюць

24 августа 2018


— Веласіпед — вось мая машына хуткай дапамогі, — усміхаецца загадчыца Беладубраўскага фельчарска-акушэрскага пункта Касцюковіцкай ЦРБ Надзея Лапчанка. 

На гэтай «машыне» яна едзе і на працу. ФАП размясціўся ў самым цэнтры, побач з сельскім саветам, поштай, крамай…

Усе ўмовы ёсць

Невялічкі будынак спецыяльна ўзвялі некалькі гадоў таму, калі добраўпарадкоўвалі аграгарадок. Сёння на ФАПе створаны ўсе ўмовы — сучасны рамонт, абсталяванне, асобны кабінет для агляду жанчын, кабінет прыёму пацыентаў, працэдурны і кабінет здаровага дзіцяці. 

































«Фельчар павінен быць спецыялістам ва ўсім патроху», — упэўнена Надзея Дзям’янаўна, якая і сама з’яўляецца такім універсалам. Верная памочніца — санітарка Таццяна Давыдзенка, якая падтрымлівае парадак і наводзіць чысціню. Раз на тыдзень на ФАПе прымае тэрапеўт з горада, часам прыязджаюць вузкія спецыялісты. Словам, у вяскоўцаў ёсць усе ўмовы, каб лячыцца на месцы. 

Фельчар паказвае кабінеты: чыстыя, светлыя, абсталяваны, як трэба. Так, у кабінеце здаровага дзіцяці стаяць вагі, растамер, спавівальны столік, шафа з медыцынскімі дапаможнікамі. Тут, сярод кніг, фельчар захоўвае свае граматы і дыпломы, а іх у яе нямала. Па выніках працы загадчыца неаднаразова станавілася лепшай у раёне. А на абласным аглядзе-конкурсе 2014 года Беладубраўскі ФАП атрымаў трэцяе месца.

— Трэба адпавядаць, — кажа пра ўзнагароды субяседніца. — Імкнуся выконваць паказчыкі па флюараграфіі, каб хаця б 97 % вяскоўцаў прайшлі гэта абследаванне. 

Нумар хуткай дапамогі

Асаблівая ўвага — агляду жанчын, будучых маці, бо ад іх стану залежыць здароўе іх дзяцей. 

Надзея Лапчанка настойвае, каб людзі абавязкова раз на год праходзілі медыцынскае абследаванне. Каб добра сябе адчуваць, рэкамендуе весці здаровы лад жыцця, з дзяцінства развіваць навыкі гігіены і абавязкова займацца фізічнай працай. Дарэчы, на вёсцы з апошняй праблем быць не можа: людзі трымаюць гаспадарку, агароды. Надзея Лапчанка дакладна гэта ведае, бо сама вясковая — з суседніх Клеявіч. У Белую Дуброву трапіла адразу пасля медвучылішча. Некалькі гадоў падмяняла фельчара, якая была ў дэкрэтным адпачынку. Затым 5 гадоў працавала ў горадзе на хуткай дапамозе. Пасля лёс зноў вярнуў яе на ФАП у Белую Дуброву. З 1988 года і па сёння робіць тут, хаця ўжо год, як на пенсіі. 

Праца, як кажа Надзея Дзям’янаўна, і адказная, і цікавая. Больш за ўсё падабаюцца пастаянныя стасункі з людзьмі. Дапамагаць ім хацелася з дзяцінства, таму і пайшла ў прафесію. Любоў да медыцыны перадала малодшай дачцэ Наталлі, якая працуе рэнтгеналабарантам.

З 8 гадзін раніцы пачынаецца прыём пацыентаў, які працягваецца да паловы дванаццатай. Затым, калі хворых больш няма, Надзея Дзям’янаўна на сваёй «машыне» спяшаецца на выклікі. Увогуле на вёсцы работа фельчара кругласутачная. А нумар яе тэлефона ёсць ва ўсіх жанчын з дзецьмі, каб пры неабходнасці маглі звярнуцца ў любы час. Дарэчы, зараз на ўліку Надзеі Дзям’янаўны 6 малых да года — іх наведвае раз на тыдзень. Дзяцей да 3 гадоў — раз на месяц. Прышчэпкі робяць у бальніцы, абавязкова аглядае педыятр. На актыўным патранажы адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне.

Рэгулярна наведвае школу, садок, сочыць за харчаваннем дзяцей, праводзіць медыцынскія агляды, расказвае пра здаровы лад жыцця. Перыядычна ездзіць у некаторыя вёскі чарнобыльскай зоны — возіць медыкаменты. 

Словам, кола абавязкаў у вясковага фельчара вельмі шырокае. Да таго ж Надзея Лапчанка яшчэ і дэпутат сельскага Савета дэпутатаў: шмат гадоў дапамагае аднавяскоўцам вырашаць пытанні побыту. 

Лепшая — побач

Участак фельчара акрамя аграгарадка Белая Дуброва ахоплівае яшчэ Калодліва, Бароўку і Клеявічы. Гэта 640 чалавек, 132 — дзеці. Радыус абслугоўвання 5–7 кіламетраў. Дарэчы, на далёкія вёскі раённая бальніца дае транспарт. 

У дзень ФАП наведваюць чалавек 15: прыходзяць на прыём, працэдуры, па лекі ў аптэчны пункт. Часцей за ўсё пацыентаў непакояць гіпертэнзія, хваробы апорна-рухальнага апарату, у адпаведны сезон часта звяртаюцца з прастудай. 

Людзі спяшаюцца сюды з самага ранку. Ужо ў 8:15 заходзіць маладая жанчына — бачна, што прастуджаная, просіць сродак ад кашлю. Пасля дзевяці праца кіпіць: пацыенты ідуць адзін за адным. У ранішні час у пункт наведваюцца ў асноўным на працэдуры. І ў кожнага Надзея Дзям’янаўна абавязкова спытае, як самаадчуванне, нагадае, каб не забывалі прымаць лекі, параіць нешта новае.

— Лепш ніхто не палечыць, як свой фельчар. На месцы, нікуды ехаць не трэба. І парэкамендуе ўсё. Мы ёй давяраем, нашай Дзям’янаўне, — упэўнены вяскоўцы.

У кабінеце ў такую спёку хутка становіцца душна, фельчар адчыняе акно са словамі: «Трэба радавацца кожнай пары». Увогуле Надзея Лапчанка робіць уражанне чалавека, які радуецца кожнай хвіліне жыцця. Пацыенты прызнаюцца, што варта пагаварыць з ёй — і ўжо лягчэй. 

Павагу фельчар здабыла не толькі сярод вяскоўцаў. Кіраўніцтва таксама задаволена, ведае пра яе адданасць прафесіі. 

— Гатова прыйсці на дапамогу і днём, і ноччу, — кажа пра Надзею Лапчанка галоўны ўрач Касцюковіцкай ЦРБ Аляксандр Лобаў.

Анжэліка Саўчанка, Мінск.

Фота аўтара.


Комментировать


comments powered by HyperComments