«…быў выключна дысцыплінаваным хворым»

12 ноября 2019


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Стасункі Якуба Коласа з дактарамі і медперсаналам — тэма малараспрацаваная і вартая не адной публікацыі на старонках «Медыцынскага весніка». Калі класік беларускай літаратуры быў у даволі сталым узросце, яму прыходзілася неаднаразова звяртацца да дактароў: высокі ціск, боль у суставах, запаленне лёгкіх вельмі часта непакоілі паэта. Са сваімі дактарамі Якуб Колас сябраваў, прысвячаў ім вершы і дарыў уласныя кнігі з аўтографамі, словам, быў удзячным пацыентам. А яго дактары ў сваю чаргу з павагай ставіліся да творцы і прыкладалі ўсе намаганні, каб палепшыць здароўе паэта. 

Якуб Колас вельмі любіў кнігі, быў добра знаёмы з класікай рускай і сусветнай літаратуры. На жаль, яго даваенная бібліятэка згарэла разам з домам пісьменніка ў першыя дні вайны. Калі Якуб Колас вярнуўся ў Мінск з эвакуацыі, ён зноў пачаў збіраць кнігі, атрымліваў іх у дар ад знаёмых. Сёння асабістая бібліятэка класіка налічвае 917 кніг, яна цалкам прадстаўлена на экспазіцыі ў рабочым кабінеце паэта ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. 

У бібліятэцы пісьменніка ёсць некалькі кніг-падарункаў паэту ад медыкаў. Адна з іх — манаграфія Мікалая Грашчанкова «Черепно- мозговые ранения и методы их лечения» (Медгиз, 1947) з дарчым надпісам: «Гордости Белорусского советского народа Якубу Коласу — дорогому Константину Михайловичу Мицкевичу, одному из лучших создателей академии наук БССР.  С уважением, Гращенков. 12.І. 1948 г.». Якуб Колас займаў пасаду віцэ-прэзідэнта АН БССР з 1929 па 1956 год.

Мікалай Іванавіч Грашчанкоў (1901–1965) — вучоны ў галіне неўралогіі і нейрахірургіі, доктар медыцынскіх навук (1935), прафесар (1938), член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР (1939), акадэмік Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1944), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1947). 

У 1926 г. скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1932–1933 гг. дырэктар Інстытута вышэйшай нервовай дзейнасці.  З 1937 г. першы намеснік наркама аховы здароўя СССР, з 1939 г. — дырэктар Усесаюзнага Інстытута эксперыментальнай медыцыны. 

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны кансультант па пытаннях неўрапаталогіі і нейрахірургіі ў дзеючай арміі. З 1944 г. дырэктар Інстытута неўралогіі АМН СССР. У 1947–1951 гг. прэзідэнт Акадэміі навук БССР і адначасова з 1948 г. дырэктар Інстытута тэарэтычнай медыцыны АН БССР. З 1951 г. загадчык кафедры фізіялагічнай лабараторыі АН СССР і АМН СССР, з 1958 г. — 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. 

У 1959–1961 гг. намеснік генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Ён аўтар прац па фізіялогіі і паталогіі органаў пачуццяў, электрафізіялогіі, траўматычных і інфекцыйных захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы ды інш. Вывучыў і апісаў газавую гангрэну мозгу, прапанаваў комплексныя метады тэрапіі агнястрэльных раненняў пазваночніка. Заклаў асновы нейрахірургіі ў Беларусі. Заснаваў нейрахірургічны цэнтр у Інстытуце неўралогіі, фізіятэрапіі і нейрахірургіі.

На 70-годдзе Якуб Колас атрымаў яшчэ адну кнігу ад дактароў — «Развитие санаторно-курортного дела в Белорусской ССР» (Издательство АН БССР, 1952). Кніга выйшла пад рэдакцыяй сапраўднага члена АН БССР прафесара Данііла Маркава, кандыдата мед. навук Яўгена Калітоўскага і кандыдата геолага-мінерал. навук Міхаіла Казлова. Ёсць і дарчы надпіс: «Многоуважаемому Якубу Коласу в день его 70-летия от авторов. 3.ХІ.1952 г. Минск».

Пра знаёмства Якуба Коласа з Даніілам Аляксандравічам Маркавым, акадэмікам АН БССР, доктарам мед. навук (1936), прафесарам, галоўным неўрапатолагам Міністэрства аховы здароўя БССР, заслужаным дзеячам навукі БССР (1964), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1974), мы ўжо пісалі на старонках газеты. Менавіта Маркаву і яго калегам паэт прысвяціў жартоўны верш «Дактарам»: 

Эх, дактары, замахі вашы мелкі,
Відаць, прывучаны к таму вы змалку.
Чаму, чаму замест сядзелкі
Вы не прыставіце ляжалку.
5.ХІ.1955 г.

Пад назвай рукапіса верша рукою паэта пазначана «Маім шаноўным дактарам — Д. А. Маркаву,  Б. І. Трусеву і С. І. Ліяранцэвічу, свяцілам зямлі Беларускай». 

А вось пра асобу Яўгена Фёдаравіча Калітоўскага і яго сувязь з паэтам не было сказана.

У асабістай бібліятэцы паэта ёсць яшчэ адна кніга «Прыродныя лячэбныя рэсурсы Беларусі» (Мінск, 1953) з дарчым надпісам ад Калітоўскага: «Дарагому Якубу Коласу ад аўтара. Калітоўскі. 29.VIII.1953 г.»

Яўген Фёдаравіч Калітоўскі (1896–1980) пачаў медыцынскую дзейнасць санітарам на фронце Першай су- светнай вайны ў 1915 г., дзе атрымаў кантузію (дарэчы, Якуб Колас таксама ўдзельнік Першай сусветнай вайны, меў званне падпаручніка, быў на Румынскім фронце). 

У 1921 г. Калітоўскі скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію (ВМА). З 1921 г. жыў у Мінску, з'яўляўся тэрапеўтам Цэнтральнай паліклінікі Народнага камісарыята аховы здароўя, клінічным ардынатарам Інстытута фізічных метадаў лячэння ў Мінску (1921–1926 гг.). Працаваў галоўным урачом, кансультантам-тэрапеўтам-асістэнтам клінічнага санаторыя «Чырвоны шахцёр», кансультантам-фізіятэрапеўтам санаторна-курортнага аб'яднання на Каўказскіх Мінеральных Водах у Кіславодску (1926–1949 гг.). 

У гады Вялікай Айчыннай вайны Калітоўскі кіраваў шпіталем на фронце. У 1956 г. яму прысуджана ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1949–1951 гг. з'яўляўся галоўным урачом Рэспубліканскага шпіталя лячэбна-санітарнага ўпраўлення спецпрызначэння Мінска, у 1950–1962 гг. кіраваў Дзяржаўным НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі (у цяперашні час РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі).

Якуб Колас быў добра знаёмы яшчэ з адным доктарам — Сяргеем Ліаранцэвічам, які, як і Калітоўскі, меў добрую падрыхтоўку па ваеннай медыцыне, таксама скончыў ВМА. 

Сяргей Іосіфавіч Ліаранцэвіч служыў палкавым урачом на Заходнім фронце падчас Першай сусветнай вайны. У гады Вялікай Айчыннай працаваў загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення ваеннага шпіталя, пасля вайны — асістэнтам Мінскага медыцынскага інстытута, намеснікам галоўнага ўрача стацыянара Рэспубліканскай бальніцы 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя  Беларусі. Заслужаны ўрач БССР (1949). 

У кнізе «Колас расказвае пра сябе» беларускі пісьменнік і асабісты сакратар паэта Максім Лужанін адзначаў: «Жартоўныя прысвячэнні дактарам, усхваляючы іх цуда-дзейную моц і высмейваючы сваю нядужасць, Канстанцін Міхайлавіч пісаў часта. Асабліва шанцавала  С. О. Ліяранцэвічу, які ў вершаваных коласаўскіх пасланнях іменаваўся «мітрапалітам Сергіем». Вось адзін з вершаў, прысвечаных гэтаму цудоўнаму доктару: 

Пасланне прэпадобнаму Сергію 
на вуліцы Захарава

О, Сергій прэпадобны!
Пішу даклад падробны.

Мала сплю без парашкоў,
З парашкамі горай.
Я прашу, каб я здароў,
Дапамогі скорай.

«Без музыкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды».

Сказана ў пісанні, 
У святым сказанні.
Эх, вы, палкі-елкі
Стопачку б гарэлкі!
14.ХІ.1955 г.

Якуб Колас не толькі дарыў урачам свае кнігі і прысвячаў вершы — некаторыя з яго дактароў сталі прататыпамі герояў яго твораў. Напрыклад, у адной з апошніх казак жыцця «Як птушкі дуб ратавалі», па меркаваніі малодшага сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча, добра праглядаюцца «дзеючыя асобы»: «Так, пад крумкачом схаваны акадэмік Б. І. Трусевіч, пад дзятлам — акадэмік Д. А. Маркаў, пад галубкамі — сыны, пад сарокаю і сойкаю — нявесткі Коласа, адпаведна Зарына і Наташа. А той стан, у якім знаходзіўся дуб, — гэта стан здароўя самога аўтара. Пад хворым дубам меўся на ўвазе менавіта ён». 

Вось як Якуб Колас апісвае дзятла: «Нарэшце ўсё ж такі дзяцел з птушкамі-пасланцамі прыбыў да старога дуба. Не спяшаючыся, як і належыць сталаму доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галінкі і невялікія дуплінкі. Агляд рабіў уважна. Старанна залазіў сям-там і ў самае дупло. Часамі ён, нібы доктар-неўрапатолаг, стукаў сваёй доўгай і вострай дзюбай-малаточкам  па дубовай кары, па галінках. Птушкі з заміраннем сэрца сачылі за кожным спрактыкаваным рухам дзятла і дзівіліся яго ў высокай ступені спрытным доктарскім прыёмам і захоўвалі ўрачыстае маўчанне». 

Доктар мед. навук (1943), загадчык кафедры факультэтскай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута (1943–1961), загадчык кафедры тэрапіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў (1945–1949), галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя (1952–1954), акадэмік АН БССР (1956) Барыс Іпалітавіч Трусевіч у творы Коласа атрымаў наступную характарыстыку: «За даўгавечнасць, за веданне жыцця адны называлі яго прафесарам, другія — акадэмікам».

У лісце да Яніны Кулакоўскай, жонкі беларускага пісьменніка Алеся Кулакоўскага, ад 8 лістапада 1955 года Якуб Колас пісаў: «Тым жа часам прайшоў і мой дзень нараджэння (3/ХІ) і праходзяць, дзякуй богу, і святы. Ні дня свайго нараджэння, ні свят я так і не бачыў. Загналі мяне на другі паверх у маю кватэрку і не пускаюць сысці ўніз — так апякуюцца аб маім здароўі… Ніколі ў жыцці я не быў у такой ізаляцыі. Да мяне прыставілі сясцер-сідзелак. Па чарзе вартуюць яны маё здароўе. Шмат можна гаварыць пра ўсё гэта, але слухаць няма чаго. Мяне проста вывелі з раўнавагі, у выніку чаго разбушаваліся нервы. А ціск крыві падняўся да 245. Яшчэ б трошкі вышэй, дык быў бы параліч мазгоў — так дактары кажуць». 

У лісце да перакладчыцы і паэткі Святланы Сомавай ад 8 лістапада 1955 года Якуб Колас піша: «За несколько дней до дня своего рождения я пережил большую нервную бурю. 

Она смяла меня, надломала, казалось, крепкого, как дуб, человека». Гэтыя радкі — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што ў вобразе дуба ў казцы можна ўбачыць асобу самаго пісьменніка: «…няўзнакі год за годам на дуб навальвалася старасць. Верхавіна яго лысець пачала, і ўжо некалькі голых, як пальцы рук, галін, нібы свечкі, высока свяціліся ў небе».

У апошнія гады Якуб Колас адчуваў, што жыць яму засталося вельмі мала, у лістах да сваіх знаёмых і сяброў ён часцяком зазначае: «мне зыходзіць тэрмін жыць на гэтым свеце», «блізка мой захад» і інш. 

Ёсць у паэта верш, у якім ён апісвае свой стан здароўя, звяртаючыся да самога сябе: 

Я хворы. Спяшаецца сэрца
Адстукаць свой пай.
Зачыняцца ў свет мае дзверцы,
Якубе, зважай!
Прыпамятай, покі не позна,
Ці ўсё ты зрабіў…

А зрабіў Якуб Колас і сапраўды вельмі многа, яго ўнёсак у развіццё беларускай мовы, літаратуры і культуры нельга пераацаніць.


У асабістай бібліятэцы Якуба Коласа акрамя кніг захоўваюцца і перакідныя календары, якія любіў пагартаць пісьменнік. На іх старонках ён часам пазначаў штосьці, а часам і звяртаўся да календара як да жывога: «Дарагі мой каляндар! Няхай наступны будзе ў дар. 31/ХІІ 1953 г. Якуб Колас». 

У календары за 1952 г. на  12 мая рукою паэта пазначана: «Паехаў у лечкамісію», а 30 мая — «Вярнуўся з лечкамісіі». Больш за палову месяца Якуб Колас знаходзіцца ў стацыянары. У лісце да знаёмай сям’і паэта Маргарыты Прозаравай ад 14 мая 1952 г. Колас тлумачыць матывы яго знаходжання ў бальніцы: 

«Пишу Вам из стационара, в котором нахожусь с 12 мая. Решил немного подлечиться. Впрочем, и лечить по существу нечего, кроме, конечно, старости. Но эта болезнь неизлечимая». 

У стацыянары Якуб Колас працягвае працу над раманам «На ростанях». Але пісаць у бальніцы — нялёгкая задача. У лісце да сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 17 мая 1955 г. паэт скардзіцца на адсутнасць цішыні ў палаце: 

«Здесь в стационаре донимает уличный грохот. Грузовые машины и трамвай не умолкают ни днем, ни ночью. Кроме того, окно моей палатки — а окно очень большое — выходит на восточную сторону. Все это вызывает малосонье. Снотворное не помогает».

Некаторым дактарам Якуба Коласа пашчасціла атрымаць кнігі ад аўтара з аўтографам. Так у 1948 годзе доктару Давіду Абрамовічу Якуб Колас падарыў кнігу «Рыбакова хата» з дарчым надпісам: «Дорогому Давиду Григорьевичу Абрамовичу. «Да не услышит ухо Ваше легочных хрипов». З 1944 па 1949 г. Абрамовіч займаў пасаду загадчыка стацыянара лечкамісіі, атрымаў ступень кандыдата мед. навук (1960), з’яўляўся асістэнтам кафедры ўнутраных захвораванняў Мінскага медыцынскага інстытута, у 1960-х гг. працаваў на пасадзе галоўнага дыетолага Міністэрства аховы здароўя БССР. З Якубам Коласам пазнаёміўся падчас работы ў лечкамісіі, пра што доктар Абрамовіч пакінуў цікавыя ўспаміны: 

«На працягу 1944–1949 гадоў, калі я працаваў загадчыкам стацыянара спецпрызначэння, народны паэт БССР Якуб Колас два разы знаходзіўся там на лячэнні. Стан яго здароўя ў той час не быў цяжкім, але ён меў патрэбу ў працяглым спакоі і сістэматычным назіранні… Канстанцін Міхайлавіч быў выключна дысцыплінаваным хворым, строга прытрымліваўся вызначанага рэжыму і акуратна выконваў усе прызначэнні дактароў… З усім персаналам бальніцы Якуб Колас трымаў сябе вельмі проста і сціпла. Мы ніколі не заўважалі ў яго зласлівасці, прыдзірлівасці або павышанай патрабавальнасці. Заўсёды спакойны і ветлівы, ён горача дзякаваў абслугоўваючаму персаналу за самую маленькую паслугу. А калі пакідаў стацыянар, выносіў усім пісьмовую падзяку. Асабліва ўважлівы быў Канстанцін Міхайлавіч да санітарак і медсясцёр, цікавіўся іх жыццём, працай, нярэдка дапамагаючы ім парадай, цёплым словам.

Колас звычайна быў стрыманы і нешматслоўны, ды і мы імкнуліся паменш яго непакоіць, хоць многім з персаналу хацелася пагаварыць і бліжэй пазнаёміцца з народным паэтам. Нярэдка пасля абходу, калі Канстанцін Міхайлавіч адчуваў сябе няблага, я заставаўся ў яго ў палаце і гутарыў з ім, што прыносіла мне вялікае задавальненне. Пасля кожнай гутаркі заставалася такое адчуванне, нібы я напіўся чыстай свежай вады з жыватворнай крыніцы».

Давід Рыгоравіч падарыў свайму пацыенту кнігу «Влияние алкоголизма на здоровье, труд и быт человека» (Минск, 1954), якая выйшла пад яго і доктара мед. навук, прафесара Міхаіла Чалісава рэдакцыяй, пакінуўшы на кнізе дарчы надпіс: «Глубокоуважаемому Константину Михайловичу Мицкевичу (Якубу Коласу). Д. Г. Абрамович, г. Минск, 21.ІХ.1954 г.». 

Якуб Колас знаходзіўся тады ў стацыянары лечкамісіі. 20 кастрычніка 1954 года паэт захварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх і пісаў свайму сябру і перакладчыку Пятру Сямыніну ў лісце ад 3 лістапада 1954 года: «Это уже 19 заболевание воспалением легких, начиная с 1946 г. Болезнь прошла. Чувствую только слабость. Праздники, с которыми я сердечно поздравляю Вас, придется отпраздновать в больнице — так же, как и свои 72 года. Сегодня как раз они закруглились». 


Васіліна Міцкевіч, праўнучка Якуба Коласа, кандыдат сацыял. навук.



Комментировать


comments powered by HyperComments