«Гайцюнішкі». Бальніца-крэпасць асобага рэжыму

05 сентября 2017

Автор(ы):
Олеся Лазарева (фото),   Светлана Хорсун


У «Гайцюнішкі» — «прытулак для маньякаў і забойцаў» — журналісты завітваюць надзвычай рэдка: за апошнія дзесяцігоддзі хіба некалькі візітаў. 

Карэспандэнты «МВ» упершыню пабывалі ў месцы, дзе праходзяць прымусовае лячэнне 270 абвінавачаных у здзяйсненні цяжкіх ды асабліва цяжкіх злачынстваў.  

Гаспадыня Замка Нонхарт

Рэспубліканская псіхіятрычная бальніца «Гайцюнішкі» знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы Воранаўскага раёна ў доме-крэпасці, які быў пабудаваны ў 1612 годзе галандскім эмігрантам Пятром Нонхартам у готыка-рэнесансным стылі: з невялікімі вежамі і байніцамі, фамільным гербам на ўваходзе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут была школа механізатараў. З 1956 года — абласная псіхіятрычная лякарня.

У 1983-м сюды прыйшла на працу маладая ўрач-псіхіятр Маргарыта Кудзян. З таго часу ў яе працоўнай кніжцы няма іншых запісаў...

— Да таго як мяне прызначылі галоўным урачом, я паспела папрацаваць ва ўсіх аддзяленнях: супрацоўнікі сыходзілі ў адпачынак, і я іх замяняла, — распавядае Маргарыта Георгіеўна. — Спачатку было толькі 80 ложкаў для пацыентаў з прымусовым лячэннем. У лютым 2000-га я стала кіраўніком гэтай установы. Тады працавалі 2 урачы, сёння іх 13: 9 псіхіятраў-нарколагаў і 4 псіхатэрапеўты. Усяго ў бальніцы 258 работнікаў.

На той час будынак быў у жахлівым стане, двор зарос хмызняком і крапівой у чалавечы рост, амаль аварыйным быў харчаблок. На месцы сённяшняй аўтастаянкі — стары развалены хлеў. Пацыенты спалі ў вопратцы...

Паволі пачалі прыводзіць усё да ладу. З’явілася квадратная прыбудова з прагулачным панадворкам у цэнтры, якую ахоўваюць узброеныя міліцыянты. Маргарыта Георгіеўна памятае і тыя дні, калі на спатканне пускалі ўсіх жадаючых. Аднойчы адзін з наведвальнікаў перадаў бутэльку гарэлкі, якую пацыент ды сукамернікі распілі разам і пайшлі ў наступ на ахоўнікаў... 

Тады абышлося, але цяпер на спатканне дазваляецца прыходзіць толькі ў вызначаныя дні і толькі пад строгім кантролем аховы. Турэмныя дзверы адчыняюцца па раскладзе: прыём лекаў, абыход доктара, прыём ежы, праца з мультыдысцыплінарнай брыгадай... За мінулыя гады тут не было ні бунтаў, ні бунтароў. Невыпадкова сёлета Рэспубліканская псіхіятрычная бальніца «Гайцюнішкі» прызнаная адной з лепшых у краіне па выкананні правіл бяспекі (2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе па ахове працы) і ўдастоена Ганаровай граматы Рэспубліканскага камітэта прафсоюза работнікаў аховы здароўя.

У медустанове шмат гадоў поплеч з Маргарытай Георгіеўнай працуе муж — урач-псіхіятр-нарколаг Ігар Анатольевіч.

Выхавалі дачку Лізавету — яна скончыла ГрДМУ, як і бацькі. Урач-псіхіятр, вучыцца ў аспірантуры, працуе над кандыдацкай дысертацыяй. Любоў бацькоў да прафесіі, пачуццё адказнасці за даручаную справу сталі для яе прыкладам.

Розныя методыкі

Некалькі карцін на сцяне прыцягваюць позірк. На адной сярод квітнеючых ружаў намаляваны анёл, якога балюча раняць шыпы. На твары яго — жах.

— Гэта творы нашых падапечных, — тлумачыць псіхолаг Валянціна Караляк. — Вось гэтую напісаў пацыент, у якога бацька — прафесійны мастак. У «Гайцюнішках» у яго выявіўся талент. Карціны дапамагаюць нам адчуваць унутраны стан пацыентаў.

Валянціна Караляк працуе тут 10 гадоў.

— Рухаемся ў розных напрамках: арттэрапія, музыкатэрапія, трэнінгавыя заняткі, маляванне, дробныя вырабы, — тлумачыць псіхолаг. — Існуюць і адпаведныя малюнкавыя тэсты і методыкі, якія дапамагаюць дыягнаставаць псіхічны стан пацыента.

Але вядома, на першым месцы медыкаментознае лячэнне.

— Апошнім часам у арсенале лекавых сродкаў з’явіліся нейралептыкі новага пакалення, больш эфектыўныя, якія аказваюць менш пабочных уздзеянняў: не выклікаюць запаволенасці, радзей правакуюць дэпрэсіўныя станы, — распавядае загадчык аддзялення № 1 са строгім рэжымам нагляду Ігар Кудзян, які працуе тут з 1989 года. — Строга кантралюем іх прыём. У выніку чалавек лягчэй адаптуецца ў соцыуме. Вялікую працу робяць супрацоўнікі сацыяльнай службы бальніцы.

З жыцця работнікаў

Супрацоўнікі бальніцы ўзяліся за добраўпарадкаванне тэрыторыі. Бальнічны панадворак выклікае захапленне: клумбы, альпійскія горкі. Маргарыта Кудзян упэўненая, што навакольнае асяроддзе значна ўплывае на настрой.

З вялікай цікавасцю медыцынскія работнікі з «Гайцюнішкаў» вандруюць па родным краі, пазнаюць шмат новага пра краіну і пра замак Нонхарт.

— У адным з нядаўніх падарожжаў мы даведаліся, як парадніліся сямействы Нонхартаў і Храптовічаў, што былі апошнімі гаспадарамі нашай крэпасці, — дзеліцца ўражаннямі Маргарыта Георгіеўна. — А не так даўно з Галандыі прыязджаў адзін з нашчадкаў знакамітага роду Нонхартаў...

Сумесны вольны час аб'ядноўвае калектыў, робіць яго жыццё больш цікавым.

Так што ўсе ўзнагароды — за захаванне культурна-гістарычнай спадчыны, за лепшае азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі, за развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, за спартыўныя дасягненні — агульныя.

Валянціна Караляк, псіхолаг:

«Карціны нашых падапечных дапамагаюць нам адчуваць іх унутраны стан.»



Асабліва небяспечныя пацыенты — у аддзяленні са строгім рэжымам нагляду пад аховай міліцыі. Яно размешчана ў аднапавярховым будынку за агароджай і калючым дротам.

Ігар Кудзян
загадчык аддзялення № 1 
са строгім рэжымам нагляду:

«У арсенале лекавых сродкаў з’явіліся нейралептыкі новага пакалення, больш эфектыўныя, якія аказваюць менш пабочных уздзеянняў: не выклікаюць запаволенасці, радзей правакуюць дэпрэсіўныя станы.»



Комментировать


comments powered by HyperComments