Подписка 2019

Усе шляхі вядуць у Горкі

02 октября 2018

Автор(ы):
Анжелика Савченко


Карысная плошча на адну койку ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі складае 13 м2. Тут устаноўлена неабходная апаратура, у асноўным беларускай вытворчасці.
Карысная плошча на адну койку ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі складае 13 м2. Тут устаноўлена неабходная апаратура, у асноўным беларускай вытворчасці.
У Горацкай ЦРБ актыўна ўкараняюцца сучасныя метады  абследавання і лячэння пацыентаў.  Тут функцыянуе высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе праводзіць малатраўматычныя аперацыі і скарачаць тэрмін папраўкі хворых. Такія магчымасці з’явіліся  ў раённай бальніцы з адкрыццём новага корпуса.

Не толькі лапараскапія

Праходзім па новым корпусе Горацкай ЦРБ. Прасторныя светлыя калідоры, аперацыйныя блокі, працэдурныя кабінеты, палаты, вялікі хол, дзе красуюць кветкі. Трохпавярховы будынак здалі ў 2012 годзе. 

На першым паверсе размясцілася прыёмнае аддзяленне з усімі дыягнастычнымі магчымасцямі — ЭКГ, ультрагукавое даследаванне, лабараторыя тэрміновых аналізаў. Ідзём далей, у акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне. 

— Гінекалогія — гордасць корпуса, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па медыдцынскай частцы Наталля Жодзік. 

У малой аперацыйнай знаходзіцца найноўшае абсталяванне — гінекалагічны камбайн Atmos, дарэчы, у адзінай ЦРБ вобласці. Апарат дазваляе рабіць радыёхвалевую хірургію, гістэраскапію і фотавідэакальпаскапію. 

Павялічылася колькасць умяшанняў лапараскапічным метадам. У аддзяленні ўкаранілі аперацыйнае лячэнне гнойных захворванняў і пластыку похвы. Але асабліва важнае — за мінулы год паменшылася колькасць абортаў. І, па прагнозе спецыялістаў, сёлета лічба не павялічыцца. У стацыянары летась нарадзілася 267 дзяцей. На базе акушэрска-гінекалагічнага аддзялення працуюць міжраённыя кабінет паталогіі шыйкі маткі і перынатальны цэнтр. Загадвае аддзяленнем Святлана Базыленка. Яна скончыла ВДМУ. Пяць гадоў адпрацавала па размеркаванні акушэрам-гінеколагам у Любанскай ЦРБ і вярнулася ў родныя Горкі. 

Траўматолагам дапаможа РЭАП 

Паднімаемся на другі паверх, у хірургічнае аддзяленне. Першае, што дэманструе загадчык Сяргей Дарафееў, — гэта адзіны сярод ЦРБ вобласці рэнтгенаўскі электронна-аптычны пераўтваральнік (РЭАП). Апарат дазваляе кантраляваць ход аперацыі. Падчас умяшання РЭАП выводзіць на экран здымкi ў рэжыме рэнтгенаграфіі і рэнтгенаскапіі. Гэта дазваляе паменшыць памер аперацыйнага поля, траўматызацыю прылеглых тканак і скараціць час умяшання. Пад кантролем апарата спецыялісты выконваюць усе траўматалагічныя аперацыі.

Хірургічнае аддзяленне разлічана на 50 коек. Тут аказваецца дапамога не толькі ўласна па хірургіі, але і па траўматалогіі. 

— Аперыруем пераломы шыйкі бядра, праксімальнага аддзела бядра, ставім монаполюсныя пратэзы, робім астэасінтэз пры пераломах касцей голені, — расказаў Сяргей Дарафееў. 

Якасць аперацый, апрача РЭАП, павышае іншае сучаснае абсталяванне — лапараскапічная стойка, ультрагукавы і радыёхірургічны нажы. Ёсць 3 аперацыйныя — экстранная, планавая і траўматалагічная. Тут хірургі здзяйсняюць каля 1 000 умяшанняў на год, 73 % з якіх аператыўна-актыўныя. 

— У вобласць пацыентаў мала адпраўляем, у асноўным тых, каму патрэбна абследаванне на апаратах, якіх няма ў раёне, — удакладняе Сяргей Васільевіч.

У Горацкай ЦРБ працуюць 5 хірургаў, па сумяшчальніцтву траўматолагаў, — 4 вопытныя і адзін малады спецыяліст Іван Юрчанка. 

— Старанны, неабходныя веды мае, а досведу набярэцца, — кажа пра яго загадчык аддзялення. 

Сам жа Сяргей Дарафееў працуе хірургам каля 30 гадоў, з самага размеркавання ў Горацкую ЦРБ. Каля 18 загадвае аддзяленнем. Жонка Антаніна Георгіеўна таксама ўрач. І сын пайшоў па бацькоўскіх слядах, стаў урачом агульнай практыкі. 

Для цяжкіх пацыентаў 

На трэцім паверсе новага корпуса размясцілася аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі пад кіраўніцтвам Васіля Жо-дзіка. У аддзяленні 6 коек, у тым ліку асобная ў палаце для дзяцей. Сёлета ў ёй устанавілі манітор, прызначаны для гемадынамічнага і газавага назірання за жыццёва важнымі функцыямі маленькіх пацыентаў. За мінулы год тут пралячылі 36 дзяцей (20 з іх да года), правялі 87 дзіцячых анестэзіялагічных дапамог. Усяго летась у аддзяленні здзейснілі 718 анестэзіялагічных дапамог, дарэчы, без грубых ускладненняў; пралячылі 568 пацыентаў, што складае 6,8 % ад агульнай іх колькасці у ЦРБ. 

Аддзяленне мае газавы аналізатар, дыхальную апаратуру, інфузаматы, дэфібрылятары, апарат для падагравання крыві і любой інфузіі, цэнтралізаваную падачу медыцынскіх газаў і вакуумную сістэму, падачу ўвільготненага кіслароду. Словам, ёсць усё неабходнае, каб ратаваць жыццё цяжкім пацыентам. А яшчэ плануецца ўстаноўка сучаснага наркозна-дыхальнага апарата. 

Суседнічае з аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі лабараторыя. Яе сучаснае абсталяванне дазваляе раённым спецыялістам рабіць аналізы абласнога ўзроўню. Гэта вызначэнне колькасным метадам маркераў вострага пашкоджання міякарда, унутрысасудзістай згусальнасці крыві, анкамаркеры (ПСА, ракава-эмбрыянальны антыген, альфа-фетапратэін). А ў планах — вызначэнне магнію ў сываратцы крыві  і пракальцытаніну. 

Прыязджаюць і застаюцца

Горацкая ЦРБ можа пахваліцца шматлікімі спецыялістамі, якія трапляюць сюды па размеркаванні і застаюцца. Адны прыязджаюць ужо сем’ямі, іншыя сустракаюць свой лёс у Горках. Так, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Наталля Жодзік родам з Крычава. А яе муж, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Васіль Жодзік, — з Брэстчыны. У Горацкую ЦРБ сям’я трапіла па размеркаванні пасля медуніверсітэта. 

































— Ехалі на 3 гады, засталіся на ўсё жыццё, — усміхаецца Наталля Аляксандраўна. Тут нарадзілася малодшая дачка, якая, дарэчы, працуе ў дзіцячай бальніцы. Усяго ж у Горацкай ЦРБ налічылі 18 сем’яў, у якіх дзеці ці іншыя сваякі таксама звязалі лёс з медыцынай. 

Наталля Жодзік прызнаецца: 

— Вельмі люблю сваю прафесію за тое, што магу дапамагаць людзям. 

Тэрапеўт і намеснік галоўнага ўрача прайшла першасную спецыялізацыю па кардыялогіі і функцыянальнай дыягностыцы, зараз займаецца эхакардыяскапіяй.  

Пра акушэра-гінеколага Дзмітрыя Павядзёнка Наталля Жодзік, усміхаючыся, кажа: 

— Яго ўсе жанчыны любяць. 

Дзмітрый Мікалаевіч прыехаў у Горкі разам з жонкай, таксама ўрачом, па размеркаванні і застаўся, працуе тут больш як 10 гадоў.

Прыехалі ў Горкі і больш за 30 гадоў працуюць тут неўролаг Наталля Каразеева, эндакрынолаг Ларыса Капытоўская, хірург Аляксандр Тараканаў, каля 30 — псіхіятр-нарколаг Лідзія Чукава, акушэр-гінеколаг Ірына Сінкевіч. Вольга і Сяргей Халяўка працуюць каля 10 гадоў. Вольга Аляксандраўна — педыятр,  Сяргей Уладзіміравіч — эндаскапіст. Не адстаюць ад іх па тэрміне загадчыца паліклінікі неўролаг Таццяна Берастава, хірург Аляксандр Чарноў.

Засталася ў родным горадзе тэрапеўт Наталля Каробкіна. Скончыла ардынатуру БелМАПА па кардыялогіі, працавала ардынатарам у тэрапеўтычным аддзяленні. А зараз яна ўжо намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце. 

































38 гадоў у педыятрыі працуе Ніна Кручкова. З іх 23 загадвае дзіцячым аддзяленнем. — Мая работа — маё жыццё, — прызнаецца яна. У медыцыну пайшла следам за старэйшымі сёстрамі. А ўвогуле ў яе сям’і 11 медработнікаў. Ніна Віктараўна сібі рачка. У Горкі прыехала з Томска за мужам Яўгенам Мікалаевічам, які зараз загадвае фізіка-матэматычнай кафедрай БСГА. 

Калектыў дзіцячага аддзялення, па словах Ніны Кручковай, дружны і стабільны. У аддзяленні, якое знаходзіцца ў старым корпусе, нядаўна зрабілі рамонт, таму ўмовы не адстаюць ад новага будынка.
 
Здаровы горад 

Маладыя спецыялісты папоўнілі калектыў Горацкай ЦРБ і сёлета. Гэта 5 урачоў агульнай практыкі, тэрапеўт, анколаг, неўролаг, педыятр, акушэр-гінеколаг, псіхатэрапеўт, акуліст і рэаніматолаг. Усе, хто жадаў, атрымалі месца ў інтэрнаце. 

— Нам важныя кадры. Матэрыяльна-тэхнічная база бальніцы дазваляе выконваць усе стандарты і пратаколы. Мы імкнёмся ўкараняць новыя тэхналогіі і методыкі, — кажа галоўны ўрач Горацкай ЦРБ Святлана Бяззубенка. 

Сама яна з Горак, скончыла МДМI. З 1989 года працавала ўчастковым урачом-педыятрам, потым загадвала дзіцячай кансультацыяй, пасля паліклінікай, затым стала намеснікам галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце. 3 2015 года Святлана Рыгораўна працуе галоўным урачом. Да гэтага бальніцу ўзначальваў цяперашні начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жылін. 

У ЦРБ ёсць усе неабходныя вузкія спецыялісты. Урачы пенсіённага ўзросту складаюць 24 % работнікаў. 

— Ёсць у каго павучыцца, — кажа Святлана Бяззубенка. 

Дарэчы, над кожным маладым спецыялістам апякуецца настаўнік. Таксама тут праходзяць інтэрнатуру два ўрачы агульнай практыкі. Усяго ў Горацкай ЦРБ працуюць  107 урачоў і 406 медыцынскіх сясцёр. Амаль год, як тут укаранілі электронныя рэцэпты. Выехаць да хворага ў любую секунду гатовыя фельчарскія брыгады хуткай дапамогі з чатырох кругласутачных пастоў. А ў святы і выхадныя дні працуе і дадатковы. Летась бальніца атрымала новы санітарны аўтамабіль, якіх цяпер 5. 

У Горацкай ЦРБ добрая дыягностыка: апрача ФГДС, ЭКГ, кальпаскапіі і іншых распаўсюджаных абследаванняў можна зрабіць каланаскапію, бронхаскапію, ультрагукавую дыягностыку сэрца, сасудаў і лімфатычных вузлоў. Дарэчы, нядаўна клініка набыла новы апарат ультрагукавой дыягностыкі сярэдняга класа. З 2015 года раённыя спецыялісты праводзяць анкаскрынінг раку прастаты, шыйкі маткі і тоўстага кішэчніка. А сёлета ў бальніцы запрацаваў рэнтгенаўскі мамаграфічны апарат для скрынінга раку малочнай залозы. У рэнтгенкабінеце — лічбавы рэнтгенаўскі апарат, які робіць рэнтгенаграфію і рэнтгенаскапію. На базе бальніцы працуюць міжраённыя аддзяленне гемадыялізу і кардыялагічны кабінет. 

Палепшыць самаадчуванне дапамагаюць фізіятэрапеўтычныя і рэабілітацыйныя працэдуры. Іх у паліклініцы шырокі выбар: электралячэнне, падводны душ-масаж, жамчужныя і віхравыя ванны, механатэрапія, масаж, лячэбная фізкультура, арома- і спелеатэрапія. 

У рамках праекта «Горкі — здаровы горад» медыцынскія работнікі займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцця і прафілактыкай захворванняў. Спецыялісты распрацавалі пашпарты здароўя, дзе расказалі, што трэба рабіць работнікам пэўных арганізацый, каб добра сябе адчуваць. Ды і ўласны прыклад медыкі даюць. Занялі першае месца ў абласных спаборніцтвах па плаванні і лыжах. Святлана Бяззубенка кажа: 

— Самае галоўнае — разумець, што трэба захоўваць здароўе і рухацца ў бок здаровага ладу жыцця. Людзі павінны ставіцца да сябе клапатліва.

І бальніца дзякуючы такім праектам, як «Горкі — здаровы горад», актыўна ў гэтым дапамагае.


Комментировать


comments powered by HyperComments