Горад, прыязны да сталых людзей

01 декабря 2016

Автор(ы):
Евгений Креч (фото)


Фото носит иллюстративный характер. Из архива «МВ».
Фото носит иллюстративный характер. Из архива «МВ».
Нататкi герантолагаў

>> Андрэй Iльнiцкi, старшыня праўлення Беларускага 
рэспубліканскага геранталагічнага аб’яднання, загадчык 
кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны
 Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага 
медыка-біялагічнага агенцтва Расіі; 

>> Кiрыл Прашчаеў, дырэктар Навукова-даследчага 
медыцынскага цэнтра «Геранталогiя» (Расiя), 
доктар мед. навук.

На паўночным усходзе Італіі, паміж Адрыятычным узбярэжжам і Альпамі знаходзіцца горад Удына. Упершыню ён згадваецца пад 983 годам і мае багатую гісторыю. Яго славутасці — унікальныя старадаўнія храмы, замак, пабудаваны ў 1517 годзе, знакаміты батанічны сад «Кармор» — дадаюць гораду непаўторнасці. Аднак ёсць яшчэ адна асаблівасць, якая вылучае сярод іншых мясцін Італіі: ён афіцыйна з’яўляецца горадам, прыязным да сталых людзей. 

Канцэпцыя «Горад, прыязны да сталых людзей» была ўпершыню прадстаўлена Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў чэрвені 2005 года на адкрыцці XVIII Міжнароднага кангрэса па геранталогіі і герыятрыі ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія).

Прадугледжана, што населеныя пункты, якiя далучаюцца да сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей, бяруць на сябе абавязак спрыяць функцыянальнаму старэнню, аптымізуючы магчымасці для аховы здароўя і паляпшэння якасці жыцця.

Старэнне насельніцтва з’яўляецца ўсталяванай тэндэнцыяй; паводле прагнозаў, доля людзей, старэйшых за 60 гадоў, у свеце падвоіцца i складзе 22% у 2050 годзе. У той жа час наш свет становіцца iншым: ужо зараз больш як палова насельніцтва жыве ў гарадах, а да 2030 года чакаецца, што кожныя тры з пяці чалавек у свеце будуць жыць у горадзе. Асноўная ідэя Канцэпцыі ў тым, што функцыянальнае старэнне — гэта доўгатэрміновы працэс, i горад, прыязны да сталых асоб, будзе прыязны і да ўсіх іншых насельнікаў. Безбар’ернае асяроддзе забяспечыць мабільнасць і незалежнасць для людзей з абмежаванымi магчымасцямi любога ўзросту. Бяспека на вуліцах дазволіць дзецям, моладзі і пажылым менш знаходзіцца за сценамі дамоў, весці фізічна актыўны лад жыцця. Сем’і змогуць адчуваць меншы стрэс, калі старэйшыя будуць мець падтрымку ад грамадскасцi і разлічваць на якасць медыцынскіх паслуг. Грамадства атрымае выгаду ад удзелу сталых у валанцёрскіх справах або ў працоўнай дзейнасці. 

І жыхары стотысячнага Удына вырашылі далучыцца да гэтага руху. Бо пенсіянераў у горадзе больш за 24%, у той час як у сярэднiм па Італіі — толькі 19% насельнiцтва. Сярэдні ўзрост тут — 47 гадоў (па краіне — 42). На працягу некалькіх гадоў улады і жыхары горада працавалі над паляпшэннем якасці жыцця пажылых людзей. 

Для стымулявання прагулак і атрымання задавальнення ад зялёных зон дастаткова зручна размешчаных лавачак з абавязковымі апорамі-падлакотнікамі, каб пажылым было зручна прысаджвацца і ўставаць. Досыць чыстых, бяспечных і даступных для людзей з абмежаванымі магчымасцямі грамадскіх прыбіральняў. Тратуары ў добрым стане і, што вельмі важна, маюць якаснае асвятленне. Грамадскія будынкі абсталяваныя пандусамі і поручнямі. Парковачныя месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі не займаюць іншыя кіроўцы. У месцах з камп’ютэрызаванымі паслугамі (банкі, тэрміналы аплаты ды інш.) заўжды ёсць супрацоўнік, які дапаможа. Пісьмовая інфармацыя падаецца буйным шрыфтам і простымі фразамі.

Кіроўцы гарадскіх аўтобусаў не пачынаюць руху, пакуль пажылыя людзі не зоймуць месцы. Адразу заўважны высокі ўзровень грамадзянскай культуры, якая шануе пажылых і ўлічвае іх інтарэсы. У музеях і кавярнях, парках і крамах можна сустрэць мноства састарэлых у атачэнні дзяцей і ўнукаў.

Сетка гарадоў і суполак, прыязных да сталых людзей, налічвае 258 з 28 краін. На Вашу думку, якi б горад у Беларусі мог стаць удзельнiкам гэтага руху? Магчыма, Гродна, дзе актывісты з Універсітэта залатога стагоддзя пры Студыі карысных кампетэнцый распрацоўваюць такі праект? Або Полацк — побач з ім Наваполацк, які ўжо ўвайшоў у праграму гарадоў, прыязных да дзяцей. 

Давайце разам рабіць так, каб любы беларускі горад быў месцам, дзе прыемна жыць сталым людзям.



Комментировать


comments powered by HyperComments