Дзе прыжывецца сімвал продкаў?

28 апреля 2019

Автор(ы):
Светлана Хорсун


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
У сімвалах, што дайшлі да нашых дзён у аздобе квяцістых посцілак, саматканых абрусаў і ручнікоў,  зашыфраваны код беларускай нацыі, які спакваля вяртаецца ў сучаснасць беларускімі вышыванкамі, узорамі  на гарадскіх забудовах і вясковых вуліцах. 
Нядаўна грамадскасцю сталіцы выказана яшчэ адна прапанова — да 100-годдзя аховы здароўя ўвекавечыць сімвал беларускага арнаменту — знак жыцця — на тэрыторыі БДМУ. 
У абмеркаванні гэтай ідэі ўзялі ўдзел вядомыя асобы, нераўнадушныя да традыцый і гісторыі краіны.


Валянціна Курсевіч, 
намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 

У скарбніцы духоўнай культуры захоўваюцца каштоўныя веды пра сусвет, прыроду, жыццё чалавека, перад якімі заўсёды стаяла няпростая задача: звязаць паміж сабой мінулае, сучаснае і будучае. 

У медыцыне з даўніх часоў найбольш распаўсюджанымі лічацца чатыры сімвалы. Самы вядомы з іх — чаша са змяёй. Гэтая выява знаёмая з часоў Авіцэны, які лячыў пацыентаў змяіным ядам. Вобраз стражытнагрэчаскай багіні здароўя Гігеі атаясамліваўся з жанчынай са змяёй. Не менш вядомы яшчэ адзін сімвал — кій старажытнагрэчаскага лекара Асклепія са змяёй. Ёсць паданне, што Асклепій, убачыўшы, як на яго кій запаўзае змяя, забіў яе. І тады да кія падпаўзла другая, каб з дапамогай зёлак ажывіць забітую… Існуе сімвал чырвонага крыжа і чырвонага паўмесяца, якія звязаны з дзейнасцю міжнароднай арганізацыі. І чацвёрты сімвал ужо з 20-га стагоддзя. Гэта шасцівугольная зорка жыцця, якой карыстаюцца службы экстраннай дапамогі ў ЗША.

Знак жыцця на тэрыторыі БДМУ — гэта вельмі лагічна. Сімвалічна. 

Жыццё і медыцына — непарыўныя паняцці. Урач побач са сваім пацыентам — ад нараджэння і да скону. Выратаванае жыццё, магчымасць радавацца яму — самы вялікі прафесійны здабытак кожнага медыцынскага работніка…

Я нарадзілася ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна. Да гэтага часу памятаю цудоўныя тканыя ручнікі маёй бабулі Ганны з загадкавымі тады для нас, савецкіх дзяцей, геаметрычнымі ўзорамі, сярод якіх, безумоўна ж, быў і гэты нацыянальны сімвал, які вяртаецца сёння нашчадкам. Гэта наша нацыянальная адметнасць і прафесійны гонар. Такое вяртанне  не можа не радаваць. 

Яўген Сахута, 
вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларуская культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,  старшыня Беларускага  саюза майстроў народнай  творчасці, доктар  мастацтвазнаўства, прафесар 

Асноўная сімволіка беларусаў захавалася ў нас на ручніках, на традыцыйным адзенні ў такім выглядзе, як яна, магчыма, была і сотні гадоў таму. Гэта ромбагеаметрычны арнамент сімвалічнага чырвонага колеру на белым фоне. У старажытнасці кожны такі знак нешта абазначаў і меў сімвалічнае значэнне. 

Стары ручнік можна было чытаць як паэму народнага жыцця, у якой занатаваны погляд беларуса на прыроду, гісторыю, чалавечыя ўзаемаадносіны. Праблема ў тым, што нашы навукоўцы гэтым пытаннем позна зацікавіліся. 

Ужо ў канцы 19-га стагоддзя сэнс беларускай сімволікі стаў губляцца. Пачалі з’яўляцца вышываныя ўзоры расліннага кшталту. 

Ромбагеаметрычныя знакі прадаўжалі жыць на старых вырабах, але новае пакаленне забывалася пра іх сэнс. Ні-хто ўжо не прытрымліваўся ні каларыстыкі, ні сімволікі. А калі нашы навукоўцы спахапіліся і перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны яшчэ паспелі нешта зрабіць у гэтым накірунку, дык гэта ўжо быў вельмі позні пласт, дзе шмат выдуманага, самадзейнага і сэнс сімвалаў далёка не бясспрэчны. Таму не ўсё тое, што маем сёння, можна прымаць як абсалютныя вынікі. 

Сонечны знак — ромб з адросткамі. У старажытнасці ён абазначаўся кругам з адросткамі, але ж у ткацтве, дзе ёсць толькі вертыкальны і гарызантальны ракурсы, круг не атрымаецца. Таму ён трансфармаваўся ў ромб. Усе навукоўцы, якія вывучаюць славянскую культуру, схіляюцца да таго, што гэта сонечны знак. Нашы продкі пакланяліся сонцу, якое ім свяціла ўсё жыццё. 

Безумоўна, гэта быў цэнтральны знак. Дарэчы, усе яны мелі сімвалічнае абярэгавае значэнне. 

Знак жыцця ў кнізе Міхаіла Кацара «Беларускі арнамент» падаецца як спалучэнне двух сімвалаў — сонца (ромб з адросткамі) і зямлі (такі ж ромб, але адросткі накіраваны ўнутр). Відаць, такі сімбіёз не выпадковы: спалучэнне энергіі сонца і зямлі дае жыццё. Гэты сімвал цалкам лагічны, традыцыйны. 

Пахвальна тое, што сёння расце цікавасць да традыцыйнай сімволікі, якую можна ўбачыць і на вышываных кашулях, і на кубачках, і ў архітэктурным асяроддзі. Ідэя абазначыць старажытны сімвал жыцця на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта заслугоўвае ўвагі. Другая справа — як яе ўвасобіць, як падаць. Тут ужо трэба весці размову са спецыялістамі: архітэктарамі, скульптарамі, мастакамі-дызайнерамі і г. д. Але ж, скажам, у Полацку ўсё-такі змаглі ўвасобіць у гарадскую прастору ў аб’ёмным скульптурным варыянце літару Ў. Атрымалася арыгінальна і запамінальна. Думаецца, знак жыцця таксама можна ўвасобіць у таленавітым дызайнерскім рашэнні, але тут ўжо, пэўна, спатрэбіцца і надпіс, і творчы падыход. 

Больш падрабязна чытайце ў газеце "Медыцынскі вестнік" №17



Комментировать


comments powered by HyperComments