Подписка 2019

Вучэбны год пачынаецца… з новай лабараторыі

07 сентября 2018

Автор(ы):
Анжелика Савченко


Фото автора.
Фото автора.
Першага верасня падчас урачыстай лінейкі першакурснікі Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа ўпершыню апранулі халаты. Гэта адна з добрых традыцый установы. Сёлета сюды паступілі 279 чалавек на спецыяльнасці «Сястрынская справа», «Фармацыя» і «Медыка-дыягнастычная справа». Таксама залічаны 22 навучэнцы з Туркменістана. Летась 12 замежнікаў атрымалi адукацыю ў змешанай групе.

Конкурс і балы немаленькія 

— Навучэнцам з Туркменістана спадабалася ў нашым каледжы. Яны расказалі пра нас на сваёй Радзіме, і іх сваякі, сябры таксама захацелі тут вучыцца. Таму сёлета мы сфарміравалі асобную групу. З беларусамі склаліся сяброўскія адносіны, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Костусева.

Конкурс тут вялікі. Так, на спецыяльнасці «Сястрынская справа» і «Фармацыя» 2,7 чалавека на месца. І прахадныя балы немаленькія. Напрыклад, на тую ж «Фармацыю» — 24. Усе навучэнцы, якія пажадалі, атрымалі месца ў інтэрнаце. Там створаны ўмовы і для здаровага адпачынку: зала аэробікі, трэнажорная зала, тэнісны стол, гурткі па інтарэсах.

Павіншаваць навучэнцаў з Днём ведаў прыйшлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Старавойтаў, галоўны ўрач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Басенка, галоўная медсястра Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Святлана Дворак, першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі БРСМ Павел Алекса, галоўная медсястра Магілёўскага абласнога процітуберкулёзнага дыспансера і старшыня абласнога Савета спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй Валянціна Сафонава. Намеснік галоўнага ўрача Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Камінская падарыла ад установы пральную машыну для навучэнцаў, якія жывуць у інтэрнаце. Дырэктар каледжа Юрый Крывашчокаў пажадаў назапашваць веды, якія перадаюць выкладчыкі, каб не расчаравацца ў сваім выбары і стаць выдатнымі спецыялістамі.  

Адзін з найстарэйшых

Больш за 170 гадоў мінула з часу, калі пры родадапаможнай установе гарадской бальніцы адкрылі аддзяленне для навучання вясковых павітух. У той час востра стаяла пытанне высокай смяротнасці парадзіх і нованароджаных. Сёння медкаледж — шматпрофільная ўстанова. Навучанне вядзецца па такіх спецыяльнасцях, як «Лячэбная справа», «Сястрынская справа», «Фармацыя» і «Медыка-дыягнастычная справа». Працуе 61 штатны выкладчык. У 22 з іх вышэйшая катэгорыя, у 25 — першая. Ёсць і кандыдат навук. У мінулым выпуску было 11 медалістаў. Навучэнцы перамагаюць у міжнародных, абласных і гарадскіх конкурсах, канферэнцыях, спартыўных турнірах: напрыклад, атрымалi дыплом першай ступені па лацінскай мове з медыцынскай тэрміналогіяй на алімпіядзе з міжнародным удзелам «Вопыт — лепшы настаўнік», дыплом пераможцы ў праекце «SOS» у намінацыі «Лепшы рэгіянальны бізнес-праект», дыплом першай ступені па валейболе з абласной спартакіяды. Навучэнцы нярэдка выступаюць валанцёрамі. Так, мінулай восенню ў Магілёве ўпершыню адбыўся фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам болей». Валанцёры каледжа дапамагалі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта, як адзначыла Святлана Костусева, важна дзеля развіцця камунікатыўных навыкаў будучых медработнікаў. 

Поспехі навучэнцаў падтрымліваюць спецыяльнымі стыпендыямі. Стымулююць конкурсы, якія праводзіць каледж, напрыклад, на лепшую акадэмічную групу. Ды і самі ўмовы, тэхнічнае аснашчэнне заахвочваюць. Так, напрыклад, будучыя фармацэўты займаюцца ў лабараторыях, набліжаных да аптэчных. На тэрыторыі каледжа вырошчваюць травы, з якіх гатуюць вітамінныя зборы. Фітачай з іх падабаецца і навучэнцам, і выкладчыкам. 

Багаты на традыцыі

Самыя галоўныя з традыцый, канечне, — гэта Першага верасня з ускладаннем халата і ўрачысты выпуск з клятвай. Дзецям вельмі падабаецца Дзень самакіравання. «Рыхтуем рэзерв кадраў», — кажа Святлана Костусева. Сфарміраваць лідарскія якасці і навыкі дапамагаюць органы самакіравання, дзейнічае Маладзёжны парламент. Праходзіць студэнцкі месячнік, падчас якога адбываюцца спартыўныя і інтэлектуальныя мерапрыемствы, напрыклад, КВЗ, дэбаты. Дарэчы, раней гэта быў тыдзень. Але моладзi так спадабалася гэта традыцыя, што яе працягнулі да месяца. У каледжы дзейнічае прынцып: роўны навучае роўнага. Валанцёры ходзяць у школы і расказваюць, як засцерагчыся ад грыпу, пазбавіцца шкодных звычак… 

Хто, як не медыцынскі работнік, павінен у першую чаргу клапаціцца пра сваё здароўе. Таму ў каледжы традыцыйным стаў Дзень здароўя, прымеркаваны да Масленіцы. У гэты дзень праходзяць зімовыя спартыўныя спаборніцтвы. Затым хлопцы ды дзяўчаты з задавальненнем п’юць фітачай і ласуюцца блінамi. А летам Дзень здароўя арганізоўваюць у лесапаркавай зоне «Любуж». Навучэнцы спачатку з дапамогай лясгаса прыбіраюць тэрыторыю. Потым тут праходзяць спартыўныя спаборніцтвы з узнагароджаннем пераможцаў, пасля ўсе частуюцца паходнай кашай, спяваюць… Словам, каледж дае шмат магчымасцяў, каб навучэнцы атрымлівалі якасную адукацыю, былі шчыра зацікаўленыя будучай прафесіяй і адпачывалі з карысцю. 

Сімуляцыйныя магчымасці

Важнай падзеяй першага верасня не толькі для медкаледжа, але і для ўсёй вобласці стала адкрыццё першай лабараторыі сімуляцыйнага навучання пры падтрымцы абласнога Савета спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. Ініцыятарам выступіла абласное галоўнае ўпраўленне аховы здароўя. Працэс навучання найбольш эфектыўны пры выкарыстанні інавацыйных тэхналогій з камп’ютарнымі сімулятарамі, спецыяльнымі фантомамі, муляжамі і трэнажорамі.


Лабараторыя пакуль працуе для слухачоў аддзялення павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. У ёй размешчаны спецыяльны трэнажор — максімальна рэалістычны, камп’ютарызаваны манекен чалавека для адпрацоўкі навыкаў правядзення сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, штучнай вентыляцыі лёгкіх і інтубацыі. Трэнажор дазваляе ацаніць наяўнасць пульсу, кантраляваць частату масажных рухаў, глыбіню кампрэсіі грудной клеткі, правільнасць размяшчэння рук пры масажы, аб’ём паветра, якое ўдыхаецца, і яго паступленне ў лёгкія ці страўнік… Манекен мае зменны камплект вачэй, можа быць даўкамплектаваны. Дарэчы, ён выдае адзнаку за выкананне маніпуляцыі ў працэнтах. 

— Трэнажор просты ў выкарыстанні, мае аўтаномнае сілкаванне, два рэжымы работы — трэніроўкі і экзамену, — кажа выкладчык хірургіі, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Андрэй Майстроў, які праводзіць навучанне ў сімуляцыйнай лабараторыі. А хутка пяць такіх лабараторый запрацуюць і для навучэнцаў медкаледжа.   


Комментировать


comments powered by HyperComments