Малады запал гродзенскіх правізараў

16 октября 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Правізар-рэцэптар Гродзенскай аптэкі № 134 РУП «Фармацыя» Яўген Рыдзель працуе толькі два гады, але за гэты кароткі тэрмін паспеў заваяваць аўтарытэт і ў працоўным калектыве, і сярод наведвальнікаў.

— Жэня ў нас, як кажуць, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц, — усміхаецца загадчыца аптэкі Ларыса Цымбалiстая. — Усё паспявае: цудоўна спраўляецца са службовымі абавязкамі, узначальвае нашу прафсаюзную пярвічку. Разам з жонкай Наталляй, таксама правізарам, удзельнічалі ў конкурсе «Новыя імёны Беларусі», конкурсе фармацэўтычных сем’яў, які праводзіла Гродзенскае аддзяленне РУП «Фармацыя», дзе былі адзначаны дыпломамі.

Наша фармацэўтычная ўстанова першай катэгорыі — адна з трох вытворчых аптэк горада, дзе рэалізуюцца гатовыя лекавыя формы, розныя БАДы ды лекавыя зёлкі (звыш як 5 тысяч найменняў). Адпускаем фармацэўтычную прадукцыю і па льготных рэцэптах. Існуе ўласная вытворчасць: рыхтуем растворы для электрафарэзу, парашкі для дзяцей і г. д. Тут вельмі важна быць кампетэнтным, знаходзіць агульную мову з людзьмі. У Яўгена атрымліваецца. У маладога супрацоўніка ўжо ёсць «свае» наведвальнікі, якія яго паважаюць, яму давяраюць. Малады чалавек знайшоў сябе ў прафесіі. 

— Я нарадзіўся і вырас у Лі-дзе, — распавядае Яўген. — У 2011 годзе, пасля таго як скончыў гімназію, паступіў на фармацэўтычны факультэт ВДМУ. Там сустрэў будучую жонку Наталлю. Пабраліся шлюбам  і ў 2016 годзе былі размеркаваныя ў Гродна. 

Бацькі — урачы-стаматолагі. Маці маёй жонкі — таксама стаматолаг. Я разумеў, што мне наканавана працаваць у медыцыне, але які ўзяць напрамак — не ведаў. Аднойчы бацька прапанаваў цэлы дзень правесці з ім у рабочым кабінеце, каб адчуць, ці маё гэта. Зразумеў, што гэта не зусім тая справа, якой хацелася б займацца ўсё жыццё. Выбраў фармацэўтычны накірунак і не шкадую. Ардынатуру праходзіў у гродзенскай аптэцы № 3. Загадчыца Зоя Пабярэжная давала слушныя парады, якія дапамагалі ў прафесійным станаўленні. 

У аптэцы № 134, куды трапіў Яўген, малады спецыяліст пачуваецца таксама камфортна.

— З загадчыцай Ларысай Цымбалістай мы прыйшлі працаваць амаль адначасова і вельмі лёгка знайшлі агульную мову, — успамінае Яўген. — Яна чалавек энергічны, кампетэнтны, заўжды дзеліцца ведамі. Вытворчасць, таваразварот, іншыя паказчыкі ў нас растуць. Штодзень да нас прыходзіць шмат людзей, якія маюць праблемы са здароўем. З імі трэба гаварыць спакойна, ветліва.  

Жонка Наталля, якая нарадзілася на Віцебшчыне, скончыла ВДМУ з чырвоным дыпломам і таксама прыжылася на Гродзеншчыне.

— Наша аптэка знаходзіцца ў гарадской цэнтральнай паліклініцы, — расказвае Наталля. — Штодзень шмат наведвальнікаў, у асноўным пажылыя людзі, большасць з якіх абслугоўваем па льготных рэцэптах. Праца напружаная, але цікавая. Дапамагаюць старэйшыя калегі. 

Калі надараецца вольная хвілінка, ездзім у госці да сяброў, з задавальненнем прымаем  удзел у конкурсах і канцэртах мастацкай самадзейнасці. Прыдумляем нешта сваё, каб было дасціпна і смешна. Яўген у студэнцкія гады актыўна ўдзельнічаў у гульнях КВЗ, іх каманда «Аграгарадок» (потым «Вожыкі») была вельмі папулярнай сярод прыхільнікаў вясёлых спаборніцтваў. 

А яшчэ сям’я маладых правізараў любіць падарожнічаць па цікавых мясцінах Беларусі. 

— Аднойчы мне падаравалі альбом са знакамітымі работамі слыннага кампазітара і мастака Напалеона Орды, — кажа Яўген. — Да нашых сучаснікаў дайшло больш як 1 150 яго работ. Мы вырашылі пабываць там, дзе некалі працаваў мастак, каб адчуць тагачасную эпоху і ўбачыць менавіта тое месца, якое творца занатаваў на палатне. А потым параўнаць уражанні. Ужо пабывалі ў Міры, Нясвіжы, сядзібе Тадэвуша Касцюшкі, у Ружанах, Косаве, Бярозе… У гэтага таленавітага чалавека было жыццёвае крэда: «Той, хто жменяй зямлю носіць, здольны насыпаць гару». Я з ім згодны: усё значнае пачынаецца з маленькага. 

— А яшчэ ў вольны час любім гуляць у лесапаркавай зоне «Пышкі» і хадзіць у басейн, — дадае Наталля. — Нам даспадобы лекі з прыроднай аптэкі. 


Комментировать


comments powered by HyperComments