Сяргей Прусакоў: Лякарства ад неўрозу — у сям’і

28 декабря 2018

Автор(ы):
Анжелика Савченко


Фота прадастаўлена МАДБ.
Фота прадастаўлена МАДБ.
Дзіцячы неўролаг неўралагічнага аддзялення МАДБ, урач вышэйшай катэгорыі, кандыдат мед. навук, выдатнік аховы здароўя Сяргей Прусакоў адзначыў 70-гадовы юбілей. У медыцыне — 45 гадоў. У МАДБ працуе з яе адкрыцця ў 1977-м. Больш за 30 гадоў загадваў неўралагічным аддзяленнем і быў галоўным дзіцячым неўролагам вобласці. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Савета Міністраў Беларусі, Магілёўскага гарвыканкама.

Пад адным дахам

Сяргей Прусакоў нарадзіўся на Віцебшчыне ў пасляваенны час у вялікай сям’і — бацька, маці, два старэйшыя браты і дзядуля з бабуляй. Жылі ўсе разам у адной хаце — бедна, як і ўсе людзі ў той няпросты час, але дружна. Маці гадавала дзяцей і дбала пра гаспадарку. Бацька працаваў сталяром-цесляром.

Старэйшы Мікалай скончыў Віцебскі медінстытут, быў ваенным урачом, даслужыўся да палкоўніка, кіраваў навукова-метадычным цэнтрам на базе Галоўнага ваенна-медыцынскага ўпраўлення  Расійскай Федэрацыі. Займаўся кардыялогіяй, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Сярэдні Міхаіл і малодшы Сяргей захапляліся майстраваннем караблёў, збіраліся ў суднабудаўнічы інстытут. Але дзіцячая мара спраўдзілася толькі ў Міхаіла, які стаў інжынерам.  Сяргею ж яшчэ задоўга да паступлення выпадак наканаваў зусім іншы лёс. 

У медыцыну праз шкарлятыну

Гадоў у 6 маленькі Сяргей захварэў на шкарлятыну, якая ўскладнілася міякардытам. Некалькі кіламетраў да бальніцы яго нёс на руках старэйшы брат. Падчас лячэння не адыходзіла ад хлопчыка бабуля, хоць гэта было і не па правілах. 

Гісторыя адклалася ў памяці і ўсплыла, калі вызначаўся з прафесіяй. Прыгадаліся клапатлівыя адносіны ўрачоў, блізкіх. Ды і ў школьным тэатры заўсёды іграў доктара. Але галоўным вызначальным фактарам стаў прыклад старэйшага брата, якому Сяргей Мікалаевіч бясконца ўдзячны за выбар прафесіі. У выніку хлопец паступіў у ВДМІ. А пасля практыкі ў дзіцячай бальніцы вызначыўся і са спецыяльнасцю. Студэнта ўразіла жыццярадаснасць дзяцей, якія ўсміхаліся, нягледзячы на хваробы, і ён выбраў педыятрыю. 

Правільны дыягназ і народная слава 

Падчас інтэрнатуры маладога ўрача на месяц накіравалі ў Чэрыкаўскую ЦРБ. І неяк прывезлі шасцімесячнае дзіця, якое крычала некалькі дзён ад болю. Спецыялісты хуткай дапамогі паставіць дыягназ не змаглі. Паўгадовага пацыента аглядзеў інтэрн Сяргей Прусакоў. З падазрэннем на інвагінацыю накіраваў у хірургічнае аддзяленне. Дзіцяці правялі ўмяшанне, якое пацвердзіла дыягназ. Дарэчы, знакаміты ў раёне хірург Кудасаў запрасіў маладога калегу на аперацыю. Сяргей Мікалаевіч упершыню ўбачыў спыненне сэрца і выкананне прамога масажу. Маленькага пацыента выратавалі. А хутка па наваколлі разляцелася слава пра маладога ўрача, які выдатна дыягнастуе. 

Пасля інтэрнатуры Сяргея Прусакова накіравалі ў Магілёўскую дзіцячую паліклініку № 2. Чатыры гады працаваў участковым педыятрам у аддаленым прыватным сектары ў Ямніцкім пасёлку. Нягледзячы на складанасці, да работы ставіўся адказна, заслужыў павагу на ўчастку. 

Суразмоўца ўспамінае чарговы выпадак. Выклік: дзяўчынка  з менінгакакцэміяй. Педыятр неадкладна павёз хворую ў бальніцу. Прыйшлося перасякаць чыгуначныя шляхі, калі пераезд быў закрыты. «Думалі пра жыццё дзіцяці, а не пра юрыдычныя нюансы», — тлумачыць урач. Пашанцавала яшчэ, што ў той дзень на выклікі выдзелілі машыну. Дзіця паправілася.

Шлях у неўралогію

У 1977 годзе намесніца галоўнага ўрача па лячэбных пытаннях Эма Малашка запрасіла Сяргея Прусакова ў МАДБ. Месяц ён працаваў кардыёлагам. Затым перайшоў у інфекцыйнае аддзяленне для нованароджаных. Успамінае, як лячыў цяжкую вірусную пнеўманію ў пацыента, якому не было і месяца. Хвароба не паддавалася. І вось калі і ўрачы, і бацькі страцілі надзею, дзіця цудам паправілася. 

Праз 5 гадоў галоўны ўрач МАДБ Іван Лесечка прызначыў Сяргея Прусакова загадчыкам пульманалагічнага аддзялення. І тут настаў час для ардынатуры. Урач паступіў у ардынатуру ВДМІ, але па сямейных абставінах вярнуўся ў Магілёў. Іван Лесечка прапанаваў на выбар прыёмнае і неўралагічнае аддзяленні. Сяргей Мікалаевіч пайшоў у другое, а праз паўгода стаў загадчыкам. «Цешыць, што калегі прынялі», — кажа суразмоўца. У новай спецыяльнасці было складана.  Асвоіцца дапамаглі практыка, агляд медыцынскай літаратуры, спецыялізацыя на кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА і навучанне ў Цэнтральным ордэна Леніна інстытуце ўдасканалення ўрачоў (Масква).

Уласныя распрацоўкі 

У 1996 годзе Сяргей Прусакоў абараніў дысертацыю па дзіцячым энкапрэзе. Тэму прапанаваў заснавальнік і загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА  Георгій Шанько. Дагэтуль захворваннем (яго арганічнымі формамі) займаліся толькі дзіцячыя хірургі. Праца ж неўролагаў была скіравана на вывучэнне неарганічнай формы захворвання. Для Сяргея Прусакова прафесар Георгій Шанько стаў настаўнікам на ўсё жыццё. Падчас работы над дысертацыяй Сяргей Мікалаевіч асвоіў сфінктэраметрыю, электраміяграфію, электраэнцэфалаграфію, прайшоў спецыялізацыю па рэфлексатэрапіі, даказаў эфектыўнасць іголкарэфлексатэрапіі, якую прымяняў пры лячэнні. 

Вынікі абследавання 104 пацыентаў даказалі функцыянальны характар энкапрэзу ў дзяцей, калі не патрабуецца хірургічнае ўмяшанне. Вывучэнне катамнэзу дазволіла ўрачу зрабіць вывад, што адна з прычын паталогіі крыецца ва ўнутрысямейных стасунках. Канфлікты, разводы прыводзяць да неўрозаў і нярэдка энкапрэзу. Таксама спецыялісты распарацавалі вучэбна-метадычны дапаможнік па дыягностыцы і лячэнні неарганічнага энкапрэзу ў дзяцей, укаранілі лазерапунктуру, якая не мае болевага  эфекту. 

Дарэчы, Сяргей Прусакоў дзяцей лечыць не толькі таблеткамі і працэдурамі, але і пазітыўнымі эмоцыямі — разам з калегамі прымае ўдзел у пастаноўках тэатра МАДБ «Маленькая краіна». 

Прафілактыка і спецыялізаваныя цэнтры 

Па словах Сяргея Прусакова, структура неўралагічных захворванняў у дзяцей мяняецца. Калі ў 1980-я гады вертэбрагенная паталогія сустракалася вельмі рэдка, то зараз у адносінах да назалогіі неўралагічнага профілю складае 10 %. Расце колькасць пацыентаў з выяўленымі дэміелінізіруючымі захворваннямі. Да 25 % у назалагічнай структуры захворванняў нервовай сістэмы ў дзяцей складаюць пацыенты з эпілепсіяй і параксізмальнымі станамі. Найчасцей на прыёме пацыенты скардзяцца на галаўны боль, мігрэнь.

— Для рашэння праблем неабходна дасканалая прафілактыка ў раннім узросце. Галоўнае — выхаванне. Трэба любіць дзяцей, давяраць і дараваць ім, — кажа Сяргей Прусакоў. — Лякарства ад неўрозу складана знайсці, а часцяком і шукаць не трэба. Яно крыецца ў сям’і, стасунках паміж бацькамі і дзецьмі. Там, дзе ёсць мір, згода, давер і заўсёды свеціць сонейка, нават у непагоду, неўрозу не месца. 

Мэтазгодна, на думку ўрача, адкрыць перынатальныя цэнтры абласнога ўзроўню і шматпрофільныя дыягнастычныя цэнтры выключна для дзяцей. Гэта дасць магчымасць неабходнага сучаснага абследавання, эканамічны эфект і перш за ўсё больш часу для стацыянарнага лячэння.

Каля 10 гадоў спецыялісты МАДБ распрацоўвалі метады лячэння сістэмных дзіцячых неўрозаў. Вынікі апублікавалі  ў навукова-практычных зборніках, а таксама ў міжнародным навукова-практычным часопісе «Неўралогія і нейрахірургія. Усходняя Еўропа».

Без меркантыльных памкненняў

— Самае галоўнае ў нашай рабоце, апрача сумленнасці і стараннасці, — добразычлівыя адносіны да дзяцей, бо яны як ніхто адчуваюць людзей, — упэўнены Сяргей Прусакоў. — Каб стаць прафесіяналам, трэба любіць сваю справу. Выбіраючы спецыяльнасць урача, не браць за арыенцір аплату, а думаць, што ты можаш зрабіць для здароўя людзей. Схільнасць да медыцыны павінна перакрэсліваць меркантыльныя імкненні. І калі выбраў гэту справу, мусіш служыць ёй усё жыццё. 

Дарэчы, жонка Сяргея Прусакова Тамара Сцяпанаўна таксама ўрач — фізіятэрапеўт, загадвала фізіятэрапеўтычным аддзяленнем Магілёўскай паліклінікі № 3. Выдатнік аховы здароўя. Мае першую катэгорыю. Пазнаёміліся ў медінстытуце. Пасля пераехалі ў Магілёў, куды Сяргея Мікалаевіча накіравалі ў інтэрнатуру. Разам ужо 46 гадоў.

Згодна традыцыі 

У кабінеце Сяргея Прусакова вісіць партрэт настаўніка Георгія Шанько. Сяргей Мікалаевіч заснаваў традыцыйныя Шанькоўскія чытанні. Штогод у МАДБ збіраюцца неўролагі і педыятры з усёй краіны, каб абмеркаваць актуальныя пытанні дзіцячых захворванняў. Прыязджае і сын Георгія Георгіевіча — намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Юрый Шанько.

Настаўнік вучыў Сяргея Прусакова: «Ёсць бацька, маці і ўрач. Лёс дзіцяці залежыць ад гэтай тройкі». Вось і маладой маці 10-месячнага хлопчыка, якая заходзіць да  Сяргея Мікалаевіча падчас інтэрв’ю, урач кажа: «Вы добрая маці, але давайце абследуем дзіця, пакажам генетыку». 

Пакуль мы размаўляем, да ўрача неаднаразова звяртаюцца па дапамогу — то калега заходзіць, то пацыент. І для ўсіх Сяргей Мікалаевіч імкнецца знайсці найлепшае рашэнне. 

Актыўны рух думак 

— Працаваць трэба, пакуль мысліш, пакуль пацыентам патрэбна твая дапамога. Калі не працуеш, знайдзі занятак па душы, — лічыць суразмоўца.

Сам Сяргей Мікалаевіч паспявае і ў бальніцу, і на дачу. Захапляецца рыбнай лоўляй. Шмат ходзіць  пешшу. Згаджаецца, што рух, у тым ліку думак, напрыклад разгадванне крыжаванак, — гэта жыццё. 

Асаблівую ролю адводзіць чытанню гістарычных твораў і спецыялізаванай літаратуры. 

— Нехта сказаў: каб быць добрым урачом, трэба чытаць да трох гадзін у дзень. Я лічу, што і гадзіна дасць плён. Паводле Сенекі, жыццё доўгае, калі поўнае. Я згодны.  Будзем вымяраць яго ўчынкамі,  а не часам.  

Ігар Каско, галоўны ўрач МАДБ:

«Сяргея Мікалаевіча ведаю больш  за 20 гадоў. Гэта розум, гонар і сумленне бальніцы. Неканфліктны чалавек, які ўмее будаваць адносіны з людзьмі. Неўралагічнае аддзяленне адчувае сябе сям’ёй, таму калегі на працу ідуць з задавальненнем, у калектыве няма цякучкі. З Сяргеем Мікалаевічам пазнаёміўся, калі ўладкаваўся ўрачом  у МАДБ. Часта выязджаў  з ім па санавіяцыі  і пераймаў яго досвед  і мудрасць. Любы медык — гэта і псіхолаг, і артыст, тым больш педыятр. Сяргей Мікалаевіч — прыклад  для маладых спецыялістаў ва ўзаемаадносінах  з маленькімі пацыентамі.»


Комментировать


comments powered by HyperComments