Маршрут Бальнічны гарадок

01 февраля 2019

Автор(ы):
Светлана Хорсун


Фота Анжэлікі Саўчанка, «МВ».
Фота Анжэлікі Саўчанка, «МВ».
У канцы верасня мінулага года ў Ваўкавыскай ЦРБ урачыста адкрыўся новы  лячэбны корпус. На думку галоўнага ўрача Алены Грыцкевіч, гэта вельмі доўгачаканы падарунак для супрацоўнікаў ды пацыентаў.


З гісторыі ўстановы  

Да 1939 года на тэрыторыі Ваўкавыcкага павета працавалі тры бальніцы на 80 стацыянарных коек, у тым ліку яўрэйская, прыватная і гарадскі шпіталь. Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвалі дзесяць прыватных дактароў. 

У верасні 1939-га дадаткова была ўзведзена дзяржаўная бальніца, разлічаная на 80 коек, у памяшканні якой цяпер знаходзіцца супрацьтуберкулёзны дыспансер.

Пасля вызвалення Ваўкавыска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў узнавілі гарадскую бальніцу  на 30 коек, адкрылі радзільны дом  на 20 месцаў. 

У 1963 годзе райбальніца пераведзена на базу былога пагранічнага атрада.

У 1980-я гады ўзведзены новыя будынкі раённай і стаматалагічнай паліклінік, акушэрска-гінекалагічнага корпуса, Роскай гарадской бальніцы. 

28 верасня 2018 года адкрылі новы лячэбны корпус, а ў верасні  2019-га Ваўкавыская ЦРБ адзначыць 80-годдзе.

Прафесіянал, стратэг, псіхолаг 

На пасадзе галоўнага ўрача Алена Грыцкевіч нядаўна, але ў калектыве даўно свой чалавек. Нарадзілася ў суседнім Зэльвенскім раёне ў сям’і ветэрынарнага ўрача. Разам з бацькам выязджала на выклікі да хворых братоў нашых меншых.

Пасля школы, не раздумваючы, падала дакументы ў ГрДМІ на «лячэбную справу». Інтэрнатуру праходзіла ў Ваўкавыскай ЦРБ. Некаторы час працавала ўрачом-інфекцыяністам. Вучылася ў клінічнай ардынатуры на кафедры інфекцыйных хвароб БелМАПА ў Ганны Ключаровай. Пасля ардынатуры і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Алене Грыцкевіч прапанавалі пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, якую займала больш за 10 гадоў. 

— Узначаліць калектыў, у якім ты працуеш чвэрць стагоддзя, не боязна, але, канечне, адказна, — разважае Алена Збігнеўна.— Тут акрамя ўсяго іншага важна ўмець вырашаць кадравыя, фінансавыя ды іншыя пытанні. Трэба быць не толькі прафесіяналам, але і стратэгам, псіхолагам. Маім настаўнікам у гэтым сэнсе быў былы галоўны ўрач нашай бальніцы Мечыслаў Харэвіч. Ён умеў знайсці агульную мову і з пацыентамі, і з медыцынскім персаналам. Мечыслаў Адольфавіч быў прынцыповым, справядлівым і чалавечным. Ён вучыў нас, як трэба размаўляць з людзьмі, як вырашаць праблемы. 

Да гэтага часу згадваю добрым словам яшчэ аднаго майго настаўніка Роберта Часнойця. Запомніліся калегіі ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, якія ён праводзіў.  

Напярэдадні новага года мы рыхтаваліся да адкрыцця чатырохпавярховага лячэбнага корпуса, разлічанага на 260 коек. Тут справілі наваселле тэрапеўтычнае, кардыялагічнае, траўматалагічнае, хірургічнае, неўралагічнае, фізіятэрапеўтычнае і прыёмнае аддзяленні, а таксама аперацыйны блок і шматлікія кабінеты: эндаскапічны, два рэнтгеналагічныя, ультрагукавай, функцыянальнай дыягностыкі, экспрэс-лабараторыя. Ад Міністэрства аховы здароўя атрымалі рэнтгенаўскія, наркозна-дыхальныя, ультрагукавыя апараты, аперацыйныя сталы. За сродкі абласнога бюджэта набылі медыцынскую мэблю і абсталяванне. Мясцовая ўлада дапамагла закупіць мэблю, бытавую і аргтэхніку ды інш.

На новых плошчах размясцілася і аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Тут ёсць зала рэанімацыі, ізалятар, палата для аказання медыцынскай дапамогі дзецям. Тактыку вядзення цяжкіх пацыентаў заўсёды абмяркоўваем з калегамі.

Больш як 30 гадоў у гэтым аддзяленні працуе ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Сяргей Казлоў. Вучыцца прафесійнаму майстэрству ў старэйшых калег малады спецыяліст Арцём Манкевіч. Арцём нарадзіўся ў Ваўкавыскім раёне, быў мэтава накіраваны на вучобу ў ГрДМУ. Пасля вярнуўся на малую радзіму.

Увядзенне ў эксплуатацыю новага лячэбнага корпуса дазволіла палепшыць умовы для аказання высокатэхналагічнай дапамогі не толькі насельніцтву Ваўкавыскага, але і суседніх раёнаў. У медыцынскай установе шмат міжраённых аддзяленняў: перынатальны цэнтр 2-га ўзроўню, інфекцыйнае, траўматалагічнае, рэабілітацыйнае (на базе Роскай гарбальнiцы), пералівання крыві, гемадыялізу і экстракарпаральных метадаў дэтаксікацыі. Да паслуг пацыентаў — цыталагічная лабараторыя.  Арганізаваны міжраённы цэнтр для правядзення тромбалiтычнай тэрапii пацыентам з ішэмічным інсультам.

Усяго ў Ваўкавыскай ЦРБ працуе 1 705 чалавек — каманда, здольная  вырашаць самыя складаныя задачы, прымяняць высокатэхналагічныя і малаінвазіўныя метады лячэння. Нарэшце з’явілася магчымасць аб’яднаць медыцынскія ўстановы Ваўкавыска ў бальнічны гарадок.  

Продолжение статьи читайте в газете "Медицинский вестник" №5 от 31 января 2019 г.



Комментировать


comments powered by HyperComments