Трыццатая вясна ў салаўінай бальніцы

26 марта 2019

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Гродзенская абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі (ГКБ № 1 імя З. П. Салаўёва) — старэйшая медыцынская ўстанова Гродзеншчыны, якая сем гадоў таму адсвяткавала 100-годдзе з дня заснавання. Яе летапіс пачаўся ў далёкім 1912-м, калі тут была лячэбніца для заразных хворых на 20 коек. 

Тады, на пачатку 20-га стагоддзя, разам з гарадскім самакіраваннем з’явілася і муніцыпальная медыцына. Адной з перадумоў стала пагроза эпідэміі халеры. У той час у Гродне існавала акружная бальніца, разлічаная на 120 коек, а таксама яўрэйская, турэмная, псіхіятрычная прыватная лякарні і радзільны прытулак на 10 коек. 

Лячэбніца для заразных хворых спачатку мела часовы характар. Толькі ў 1915 годзе пасля эвакуацыі Гродзенскай акружной лячэбніцы ў Калужскую губерню яна становіцца асноўным стацыянарам для грамадзянскага насельніцтва. У 1920-я гады гарадская бальніца — комплекс з некалькіх двухпавярховых будынкаў і гаспадарчых пабудоў. У 1930-я гады пры бальніцы былі ўжо амбулаторыя, аптэка, лабараторыя, рэнтген-кабінет…

З 1960 года 1-я ГКБ набыла статус клінічнай. Неўзабаве гэтая медыцынская ўстанова стала цэнтрам аказання неўралагічнай і нейрахірургічнай дапамогі. У красавіку 1989-га тут было створана адно з першых у рэспубліцы неўралагічных аддзяленняў для хворых з вострым парушэннем мазгавога крывацёку. Трыццаць гадоў яго нязменны кіраўнік — урач вышэйшай катэгорыі, дасведчаны спецыяліст і настаўнік, «Чалавек года Гродзеншчыны — 2015» Ніна Філіна. Яна ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі», шматлікімі ганаровымі граматамі.

Ніна Філіна, загадчыца неўралагічнага аддзялення для хворых з вострым парушэннем мазгавога крывацёку.

Пра сямейны прынцып і мультыдысцыплінарны падыход 

— За гэты час Ніна Аляксандраўна згуртавала калектыў прафесіяналаў і аднадумцаў, які працуе па прынцыпе мультыдысцыплінарнай брыгады. Патрабавальная да сябе і падначаленых. Умее знайсці словы, якія матывуюць на плённую працу, — расказвае галоўны ўрач Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Валерый Енджыеўскі. 
— Гэтае аддзяленне, бадай, самае складанае з усіх аддзяленняў тэрапеўтычнага профілю. Тут лечаць інсультных хворых з Гродна і Гродзенскага раёна, якія маюць  шмат іншых праблем са здароўем. Работа напружаная, але калектыў стабільны. Тыя, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту, не збіраюцца на адпачынак — працягваюць працаваць, дапамагаюць маладым. Гэта не проста аддзяленне. Гэта — сям’я. 

Паступае ў дзень 2–3, а бывае 8–10 чалавек. Як правіла, у цяжкім стане. 



— Памяшканне наша даволі старое, пакуль няма як паставіць апараты МРТ і КТ. Таму  калі хуткая дапамога вязе пацыента ў клініку, то па дарозе робіцца абследаванне на гэтых апаратах у іншых медыцынскіх установах Гродна на аснове распрацаванай дарожнай карты, — тлумачыць загадчыца неўралагічнага аддзялення Ніна Філіна. —  Але ў нас вельмі моцная лячэбная база: тэрапія, кардыялогія, два аддзяленні рэабілітацыі. Працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты: кардыёлагі, тэрапеўты, рэабілітолагі. Нашы пацыенты, як правіла, атрымліваюць інсульт на фоне іншых захворванняў — артэрыяльнай гіпертэнзіі, атэрасклерозу, цукровага дыябету. 

У аддзяленні працуюць 65 чалавек. Шчыруюць усе: урачы, сярэдні і малодшы медыцынскі персанал. Кожны разумее, што ад яго працы залежыць жыццё пацыента. 

Больш падрабязна чытайце у газеце "Медыцынскі веснік" № 12



Комментировать


comments powered by HyperComments