Поклiч роднай зямлi

13 ноября 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Малады спецыяліст, урач-тэрапеўт участковага тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Іўеўскай ЦРБ Ганна Кучынская пасля таго, як скончыла лячэбны факультэт ГрДМУ, размеркавалася на сваю малую радзіму ў Іўе. Сімвалічна, што Ганна працуе ў тым самым будынку, дзе некалі быў радзільны дом, у якім яна ўпершыню пабачыла свет.

Малады спецыяліст Ганна Кучынская пачала працу пасля інтэрнатуры дастаткова ўпэўнена: былі ўжо знаёмымі і калегі, і многія пацыенты.
 
— Два гады таму, калі паехала на размеркаванне маладых спецыялістаў у Гродна, запрасіла да сябе трох мясцовых дзяўчат праходзіць інтэрнатуру — у нашай бальніцы добрая база па тэрапіі, — расказала галоўны ўрач Іўеўской ЦРБ Лілія Горбач. — Сярод іх была і Ганна Кучынская, якая прыемна ўразіла сваім прафесіяналізмам, спагадлівымі адносінамі да пацыентаў. 

— На маім участку 1 637 чалавек, з якіх 1 121 — працаздольнае насельніцтва, — расказвае Ганна Віктараўна. — А яшчэ я ўваходжу ў склад комплекснай камісіі па медаглядзе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў іншых войн ды ваенных канфліктаў. Праводжу лячэбна-аздараўленчыя мерапрыемствы і для асоб, што пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Актыўна займаемся дыспансерызацыяй насельніцтва, імкнёмся выяўляць захворванні на ранніх стадыях, распрацоўваючы рацыянальнае лячэнне з улікам іншых паталогій. Найбольшая група — пацыенты з АГ: 285 чалавек, з якіх 180 працаздольнага ўзросту. Імкнемся ўдасканальваць работу з гэтым кантынгентам, уніфікуючы з групай пацыентаў з высокай і вельмі высокай кардыёваскулярнай рызыкай. 

Актыўна ўкараняем у лячэбны працэс стацыянарзамяшчальныя тэхналогіі, накіроўваем пацыентаў у дзённы стацыянар паліклінікі, лечым дома. Рэабілітуем інвалідаў, пастаянна аналізуючы захворваемасць з часовай стратай працаздольнасці, а таксама прычыны смяротнасці насельніцтва.

Працуе малады доктар з імпэтам, бо справа падабаецца, а яшчэ, на думку спецыяліста, у гэтым вялікая заслуга яе настаўніцы загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Іўеўскай ЦРБ Галіны Халявы, якая не толькі вучыла спасцігаць мудрасць прафесіі, але і дазваляла ў час праходжання інтэрнатуры адчуць самастойнасць і адказнасць. Многаму навучыла медсястра мясцовай бальніцы Моніка Бараноўская, якая адпрацавала на сваім участку больш за 30 гадоў. Пастаянна адчуваецца падтрымка і з боку адміністрацыі, асабліва галоўнага ўрача Ліліі Горбач, патрабавальнай, але справядлівай. 

— Бывае, што прыйдзе са сваёй бядой да цябе на прыём бабулька, якую трэба не толькі абследаваць і прызначыць правільнае лячэнне, а проста выслухаць. Сардэчныя адносіны да чалавека таксама лекі, на якія часам арганізм чалавека рэагуе не горш, чым на таблеткі, — гаворыць Ганна Віктараўна. — Асабліва цёплыя стасункі склаліся ў нас з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Мікалаем Іванавічам Данілавым. Яму 94 гады. Энергічны жыццялюб. Заядлы грыбнік. Увесь час імкнулася разгадаць феномен яго актыўнага даўгалецця, а ён, як высветлілася, дастаткова просты — быць заўсёды ў руху. Ветэран працуе на агародзе, любіць гуляць пешшу, ніколі не курыў, не злоўжываў спіртным, падсілкоўваецца няхітрымі сялянскімі стравамі, мудры і добразычлівы. Яго простыя жыццёвыя сакрэты падказваю сваім пацыентам. 

Малады тэрапеўт Ганна Кучынская актыўна займаецца самаадукацыяй. Летась прайшла курсы павышэння кваліфікацыі ў БелМАПА «Прынцыпы фармакатэрапіі і другаснай прафілактыкі захворванняў органаў дыхання і пераварвання ежы ў пацыентаў сталага ўзросту», «Арганізацыя медыцынскай дапамогі пацыентам з тэрапеўтычнай паталогіяй па прынцыпе ўрача агульнай практыкі» ды іншыя. Чытае спецыяльную медыцынскую літаратуру, удзельнічае ў канферэнцыях і семінарах. 

Ганна Кучынская ўпэўнена: любую хваробу прасцей папярэдзіць, чым потым лячыць, а таму здаровы лад жыцця і прафілактыка — найпершыя прыярытэты. І сама падае прыклад.

— Пачынаю з карэкцыі ладу жыцця і правільнага харчавання, — дзеліцца сваімі сакрэтамі малады доктар. — Аддаю перавагу садавіне і агародніне. Асабліва люблю яблыкі і памідоры. Займаюся спортам, удзельнічала ў абласных спаборніцтвах па валейболе. У мінулым годзе наша каманда вясёлых і знаходлівых «Укол» заняла першае месца ў вобласці. А яшчэ я люблю спяваць, пэўны час была ў касцёльным хоры. З задавальненнем прыязджаю ў госці да студэнцкіх сябровак у Гродна і Мазыр. Радуюся, калі яны наведваюць мяне. Усё гэта дае энергію для работы. 


Комментировать


comments powered by HyperComments