Усеагульная практыка Святланы Антончык

19 июня 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Урач года» ў намінацыі  «Урач агульнай практыкі» загадчыца Сенькаўшчынскай амбулаторыі Святлана Антончык распавяла карэспандэнту «МВ» пра прафесійнае станаўленне, штодзённыя клопаты і захапленні.


Уладзімір Міско, намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Слонімскай ЦРБ: «Святлана Антончык — прафесіянал, граматны доктар, нераўнадушны чалавек. На гэтай пасадзе яна ўжо 9 гадоў. Умее ладзіць з калегамі: у амбулаторыі здаровы мікраклімат, практычна няма цякучасці кадраў. Гэты сельскі доктар  не перастае вучыцца,  ідзе ў нагу з часам, усё ў яе цудоўна атрымліваецца».

? Святлана Іосіфаўна, калі  адчулі, што менавіта медыцына — ваш лёс?
  
Я нарадзілася на Брэстчыне ў сям’і педагогаў: настаўнічалі мама, сястра, а я вырашыла пайсці ў медыцыну. У маленстве маёй любімай гульнёй была «бальніца»: на дзвярах пакояў пастаянна клеіла паперкі «хірург», «тэрапеўт», «педыятр», і маці потым доўга не магла адмыць дзверы… На той час у нашай вёсцы Малеч Бярозаўскага раёна была вялікая бальніца, там праводзілі і аператыўныя ўмяшальніцтвы.  Хварэла я часта, даводзілася мець справу з мясцовымі дактарамі, якіх спачатку баялася, а потым мне дужа захацелася быць да іх падобнай. 

У 1992 годзе скончыла Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Лячэбная справа» і была размеркавана ў Бярозаўскую ЦРБ. Маёй загадчыцай тады была Таццяна Мароз, якая ўжо, на жаль, пайшла з жыцця. Таццяна Васільеўна вучыла мяне адказна ставіцца да сваіх службовых абавязкаў, акуратна весці дакументацыю, быць уважлівай да пацыентаў. Адпрацавала там 18 гадоў участковым тэрапеўтам. Па 60 чалавек на прыём — гэта загартоўвае. Я навучылася аператыўна рэагаваць на сітуацыю, прымаць адказныя рашэнні.

? Памяняць месца работы, месца жыхарства і ўсё пачаць амаль з нуля — не пабаяліся так рэзка перайначыць  жыццё?  

Па сямейных абставінах мне трэба было зрабіць гэты крок.    Прачытала ў «Медвесніку» аб’яву пра вакансію і праз тыдзень была ўжо на новым месцы. Тут мне далі трохпакаёвую кватэру — літаральна праз дарогу ад амбулаторыі. Прыехала сюды з дзвюма дочкамі. Старэйшая, 26-гадовая Вольга, працуе настаўніцай хіміі і біялогіі, вельмі хацела паступіць у медуніверсітэт, але на атрымалася. Затое паспела мне падарыць унучку Яначку. Малодшая Алена вучыцца ў ГрДМУ.   

Праз год мяне накіравалі на курсы перападрыхтоўкі на ўрача агульнай практыкі. У 2016 годзе мы занялі трэцяе месца ў вобласці, а наш Кастровіцкі ФАП летась стаў дыпламантам рэспубліканскага смотру.
 
? У чым, на ваш погляд, сакрэт такога імклівага ўзлёту?
  
Лічу, што гэта вынік калектыўнай працы. У нас цудоўная каманда. У амбулаторыі працуюць 9 чалавек. Усе, акрамя зубнога фельчара, якая жыве ў горадзе, — мясцовыя.

Гэта вельмі важна. Бывае, выклікаюць і познім вечарам, і ноччу. І ў мяне, і ў маіх дзяўчат на выпадак непрадбачанай сітуацыі ёсць чамаданчыкі з усім неабходным для экстранай медыцынскай дапамогі. 

Вельмі прадуктыўныя стасункі і з кіраўніцтвам Слонімскай ЦРБ, яе галоўным урачом Галінай Майсеенкавай, у асобе якой знаходзім падтрымку і паразуменне.

? Як трымаеце на кантролі стан здароўя жыхароў аграгарадка ды навакольных вёсак?    

Амбулаторыя абслугоўвае 1 361 чалавека з 15 населеных пунктаў. Самы адлеглы — вёска Паўлава, дзе жывуць 2 чалавекі, — 16 кіламетраў ад аграгарадка. Але мы абавязкова дойдзем да кожнага. Нядаўна, напрыклад, быў выезд у вёску Едначы. Там ёсць свае актывісты, стараста, з якімі трымаем цесную сувязь. 

Едзем з лабарантам, які бярэ аналізы, медсястрой — яна робіць кардыяграму сэрца, замярае артэрыяльны ціск і г. д. З сабой неабходныя лекі. Ладзім стацыянары на даму: медсястра на працягу дзесяці дзён прызджае сюды, каб пралячыць тых, каму патрэбна медыцынская дапамога. У амбулаторыі ёсць дзённы стацыянар, дзе пацыенты могуць атрымаць не толькі неабходныя ін’екцыі, але і кропельніцы.

Выязджаем на фермы і палі мясцовай гаспадаркі: падчас уборкі ўраджаю летась, напрыклад, гутарылі з камбайнерамі пра аказанне першай медыцынскай дапамогі. Напярэдадні сезонных прастуд праводзім вакцынацыю: як правіла, 40 % насельніцтва атрымліваюць неабходныя прышчэпкі.

? Святлана Іосіфаўна, якія новыя навыкі давялося набыць, каб атрымаць кваліфікацыю ўрача агульнай практыкі?  

Сапраўднаму доктару трэба вучыцца заўжды — ведаў шмат не бывае. Даволі лёгка асвоілі камп’ютар і цяпер ужо не ўяўляем, як раней без яго спраўляліся. Я прайшла чатырохмесячныя курсы павышэння кваліфікацыі са спецыялізацыяй па вузкіх накірунках: педыятр, лор, афтальмолаг і г. д. Магу самастойна правесці мінімальнае хірургічнае ўмяшальніцтва. У амбулаторыі здымаем швы пасля аперацыі, робім перавязкі. Ёсць у нас свой афтальмаскоп, атаскоп — можам і вочы пагля-
дзець, і вушы падлячыць — цяпер ужо неабавязкова ехаць у горад.

? Але ж пры гэтым давяраеце і сваёй інтуіцыі?  

Імкнуся быць заўжды ўважлівай да пацыентаў. Аднойчы выклікалі на ферму — стала дрэнна ветэрынарнаму ўрачу: жанчына пакутуе на цукровы  дыябет, а тут яшчэ і сэрца прыхапіла. Пацыентка падалася мне дужа вялай, з запаволенай рэакцыяй. Вырашыла на ўсялякі выпадак забраць яе з сабой у амбулаторыю. І не памылілася. У яе была цяжкая арытмія… Але ўсё ж такі ўдалося ўратаваць ужо пасінелую жанчыну ад смерці. «Колькі жыць буду, век вас не забуду», — сказала яна пасля, і для нас гэтыя словы ўдзячнасці былі найвышэйшай узнагародай. 

? Ці атрымліваецца пры такім напружаным графіку знайсці час на іншыя справы?
   
Люблю папрацаваць на агародзе: у мяне цудоўна растуць  агуркі,  памідоры, перцы. Летась быў такі ўраджай, што і суседзяў частавала, і знаёмых. Люблю гатаваць. Падарожнічаць. Вяжу прыгожыя сурвэткі. Чым болей спраў, тым болей паспяваеш.   


Комментировать


comments powered by HyperComments