Подписка 2019

Лячыцца ў гэтай бальніцы прэстыжна

09 апреля 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Урач-акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ірына Парфененка, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі ГрДМУ кандыдат мед. навук Наталля Смалей і аперацыйная медсястра Алена Ашмян.
Урач-акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ірына Парфененка, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі ГрДМУ кандыдат мед. навук Наталля Смалей і аперацыйная медсястра Алена Ашмян.
Для многіх не стала нечаканасцю, што менавіта Гарадская клінічная бальніца № 4 Гродна атрымала перамогу сярод стацыянарных устаноў аховы здароўя гарадскога ўзроўню ў абласным аглядзе-конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання і ўзяла дыплом першай ступені.

Разам дружная сям’я 

Калектыў установы свой аўтарытэт набыў даўно. 

— Наша бальніца — шматпрофільная лячэбная ўстанова, на базе якой аказваецца спецыялізаваная экстраная дапамога па чатырох профільных накірунках: тэрапеўтычным, гастраэнтэралагічным, хірургічным і гінекалагічным, — расказвае галоўны ўрач Аляксандр Сураў. — Дзякуючы зладжанай рабоце мы захавалі стабільнасць вынікаў. 






























Добра папрацавалі і летась. Рацыянальна выкарыстоўвалі бюджэтныя сродкі: ашчадна ставіліся да спажывання электрычнай і цеплавой энергіі, тэхнікі, расходных матэрыялаў. У выніку сэканомілі 123 344 рублі. 

Установа практычна гатовая да ўкаранення электроннай медыцынскай карты стацыянарнага пацыента. У рамках праекта «Электронная цыталогія» паспяхова абменьваемся медыцынскімі дакументамі з ГрАКБ праз электроннае абласное бюро шпіталізацыі па выдзеленым канале (VPN-сувязі), перадаём эпікрызы ў паліклініку па месцы абслугоўвання пацыентаў. Выкарыстоўваем тэлемедыцыну. Ёсць Wi-Fi для пацыентаў і наведвальнікаў стацыянара. За мінулы год у стацыянары пралечаны 12 644 пацыенты, 2 254 атрымалі медыцынскую дапамогу ў прыёмным аддзяленні амбулаторна. 

Аператыўная актыўнасць  I гаспадарчы падыход 

ГКБ № 4, разлічаная на 311 ложкаў, была  ўзведзена ў 1989 годзе і з таго часу запатрабаваная не толькі жыхарамі горада. Лячыцца ў гэтай медустанове прэстыжна. 

— Мы стаялі ля вытокаў лапараскапічнай хірургіі, — расказвае Аляксандр Сураў. — На базе бальніцы працуюць абласны эндаскапічны гінекалагічны цэнтр, цэнтр гастрадуадэнальных крывацёкаў, абласны гастраэнтэралагічны цэнтр, дзе атрымліваюць медыцынскую дапамогу не толькі гродзенцы, але і жыхары рэгіёнаў вобласці. Аператыўная актыўнасць медыцынскай установы да 82 %. Пры гэтым сярэдні ложка-дзень самы нізкі на Гродзеншчыне. 

Бальнiца на 100 % укамплектаваная ўрачамі і на 99,5 % — медсёстрамі.

— Калі некаторыя кіраўнікі медыцынскіх устаноў заказваюць на размеркаванні па 15–40 чалавек, мы можам папрасіць толькі 2–3, — не без гонару падкрэслівае галоўны ўрач. — Калектыў наш стабільны, маральна-псіхалагічны клімат здаровы: практычна не бывае канфліктных сітуацый. Імкнёмся ўплываць на калег уласнымi паводзiнамi. Вось я, каб ушчуваць злосных курыльшчыкаў, сам кінуў паліць яшчэ 8 гадоў таму, і многія ўзялі з мяне прыклад. 

Стала лёсам медыцына
 
Ала Сопалева — намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай і ідэалагічнай рабоце. Працуе ў бальніцы з яе заснавання.

— Калі прыйшла сюды, у штаце было літаральна некалькі чалавек і тагачасны галоўны ўрач Іван Музычка, — прыгадвае Ала Уладзіміраўна. — Усе разам мылі вокны, дзверы, а першага пацыента, які аказаўся будаўніком, прынялі ў лютым 1989 года. Да гэтага часу памятаю яго. Урэшце, як і ён нас. Перыядычна падлечваецца ў нашай установе. Заўсёды падыходзіць і пытае: «Чым магу дапамагчы?» І час ад часу сапраўды дапамагае, асабліва ў рамонтных работах.

З тых часоў працуе ў бальніцы ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Генадзь Брэйда. Шмат гадоў у камандзе спецыяліст высокага класа загадчык гінекалагічнага аддзялення Андрэй Касцяхін. Ёсць і сямейныя дынастыі. Напрыклад, жонка галоўнага ўрача Наталля Арсеньеўна загадвае гінекалагічным аддзяленнем, урач-гінеколаг і дачка Маргарыта. 

У Алы Уладзіміраўны дачка Аляксандра таксама ўрач-гінеколаг, загадвае жаночай кансультацыяй у новай 7-й паліклініцы, што нядаўна адкрылася ў Гродне. 

У сям’і загадчыцы гастраэнтэралагічнага аддзялення Алены Бажко чатыры пакаленні медыкаў: дзядуля ў гады Вялікай Айчыннай вайны загадваў аптэкай, бацька больш за 40 гадоў узначальваў кафедру хірургічных хвароб № 1 ГрДМУ, дачка — урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг. 

Муж, сын, нявестка загадчыцы тэрапеў-тычнага аддзялення Алены Жмакінай таксама ўрачы. Услед за бацькамі пайшлі ў медыцыну дзеці загадчыка гнойнага хірургічнага аддзялення № 2 Івана Хільмончыка, загадчыка гінекалагічнага аддзялення Андрэя Касцяхіна, загадчыка хірургічнага аддзялення № 1 Дзмітрыя Шаўчука, загадчыка эндаскапічнага аддзялення Валерыя Жыбера ды іншых. 

Для многіх урачоў гэтай бальніцы і іх сем’яў прафесія стала ладам жыцця. Невыпадкова ў кнізе заўваг і прапаноў установы сотні падзяк ад пацыентаў і іх родзічаў. Каб захаваць здаровым маральна-псіхалагічны клімат у калектыве, рэгулярна ладзіцца анкетаванне. Перыядычна выносіцца на абмеркаванне пытанне «Стыль і метады работы кіраўніцтва: загадчыка аддзялення і старшай медсястры». Рыхтуецца адпаведны загад, ствараецца камісія. Паралельна запускаецца ананімнае анкетаванне. Штогод аналізуецца работа двух-трох аддзяленняў. І гэта дае добры плён. Некаторыя адказы на пытанні анкеты падказваюць, на што трэба звярнуць увагу, як зрабіць вынікі працы найбольш аптымальнымі. 

Вялікі клопат маленькай  дзяржавы

У бальніцы, нібы ў маленькай дзяржаве. Сучасныя аперацыйныя блокі з лапараскапічнымі стойкамі і высокатэхналагічным абсталяваннем… У гінекалагічным аддзяленні, разлічаным на 65 ложкаў, рыхтуецца да чарговай аперацыі загадчык урач-акушэр- гінеколаг Андрэй Касцяхін — «Чалавек года Гродзеншчыны — 2014», пераможца рэспубліканскага конкурсу «Урач года — 2007». Нам ледзьве хапае часу, каб задаць некалькі пытанняў і пачуць сціслы адказ спецыяліста.
































— Працую тут з 1990 года, — тлумачыць Андрэй Яўгенавіч. — У нашым абласным эндаскапічным гінекалагічным цэнтры выконваем увесь аб’ём эндаскапічных аперацый — на год робім каля 1 200 лапараскапічных умяшанняў. Практычна ўсе нашы ўрачы валодаюць методыкай іх правядзення. Выконваем унікальныя аперацыі па выдаленні маткі лапараскапічным метадам, пластычныя аперацыі пры апушчэнні ўнутраных палавых органаў з выкарыстаннем сетчатых пратэзаў. У нас працуюць высокакласныя спецыялісты, якія пастаянна ўдзельнічаюць у прафесійных міжнародных кангрэсах, вучацца ў лепшых дактароў Японіі, ЗША, Францыі… Не так даўно на базе аддзялення праходзіў рэспубліканскі майстар-клас па эндаскапічнай гінекалогіі, у якім бралі  ўдзел урачы з Расіі (Санкт-Пецярбург) і Грузіі. 

Чатырнаццаць гадоў працуе ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі загадчык  Андрэй Карповіч.

— У аддзяленні 311 ложкаў, — расказвае Андрэй Пятровіч. — Пацыенты ў асноўным хірургічнага і гінекалагічнага профілю. Часта атрымліваюць лячэнне пасля складаных рэканструктыўных аперацый (пры анамаліях маткі, рэканструктыўна-ўзнаўленчых аперацыях на жоўцевых шляхах, кішачніку, страўніку і г. д.). Вельмі ўдзячны свайму настаўніку ўрачу-анестэзіёлагу-рэаніматолагу, які раней загадваў аддзяленнем, Генадзю Барысавічу Брэйдзе. Ён умее падзяліцца не толькі прафесійнымі сакрэтамі, але і мудрасцю чалавечых стасункаў у калектыве.

З 2005 года працуе ўрач-хірург вышэйшай катэгорыі хірургічнага аддзялення № 1 Дзмітрый Шаўчук. Кругласутачна аказвае планавую і экстраную дапамогу пацыентам Цэнтр гастрадуадэнальных крывацёкаў на базе 4-й ГрГКБ — адзіны на Гродзеншчыне. — Акрамя гэтага выконваем увесь аб’ём аператыўнай дапамогі: здзяйсняем умяшанні на органах брушной поласці, на падскураной клятчатцы, пацыентам з варыкознай хваробай вен і іншыя, — адзначае спецыяліст.



























У кожнага з дактароў свой накірунак, але ўсіх яднае агульны клопат — здароўе пацыентаў. 


Комментировать


comments powered by HyperComments