Васіль Вадаевіч: «Важна, каб паміж урачом і пацыентам былі давер і павага»

05 февраля 2020

Автор(ы):
Виталий Гиль (фото),   Светлана Хорсун


Адзначыў 80-годдзе прафесар 2-й кафедры ўнутраных хвароб ГрДМУ Васіль Вадаевіч. Ён прайшоў шлях ад урача вясковай бальніцы да прафесара, набыў багаты вопыт у практычнай медыцыне, выкладчыцкай і навуковай дзейнасці. У яго каля 300 друкаваных работ і больш як 100 рацыяналізатарскіх прапаноў. Урач-практык, псіхатэрапеўт, які валодае і нетрадыцыйнымі метадамі лячэння, прытрымліваецца прынцыпу «лячыць не хваробу, а чалавека». Мае першы разрад па класічнай барацьбе, не аднойчы скакаў з парашутам, а пасля 60 гадоў стаў чэмпіёнам па армрэслінгу сярод супрацоўнікаў ГрДМУ.

Васіль Пятровіч, вы нарадзіліся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Нешта памятаецца з тых часоў? 

Я быў яшчэ вельмі малы, але нейкія адбіткі той рэальнасці засталіся ў памяці, пра многае даведаўся з расказаў бацькі. Жылі на тым часе ў вёсцы Кавалі, што ў Бабруйскім раёне: тата быў кавалём, маці — паляводам. З-за хваробы бацьку на фронт не забралі. У час акупацыі перабраліся ў лазню, бо ў нашай хаце гаспадарылі немцы. Аднойчы з 10-гадовым братам употай ад бацькоў прабраліся ў хату і праверылі кабуру нямецкага доктара, дзе той хаваў пісталет. А я з’еў яго павідла. Бацька старэйшага адлупцаваў. Мяне пашкадавалі… Калі ж аднойчы гэты доктар захацеў памыцца ў лазні, бацька яе як след напарыў і ўзяў мяне з сабою. Немец быў уражаны, калі пабачыў на палку чатырохгадовага хлопчыка: маўляў, ці ж можна такое малое весці ў лазню. Дарэчы, немец страціў прытомнасць ад нашага пару, а мы з бацькам — нічога. 

Скончыў школу з сярэбраным медалём, марыў быць лётчыкам, як мой дзядзька Рыгор, што ваяваў з фашыстамі. Бацька запярэчыў: «Не, сынку, табе трэба вучыцца на доктара, якога ўсе паважаюць». На той час мая старэйшая сястра ўжо працавала акушэркай, і я падаўся ў Мінскі медыцынскі інстытут.

Цяжка было вучыцца? 

У медыцынскіх ВНУ заўжды вучыцца няпроста. Складанасць была яшчэ і ў тым, што я, сялянскі хлопец, жыў у вёсцы і займаўся ў школе з беларускай мовай навучання. У такім становішчы быў яшчэ адзін мой аднакурснік, астатнія трыццаць — гарадскія. І калі я, прыкладам, казаў «рабы» замест «рябой», аднакурснікі смяяліся. Спачатку перажываў, а потым пачаў актыўна чытаць творы рускіх класікаў, хадзіў на мастацкія выставы, у кіно… 

Спачатку вы загадвалі ўчастковай бальніцай у Жыровічах Слонімскага раёна, паводле сучаснай класіфікацыі — былі ўрачом агульнай практыкі. Як вам успамінаецца гэты час?

Гэта быў 1962 год. Трапіў у Жыровічы па размеркаванні, без клінічнай практыкі: інтэрнатуры тады не было. Дзесяць тысяч насельніцтва. Абслугоўвалі семінарыю, манастыр. Бальніца была разлічана на 15 коек. Прыехаў у канцы верасня, а тут людзей процьма, чалавек 25: хто ў палаце, хто на калідоры. Урача накiравалi вучыцца ў Мінск, у аспірантуру. 

Застаўся толькі фельчар. Ён цяжка ўздыхнуў і кажа: «Відаць, не справімся і да новага года, бульбу ўсе выкапалі, а цяпер хочуць дружна лячыцца». 

Раней шпіталізавалі не на 10–12 дзён, пацыенты маглі знаходзіцца ў бальніцы месяцамі. І раптам прывозяць паміраючага: ацёкі, адышка… Я пачаў праводзіць рэанімацыю, як нас вучылі на лекцыях: трэба было пакласці пацыента на падлогу, рукі і ногі на жывот. Чалавек не дыхае, а мы з санітаркай яго качаем… Ажыўляем. І ўсё гэта на вачах у пацыентаў. А назаўтра прыходжу на абход, дзядуля просіць, каб яго выпісалі, а за ім і іншыя. «Не, кажуць, няма чаго нам тут рабіць. Гэты доктар не дасць нам спакойна памерці…»

У бальніцы было тры койкі для радзільніц. І там на мяне спачатку глядзелі скептычна: маўляў, такі малы ростам, ці справіцца… Тады кесарава сячэння не рабілі. Калі цяжарная не магла разрадзіцца, бралі прасціну і рукамі літаральна выціскалі плод. Было, вядома, шмат разрываў мяккіх тканак, якія потым даводзілася зашываць. Я прыехаў без вопыту і роды ніколі самастойна не прымаў. Ратавала тое, што акушэрка была вопытная, і я шмат чаму ў яе навучыўся. Аднойчы яна мяне будзіць ноччу і кажа, што немаўля нарадзілася і плацэнта выйшла, але не цалкам: кавалачак застаўся. Трэба было яго ўручную дастаць. Гэтага я таксама ніколі не рабіў. Папытаўся ў акушэркі, як гэта робіцца, але найперш пацікавіўся, як трэба мыць рукі, бо тады не было ні аднаразовых пальчатак, ні аднаразовых шпрыцоў… У інстытуце нас вучылі мыць рукі па нейкай мудрагелістай аўтарскай методыцы: не меней як 15 хвілін… 

У Жыровічах жыў у пакойчыку пры бальніцы. Акрамя мяне былі яшчэ два Васі — конь і кот. З канем Васем мы ездзілі на выклікі, а кот Вася чакаў нас дома. Пазней я купіў сабе матацыкл. Пасля трох гадоў работы ў Жыровічах у снежні 1965 года я паступіў у клінічную ардынатуру па тэрапіі на кафедру факультэцкай тэрапіі ГрДМІ. 

Больш падрабязна чытайце у газеце "Медыцінскі веснік" №5