Анкета

Бiяхакiнг па-беларуску

22 августа 2018


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Апошнім часам у моду ўваходзіць бiяхакiнг. Гэта сістэма кантролю за здароўем, якая грунтуецца на вызначэнні мноства паказчыкаў (ад звычайных аналізаў да складаных дарагіх даследаванняў), своеасаблівая медыцынская і аздараўленчая практыка, скіраваная на падаўжэнне жыцця і паляпшэнне яго якасці. Па сутнасці, антыўзроставая медыцына, але асаблівасцю біяхакiнгу з'яўляецца тое, што біяхакеры, нават не маючы захворванняў, маніякальна сочаць за ўласным здароўем: скрупулёзна вымяраюць артэрыяльны ціск некалькі разоў на суткі, вылічваюць баланс ужытых і выдаткаваных калорый, робяць аналізы па вызначэнні дзясяткаў біяхімічных паказчыкаў.

Але мы, беларусы, беражлівыя і кансерватыўныя, з асцярогай прымаем новаўвядзенні, тым больш тыя, што патрабуюць значных фінансавых выдаткаў. Таму давайце паглядзім на складнікі бiяхакiнгу і створым для сябе «бiяхакiнг па-беларуску».

1. Дыягностыка. Выканайце цалкам праграму дыспансерызацыі. Калі пакутуеце на артэрыяльную гіпертэнзію, кожны дзень вымярайце артэрыяльнай ціск, на цукровы дыябет — карыстайцеся глюкометрам і гэтак далей.

2. Карэкцыя харчавання і падбор дыеты. Ешце 5 разоў на дзень, але за тры гадзіны да сну спынiцеся. Пры гэтым з'ядайце ў дзень 400 г свежай хрумсткай садавіны ды агародніны  (радыс, морква, агуркі, капуста, яблыкі). 

3. Фізічная актыўнасць. Рухайцеся не менш як 150 хвілін на тыдзень, 2–3 разы на дзень выконвайце сілавыя практыкаванні. Замяніце пад'ём на ліфце уздымам па лесвіцы. Выходзьце з тралейбуса на прыпынак раней. Няма магчымасці запісацца ў спартзалу – прысядзьце некалькі разоў дома, адцiснiцеся ад падлогі.

4. Кантроль за гарманальным статусам. Дарагія жанчыны, пры наяўнасці клімактэрычных з'яў, парушэннях менструальнага цыклу, шаноўныя мужчыны, пры зніжэнні палавой функцыі, праблемах з лібіда і эрэкцыяй не саромейцеся звярнуцца да ўрача. Дарэчы, «сівізна ў бараду, а чорт у галаву» — не такі ўжо і кепскі варыянт развіцця падзей.

5. Дэтаксікацыя. Ешце летам больш нашых лясных і садовых ягад, а на зіму іх лепш замарозіць, чым варыць варэнне.

6. Ацэнка генетычных рызык. Прааналізуйце, чым хварэлі і ад чаго памерлі вашы сваякі. Акцэнтуйце на гэтым увагу свайго доктара, няхай ён параiць дадатковае абследаванне.

7. Нармалізацыя сну. Давайце перад сном на паўгадзіны адмовімся ад электронных дэвайсаў і выйдзем на шпацыр. А таксама пажадаем сабе  добрых сноў і будзем памятаць пра тое, што беларусам сны не сняцца — беларусы самі сняць сны.

8. Захаванне здароўя і прыгажосці скуры. Нездарма беларуская касметыка славіцца далёка за межамі нашай краіны.

9. Актывізацыя мазгавой дзейнасці. Бiлiнгвальнасць пазітыўна ўплывае на захаванне функцый мозгу і падаўжэнне яго маладосці. Давайце ў роўнай ступенi карыстацца беларускай і рускай мовамі, ды яшчэ вывучым нейкую замежную.

10. Прафілактыка стрэсу. Усміхайцеся часцей, жадайце добрай раніцы суседзям па пад'ездзе, завяршайце электронныя лісты  пажаданнямі добрага дня. Не забывайцеся на тое, што прырода мае супрацьстрэсавае ўздзеянне.

Варта памятаць, як бы мы ні назвалі гэтую сістэму – прафілактычная, антыўзроставая медыцына або бiяхакiнг — без працы і жадання самога чалавека нічога не атрымаецца. Як кажа беларуская прыказка, «трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца».

Андрэй Ільніцкі, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання, загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii;

Кірыл Прашчаеў, дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расiя).


Комментировать


comments powered by HyperComments