Родныя людзі Валянціны Цераховіч

14 августа 2017

Автор(ы):
Анна Бергман (фото),   Светлана Хорсун




Загадчыцу Гарадзечанскага ФАПа ведаюць на Навагрудчыне як чалавека сціплага і адданага справе. Працуе Валянціна Міхайлаўна тут 31 год: многія колішнія пацыенты ўжо прыводзяць да яе сваіх дзетак…

Валянціна Цераховіч узнагароджана Ганаровай граматай УАЗ Гродзенскага аблвыканкама і Ганаровай граматай Савета Міністраў. За гэтымі адзнакамі — цяжкая штодзённая праца: пад яе патранажам 676 чалавек з 12 вёсак. Радыус абслугоўвання 8 кіламетраў. Часам даводзіцца імчаць на выклікі на скутары альбо веласіпедзе, каб своечасова дабрацца да вяскоўца, які чакае дапамогі…

— Я тутэйшая, нарадзілася ў вёсцы Новыя Лагодкі ў шматдзетнай сялянскай сям’і, — распавядае пра сябе Валянціна Міхайлаўна. — Змалку маці прывучала да працы: мы, чацвёра дзяцей, дапамагалі ёй па гаспадарцы, шчыравалі ў агародзе, не цураліся аніякай работы. У дзяцінстве я часта хварэла, і маімі анёламі-ахоўнікамі былі мясцовыя дактары, на якіх мне вельмі хацелася быць падобнай. Таму пасля школы, не раздумваючы, падалася ў Баранавіцкае медвучылішча. Скончыла яго з чырвоным дыпломам. Размеркавалі ў Навагрудскую ЦРБ: спачатку накіравалі ў Бенінскі ФАП, але неўзабаве вызвалілася месца ў Гарадзечне — і мне прапанавалі пасаду загадчыка фельчарска-акушэрскага пункта, дзе я працую з 1 красавіка 1986-га…

У тыя гады пад патранажам фельчара было 1 200 чалавек, сёння удвая паменела, але клопату хапае. Працуе Валянціна Цераховіч пакуль адна. У яе, як у добрай гаспадыні, парадак не толькі дома і на агародзе, але і на ФАПе. Акрамя ўсяго іншага праводзіць прафілактычныя агляды ў мясцовай школе і дзіцячым садку. Пад яе пільным наглядам жанчыны і дзеці да 3-х гадоў.

— Праводзім і падваровыя абходы, — гаворыць Валянціна Міхайлаўна. — Разам з участковым тэрапеўтам
і педыятрам робім прышчэпкі ад грыпу, іншыя вакцынацыі. Пад маім патранажам 233 пенсіянеры, з якіх 23 адзінокія і 114 тыя, што адзінока пражываюць. Гэта асаблівы кантынгент: людзі ў сталым узросце, як правіла, маюць шмат праблем са здароўем, да таго ж многія з іх чакаюць не толькі лекаў, а і звычайнай увагі ды гаючага слова. 

…Час хуткаплынны. Валянціна Міхайлаўна з удзячнасцю ўзгадвае сваіх настаўнікаў і радцаў, якія дапамагалі ёй, тады маладому спецыялісту, перайсці ад тэорыі да практыкі.

— Колісь Зінаіда Коршун з суседняга Брыцянскага (цяпер гэта ўжо мая зона) и Марыя Стома з Гагарынскага ФАПаў раілі мне, як зрабіць лепей. А цяпер ужо я вучу сваіх практыкантак. Сёлета ў мяне на практыцы былі 8 дзяўчат са Слонімскага медвучылішча — паказвала ім, як весці дакументацыю, правільна мерыць артэрыяльны ціск, праводзіць маніпуляцыі з пацыентамі. Я заўсёды ўдзячная за падтрымку калегам з Навагрудскай ЦРБ — намесніку галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Вользе Пярко і галоўнай медсястры Але Адамовіч.

Вечарам Валянціна Міхайлаўна вяртаецца дахаты, дзе чакае сям’я — муж і двое дарослых сыноў.

— Малодшы — студэнт, старэйшы ўжо працуе, жыве ў Мінску, але часта прыязджае да нас.

Тут усім утульна: светлы, прыгожы дом, акуратна апрацаваны агарод, поўны кветак гародчык. Дома ўжо звыкліся, што Валянціну Міхайлаўну ў любы момант могуць паклікаць на вызаў — і яна паспяшае туды, дзе трэба яе дапамога.


Комментировать


comments powered by HyperComments