Эквадор: тэрапія прыродай і крыкам

31 марта 2017


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.


Андрэй Ільніцкі
старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання,
загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны 
Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii;

Кірыл Прашчаеў, 
дырэктар Навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расiя).

Горад Баньёс-дэ-Амбато ў Эквадоры любяць пажылыя людзі не толькі з Лацінскай Амерыкі, але і з ЗША, Германіі, Нідэрландаў. Ён размешчаны ля падножжа Андаў, дзе круглы год пануе мяккае вясновае надвор'е (сярэдняя тэмпература 18 °С) i буяе багатая трапічная расліннасць з-за блізкасці ракі Амазонкі і лініі экватара. Горад атулены 57 прыгожымі вадаспадамі, пешаходнымі сцежкамі, мастамі, рэкамі і рознымі крыніцамі мінеральнай вады з тэмпературай ад 18 °С да 55 °С. Невялікія курортныя цэнтры прапануюць аздараўленчыя праграмы для пажылых людзей любой працягласці — ад адной гадзіны да месяца. Гэта значыць, што за месяц пры жаданнi можна падабраць сабе маршрут наведвання трыццаці розных цэнтраў, якiя ладзяць аздараўленчую праграму. Наведвальніка вітае гід, ад якога ён атрымлівае ўсе неабходныя інструкцыі. Важным момантам з'яўляецца тое, што ўсе рэабілітацыйныя мерапрыемствы праводзяцца басанож, за выключэннем асоб, якія хварэюць на цукровы дыябет або іншыя паталогii, пры якіх небяспечныя мікратраўмы стоп. 

Кожны такі цэнтр уяўляе своеасабліва арганізаваную садова-паркавую зону з участкамі разнапланавага ўздзеяння на арганізм наведвальніка. Найперш трапляеш у так званы «чысцец». Шлях да яго мае кругавую траекторыю, чалавек павiнен прайсцi дарожку з дробных камянёў, абысцi тры разы вакол вогнішча. Лiчыцца, што калi прыемна паколвае ў стопах, арганізм «ачышчаецца ад грахоў жыцця». Далей шлях вядзе ў тунэль, высланы вялікімі круглымі камянямі, дзе хада больш камфортная, што дазваляе крыху расслабіцца, а далікатны водар мясцовых кветак робіць падарожжа больш прыемным. Сапраўдная ароматэрапія, да якой дадаюцца пахi фруктовых дрэў — мандарынавых, апельсінавых, персікавых, абрыкосавых, грэйпфрутавых. Дарэчы, фрукты можна свабодна есцi. 

Шмат сустракаецца шыльдаў з прыказкамі і прымаўкамі эквадорскіх і замежных аўтараў пра каштоўнасць жыцця, што дае пэўны псіхатэрапеўтычны эфект. 

З пляцоўкi адпачынку, размешчанай на ўзвышшы, можна ўбачыць прыгожую жывапісную мясцовасць, абкружаную гарамі і рэкамі. Тут праводзіцца тэрапія крыкам. Наведвальнік павінен прыгадаць свае праблемы, расчараваннi, стрэсы і крычаць пра іх як мага гучней і часцей, каб вызваліцца ад напружанасці. 

Пасля ачышчальнай тэрапіі крыкам наведвальнік накiроўваецца ў так званае «свяцілішча». Iсці трэба па траве, што спрыяе расслабленню мышцаў. Па дарозе можна адпачыць некалькі хвілін, затым зноў прадоўжыць шлях. 

Наступны прыпынак — на самым краi вялікага горнага абрыву, дзе арганізавана адмысловая тэрапiя — кіданне ў абрыў дробных камянёў, прычым іх трэба пасылаць з усёй сілы і як мага далей. Згодна з мясцовымi традыцыямi, гэтая працэдура дазваляе «пазбавiцца адмоўнай энергіi». 

Закончваецца шпацыр мыццём ног у ручаі з ключавой вадой, падалагiчным аналізам. Наведвальнiкам прапаноўваюць пазнаёмiцца со схемамi падэшваў стоп, на якiх намаляваны праекцыі розных унутраных органаў з апісаннем іх стану і рэкамендацыямі спецыялістаў цэнтра. Завяршаецца прагулка гарбатай з розных лекавых раслін. Далучыўшыся да такога аздараўленчага падарожжа, усе вяртаюцца задаволенымi і памаладзелымі.



Комментировать


comments powered by HyperComments