подписка ерип

Рэгіна Лапата. Аптэкарка з вёскі Цацкі

16 июня 2017

Автор(ы):
Светлана Хорсун


Фота з асабістага архіва Р. Лапата.
Фота з асабістага архіва Р. Лапата.
Другі год запар у абласным прафесійным конкурсе «Аптэка года» цэнтральную раённую аптэку № 146 Ліды называюць лепшай. Немалая заслуга ў гэтым яе загадчыцы, выдатніка аховы здароў’я, правізара вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Рэгіны Лапата.

Рэгіна Іванаўна — тутэйшая. Нарадзілася ў вёсачцы Цацкі, што непадалёк ад Ліды, у сям’і сялян-працаўнiкоў.

— Аднойчы, калі мне і шасці гадоў яшчэ не было, захварэла мама і да нас прыйшла мясцовы фельдшар, — успамінае Рэгіна Іванаўна. — Яна паслухала хворую, зрабіла ўкол і выпісала рэцэпт. Дагэтуль памятаю той пачак жоўтага колеру. Я рана пасябравала з літарамі і ўжо самастойна прачытала: пен-тал-гін. Гэты пачак падаўся мне чароўным, бо маме адразу ж стала лепш. Мяне гэта дужа ўразіла… З таго часу людзі ў белых халатах выклікалі пачуццё вялікай павагі. Калі скончыла школу, не раздумваючы пайшла ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча на фармацэўтычнае аддзяленне. Потым завочна скончыла фармацэўтычны факультэт Віцебскага медінстытута.

Па размеркаванні накіравалі ў сельскую аптэку № 23 тагачаснага мястэчка Першамайск суседняга Шчучынскага раёна. Тут адразу заўважылі і ацанілі яе імпэт і руплівасць. Неўзабаве маладога спецыяліста запрашаюць на працу ў цэнтральную раённую аптэку Ліды. А праз тры гады Рэгіне Іванаўне даверылі ўзначаліць міжбальнічную аптэку № 139, якая абслугоўвала Лідскую ЦРБ, сельскія бальніцы і абласную псіхіятрычную бальніцу «Астроўля». 

— Мы рыхтавалі тады вялікія аб’ёмы парэнтэральных раствораў: па 500 флаконаў стэрыльнай глюкозы ў дзень! — прыгадвае Рэгіна Іванаўна. — За змену трэба было закладваць прыгатаваныя растворы ў некалькі аўтаклаваў. Часам аўтаклаверы спяшаліся падняць вечка, а з-за высокай розніцы тэмператур флакон з лекавай вадкасцю ў любы момант мог лопнуць, потым — другі, трэці… І пайшла б ланцуговая рэакцыя.

Часта сітуацыя была на мяжы экстрэмальнай, але мы спраўляліся. І сёння ў нашай цэнтральнай 146-й аптэцы, якую ўзначальваю з 1997 года, гатуем экстэмпаральныя формы лекаў: гатовыя лекавыя прэпараты не заўсёды задавальняюць урачоў. Акрамя фізіялагічных раствораў рыхтуем кроплі для вачэй, ад насмарку. 

Запатрабаваны дзіцячыя парашкі: для паляпшэння кровазвароту, зніжэння павышанага артэрыяльнага ціску. 

Шмат гадоў займаецца гэтай справай Юля Пуртава. Гэта адданы сваёй прафесіі чалавек. Калі на зыходзе рабочага дня матуля прынясе рэцэпт для хворага дзіцяці, яна застанецца пасля работы, але лекі абавязкова будуць прыгатаваныя своечасова. 

Не адзін дзесятак гадоў аддалі любімай справе намесніцы Рэгіны Лапата — Галіна Мацкевіч і Валянціна Ясевіч. Шмат такіх фармацэўтаў і на раёне. Сама Рэгіна Іванаўна бліжэй пазнаёмілася з праблемамі лю- дзей, калі была прадстаўніком Лідскага раённага Савета дэпутатаў 26-го склікання. Калі атрымлівалася дапамагчы сваім выбаршчыкам, шчыра радавалася разам з тымі, хто даверыў ёй свае клопаты... 

— Адметнасць нашай аптэкі ў тым, што яна яшчэ і арганізатар аптэчнай службы Лідскага раёна, — тлумачыць Рэгіна Іванаўна. — У нас усяго 29 аптэк, дзе працуюць 127 чалавек. Кожны работнік імкнецца, каб наведвальнікі былi задаволены. Калі раптам патрэбны лекавы сродак адсутнічае, мы кантралюем яго паступленне, каб не пазней як праз 5 дзён змаглі ім забяспечыць. 

Увага надаецца лекавым сродкам фармацэўтычных прадпрыемстваў рэспублікі, прадукцыю якіх рэалізуюць праз сваю аптэчную сетку. Лідскія фармацэўты дасканала ведаюць не толькі прэпараты, але і ўмовы іх вытворчасці. 

— У кожнага з нас былі настаўнікі, якіх мы памятаем і шануем, — разважае Рэгіна Іванаўна. — Я вельмі ўдзячна сваёй папярэдніцы Але Тэхнерадавай, якая ўзначальвала аптэку з 1982 па 1997 год. Лічу яе сваёй настаўніцай, якая вучыла любіць не толькі справу, але і людзей, з якімі працуеш. Адзінокім і цяжка хворым лекі тады завозілі дамоў, абавязкова інфармавалі пра з’яўленне ў продажы новых. На базе аптэкі адбываліся рэспубліканскія семінары па рабоце з кадрамі. Ала Адамаўна ўжо даўно на заслужаным адпачынку, але мы яе, як і іншых ветэранаў, не забываем. Напрыклад, у дзень нараджэння, завітаўшы да яе, неўпрыкмет звяртаемся ў гаворцы да нашых аптэчных спраў. Гэта ж не проста работа, а лад жыцця.

У аграгарадку Ваверка шмат гадоў узначальвае аптэку Галіна Ягорава. Яна даўно на пенсіі, але штодзень ездзіць на працу за 25 кіламетраў і карыстаецца вялікім аўтарытэтам. Яна таксама з каманды Рэгіны Лапата.

— І маладыя ў нас у пашане, — дадае Рэгіна Іванаўна. — Высокаадукаваныя, энергічныя — поруч з імі і мы маладзеем душой. Працуем дружна, адной сям’ёй: яны жывяць калектыў энергіяй і натхненнем, мы, старэйшыя, — вопытам і мудрасцю. Наша моладзь брала ўдзел у абласным конкурсе фармацэўтаў «Інавацыйныя ідэі для Фармацыі», у якім спаборнічалі 16 цэнтральных аптэк раёнаў вобласці і абласнога цэнтра, i стала пераможцам ў некалькіх намінацыях. Хочацца ва ўсім быць узорнымі. У конкурсе па ландшафтным дызайне, дабраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі сярод фармацэўтычных прадпрыемстваў вобласці мы таксама першыя. Стараліся, каб наш дворык быў прыгожым. І зноў — маленькая перамога, якую святкуем разам.



Комментировать


comments powered by HyperComments