Вішнявецкая прапіска

12 июля 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Фармацэўт-рэцэптар Ірына Зарыхта і правізар-інтэрн Таццяна Тарасава.
Фармацэўт-рэцэптар Ірына Зарыхта і правізар-інтэрн Таццяна Тарасава.
Аптэка № 159 Гродзенскага РУП «Фармацыя» была адчынена ў новым на той час мікрараёне Вішнявец 30 гадоў таму. Першы яе кіраўнік Іван Церыпінь шчыра клапаціўся пра сваіх падначаленых, пра імідж прадпрыемства. Мінула няшмат часу,  і аптэка набыла папулярнасць —  наведвальнікаў стала ўтрая больш. 

— Іван Мікітавіч ужо ў той час рупіўся, каб тут і мэбля была незвычайная, і камп’ютар з прынтарам, і селектарная сувязь, — расказвае загадчыца аптэкі Жана Малевіч. — Потым эстафету пераняў Эдуард Шпадарук, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. Эдуард Яўгенавіч пакінуў па сабе светлыя ўспаміны: прафесіянал, інтэлігент, сардэчны чалавек. 

Жана Малевіч — трэці кіраўнік вішнявецкай аптэкі. Нарадзілася непадалёк ад Гародні — у вёсцы Сухаўляны, што побач са Скідзелем.

— Аднойчы, калі я была яшчэ школьніцай, прачытала ў мясцовай газеце нарыс пра фармацэўта, які мяне вельмі ўразіў, гэтаксама як і прафесія, пра якую даведалася ўпершыню, — прыгадвае Жана Уладзіміраўна. — Неўзабаве знайшла ў даведніках тую ўстанову, дзе рыхтуюць фармацэўтаў, — Віцебскі медінстытут. Сярэднюю школу № 3 у Скідзелі скончыла з сярэбраным медалём, таму здавала ў абраны інстытут толькі хімію. На працягу вучобы давялося вывучаць ажно 13 хімій рознага кшталту. Гэтыя веды спатрэбіліся ў практычнай рабоце. 

Пасля інстытута Жану Малевіч размеркавалі ў Свіслач — правізарам-аналітыкам аптэкі № 11, пасля працавала ў Скідзелі ў аптэцы № 76 на цукровым заводзе. 

— Калі выйшла замуж, пераехалі ў Гародню, дзе атрымала новы вопыт, — успамінае субяседніца. — На гэты раз у аптэцы № 134. Тут працавала старшым правізарам, кантралявала фармацэўтычную дзейнасць Гродзенскага раёна — 15 аптэк. 

Калі дзевяць гадоў таму Жана Малевіч узначаліла аптэку № 159, тут працавалі каля 20 чалавек, у тым ліку фасоўшчык, аналітык, асістэнт, пасады якіх з часам анулявалі. Аптэка лічылася вытворчай: рыхтавалі не толькі лекі для пацыентаў па рэцэптах дактароў, але і лекавыя формы  для паліклінік і бальніц. Сёння за аптэкай № 159 замацаваны яшчэ тры ўстановы пятай катэгорыі і адна чацвёртай, якія знаходзяцца ў абласным цэнтры. Штат з улікам падведамасных аптэк — 29 чалавек. Сетка інфарматызаваная. 

— Рэалізуем гатовыя лекавыя формы, тавары аптэчнага асартыменту, — расказвае намеснік загадчыка аптэкі Святлана Кароза. — У нас адпускаюць наркатычныя сродкі — растворы, таблеткі, спецыяльныя пластыры для анкалагічна хворых, якія знаходзяцца на строгім уліку. Гэта патрабуе асаблівай пільнасці і адказных адносін да сваіх службовых абавязкаў. 

— Спецыялісты, якія ў нас працуюць, добра ведаюць сваю справу, маюць у асноўным вышэйшую і першую катэгорыю, — дадае Жана Малевіч. — Фармацэўт-рэцэптар Алена Іванова ў нас працуе 28 гадоў, намеснік загадчыка Святлана Кароза — 23, фармацэўт-рэцэптар Ірына Зарыхта — больш за 20, бухгалтар Таццяна Бараноўская — 15. У мяне 25 гадоў стажу ў сістэме Гродзенскага РУП «Фармацыя», 9 з якіх у аптэцы № 159. 

Тут праходзяць інтэрнатуру маладыя спецыялісты, набываючы вопыт. Многія з іх ужо самі ўзначальваюць аптэкі. Да прыкладу, Дзяніс Валынец — загадчык цэнтральнай раённай аптэкі № 7 у Бераставіцы, Марыя Дзядолка — загадчыца аптэкі № 49 у Гародні.

Калектыў аптэкі вельмі дружны. Разам працуюць і адпачываюць.

— З таго часу, калі прафкам Гродзенскага РУП «Фармацыя» ўзначаліла Ніна Серая, жыццё нашых аптэк літаральна завіравала рознымі цікавымі падзеямі, — дзеліцца думкамі Жана Малевіч. — Актыўна ўдзельнічаем у спартыўных мерапрыемствах, турыстычных злётах. 

Надоўга ўсім запомнілася ўрачыстае свята, прысвечанае 30-гадоваму юбілею. Маленькая гандлёвая зала на пэўны час ператварылася ў сцэну: спявалі, дэкламавалі вершы. Удзельнічалі ва ўрачыстасці таксама дзеці спецыялістаў. 

— У такія моманты яднання адчуваем сябе не проста дружным калектывам, якому пад сілу вырашаць любыя прафесійныя задачы, а сям’ёй, — прызнаецца Жана Малевіч. 


Комментировать


comments powered by HyperComments