Анкета

Сяргей Петрашэўскі: "У брушной хірургіі складана, затое цікава"

08 октября 2018

Автор(ы):
Анжелика Савченко


Фото автора.
Фото автора.
Сёлета спецыялісты Магілёўскай абласной бальніцы пад кіраўніцтвам урача-трансплантолага РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Леаніда Ткачова правялі першую для рэгіёна аперацыю па перасадцы ныркі. Цяпер трансплантацыю гэтага органа робяць па ўсёй краіне. На сёння ў Магілёўскай вобласці зроблена ўжо  больш за 10 такіх умяшанняў, і ўсе паспяхова.


Мультыдысцыплінарны падыход 

Глядзіш на пацыентку і разумееш, што чалавек сапраўды можа свяціцца ад шчасця. Што стала нагодай? Жанчыне перасадзілі нырку. Па яе словах, пачынаецца новае жыццё. Яна актыўная, любіць падарожжы — і цяпер для гэтага зноў ёсць усе магчымасці. Свайго ўрача, хірурга першага хірургічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Сяргея Петрашэўскага, называе вялікім чалавекам: «Уважлівы, заўсёды даходліва расказвае пра лячэнне». Сяргей Сяргеевіч заходзіць у палату, цікавіцца станам пацыенткі. «Адчуваю сябе добра», — кажа жанчына. 

У Беларусі штогод робяць 200–300 аперацый па трансплантацыі нырак. Магілёўскія хірургі першую нырку перасадзілі ў студзені (гл. «МВ» № 2 ад 11.01.2018). Правяла аперацыю мультыдысцыплінарная каманда: хірургі Сяргей Петрашэўскі, Яўгеній Котаў, Дзяніс Сіткевіч, анестэзіёлаг Андрэй Бардзілоўскі, аперацыйная медсястра Алеся Воднева і ўрач-трансплантолаг РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Леанід Ткачоў. 

Мультыдысцыплінарны падыход дае добры вынік, — кажа Сяргей Сяргеевіч. 

Спецыяліст арганізоўваў аперацыйны этап і вёў рэцыпіента пасля перасадкі. Чатырохгадзінная аперацыя прайшла паспяхова — функцыю ныркавага трансплантата атрымалі. 
Пацыент папраўляецца, знаходзіцца дома. 

Адчуваю гордасць за ўсю каманду і радасць за пацыента, — прызнаецца Сяргей Петрашэўскі. 

Не толькі ныркі… 

Сёння ў Магілёўскай вобласці ў трансплантацыі ныркі маюць патрэбу каля 40 чалавек. Усе перасадкі адбываюцца пакуль што на базе першага хірургічнага аддзялення МАБ. У планах адкрыццё аддзялення транспланталогіі і правядзенне перасадак іншых органаў. 

Самае галоўнае — ёсць здольныя людзі і жаданне, — кажа намеснік галоўнага ўрача МАБ па хірургічнай дапамозе Ігар Савасценка. — Мы вельмі ўдзячныя за дапамогу Алегу Румо, Алегу Калачыку, спецыялістам РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак.

Першае хірургічнае аддзяленне шматпрофільнае. Апрача трансплантацыі тут праводзяць умяшанні, напрыклад, па эндакрыналогіі, па выдаленні дабраякасных новаўтварэнняў скуры і падскурнай клятчаткі, на органах брушной поласці — адкрытыя і лапараскапічныя. Хірургі аказваюць экстранную і планавую спецыялізаваную дапамогу насельніцтву з усёй вобласці, а таксама замежным грамадзянам, у любы час выязджаюць у раённыя цэнтры. За год спецыялісты праводзяць прыкладна паўтары тысячы аперацый. Сёлета ўжо зроблена каля 900. Працуюць тут 7 хірургаў пад кіраўніцтвам загадчыка Сяргея Кавалёва. Аддзяленне добра тэхнічна аснашчанае. Ёсць новая лапараскапічная стойка з перфузіённай візуалізацыяй. Дарэчы, адзіная ў Беларусі. Яна дазваляе вызначыць кровазабеспячэнне і жыццяздольнасць органаў, візуалізаваць жоўцевыводзячыя 
шляхі. 

У вобласці робяць ныркава-замяшчальную тэрапію ўсіх відаў: гемадыяліз, перытанеяльны дыяліз і цяпер трансплантацыю. Дыялізныя цэнтры ёсць у абласной бальніцы, бальніцы № 1, Шклове, Горках, Бабруйску і Касцюковічах. Нядаўна за адзін толькі тыдзень спецыялісты МАБ зрабілі 5 перасадак ныркі. Адзін з апошніх выпадкаў — 60-гадовы пацыент з хранічным гламеруланефрытам з хранічнай тэрмінальнай ныркавай недастатковасцю. Некалькі гадоў хворы знаходзіўся на гемадыялізе. А зараз дзякуючы донару і абласным медыкам ён папраўляецца, новая нырка працуе. 

Добрая база для хірурга 

Стаць урачом Сяргей Петрашэўскі вырашыў яшчэ ў 8 класе, калі пачаў вывучаць анатомію. Прадмет вельмі захапіў, і хлопец паступіў у ВДМУ. Добры сярэдні бал пры размеркаванні дазволіў выбраць хірургію. Чаму менавіта гэта спецыялізацыя? 

— Ва ўніверсітэце ўсе хлопцы, напэўна, хочуць стаць хірургамі, — усміхаецца Сяргей Сяргеевіч. — Цікавасць у тым, што тут трэба працаваць і галавой, і рукамі.

На базе МАБ прайшоў інтэрнатуру па хірургіі. Крок у прафесію дапамагаў зрабіць загадчык першага хірургічнага аддзялення Сяргей Кавалёў. Захапленне, гордасць, пачуццё задавальнення, што ўсё атрымалася, і прага далей аперыраваць — такія эмоцыі выклікала ў пачынаючага хірурга першая аперацыя. 

Пасля інтэрнатуры маладога спецыяліста накіравалі ў Крычаўскую ЦРБ. Вопыт, атрыманы там за два гады працы, ён лічыць асабліва карысным:

— Раённая хірургія — добрая база для маладых спецыялістаў, бо дае шматпрофільны досвед. Калі маеш веды, працавітасць, то можаш здзейсніцца як хірург.

Сяргей Петрашэўскі практыкаваўся ў сасудзістай, таракальнай, брушной хірургіі, уралогіі, траўматалогіі. Набыў вопыт у правядзенні аперацый пры апендыцыце, халецыстыце, грыжасячэнні, гнойна-запаленчых захворваннях, выдаленні вен ніжніх канечнасцей, дабраякасных утварэннях скуры, тлушчавай тканкі. У тым ліку і лапараскапічным метадам. У Крычаўскай ЦРБ увогуле, па словах Сяргея Сяргеевіча, нядрэннае тэхнічнае аснашчэнне, якое дазваляе выконваць розныя ўмяшанні. Тонкасцям прафесіі малады спецыяліст вучыўся ў галоўнага ўрача раённай бальніцы, хірурга Аляксандра Плятнёва, які казаў: «Хірургіі можна навучыцца толькі да 30 гадоў. Якія навыкі набудзеш да гэтага ўзросту, з такім багажом ведаў і будзеш працаваць далей». 

Крычаў запомніўся Сяргею Петрашэўскаму не толькі багатым прафесійным вопытам. Тут мужчына сустрэў сваю будучую жонку, таксама ўрача, анколага. Працавалі ў суседніх кабінетах. І зараз жонка побач — у суседнім корпусе МАБ.

Чытанне і практыка 

Пра маладога хірурга Сяргея Петрашэўскага намеснік галоўнага ўрача МАБ па хірургічнай дапамозе Ігар Савасценка кажа:

— Хутка авалодаў многімі відамі аператыўных умяшанняў на брушной поласці, паспяхова скончыў клінічную ардынатуру, актыўна вучыўся на базе РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак. А зараз ён мае жаданне асвоіць новыя трансплантацыйныя тэхналогіі.

Словам, як кажуць, падае надзеі. Дарэчы, менавіта Ігар Якаўлевіч і запрасіў спецыяліста некалькі гадоў таму ў першае хірургічнае аддзяленне. І Сяргей Петрашэўскі з радасцю пагадзіўся. У раённай бальніцы добра набірацца разнапланавага вопыту, але хочацца іншых навыкаў, прафесійнага развіцця. Сяргея Сяргеевіча заўсёды вабіла брушная хірургія. 

— У брушной хірургіі складана, затое цікава. Кожны выпадак непаўторны, — упэўнены ўрач. 

Вопыту ў правядзенні адпаведных умяшанняў набіраўся ў такіх вядучых спецыялістаў МАБ, як Ігар Савасценка, Яўгеній Кавалкін, Валянцін Пратасевіч, Уладзімір Татарынаў. 

Сёлета скончыў клінічную ардынатуру па хірургіі ў БелМАПА на кафедры хірургіі пад кіраўніцтвам прафесара Аляксандра Вераб’я. Апошнія два гады Сяргей Петрашэўскі асаблівую ўвагу адводзіў, вядома, трансплантацыі, рыхтаваўся да будучай перасадкі. 

— Ёсць клінічны выпадак — шукаеш адпаведную літаратуру, вывучаеш сусветны вопыт лячэння.

Каштоўны вопыт засвойвае на канферэнцыях. Апошняя, у якой удзельнічаў, міжнародная канферэнцыя гепатапанкрэатабіліярных хірургаў у Мінску, прысвечаная нефралогіі, ныркава-замяшчальнай тэрапіі і трансплантацыі. Зараз, калі Сяргей Сяргеевіч займаецца яшчэ і перасадкай нырак, удзел у падобных мерапрыемствах асабліва карысны. 

Семінары, канферэнцыі, курсы, стажыроўкі… Апрача гэтага хірург шмат часу адводзіць на самаадукацыю. Пастаянна чытае артыкулы, манаграфіі, у якіх апісаны вопыт калег, у тым ліку замежных. 

— Не будзеш чытаць — не здзейснішся як урач, як добры ўрач, — лічыць суразмоўца. — Тэорыя дапамагае паставіць дыягназ, далей справа тэхнікі. Таму чытанне і практыка — па-іншаму ніяк. 



Комментировать


comments powered by HyperComments