Мальта. Дэменцыя. Каханне

29 августа 2016




>> Андрэй Ільніцкі
старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання, 
загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай 
медыцыны Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii;

>> Кірыл Прашчаеў
дырэктар Навукова-даследчага медыцынскага цэнтра 
«Геранталогія» (Расiя):

На Мальце ёсць Інстытут старэння Арганізацыі аб'яднаных нацый. Гэта ўнікальная паслядыпломная адукацыйная ўстанова, якая займаецца выключна кароткатэрміновымі стажыроўкамі ў галіне геранталогіі і герыятрыі. Спектр — ад вузкіх клінічных пытанняў да шырокіх сацыяльных праблем. Педагагічны склад таксама ўнікальны — гэта і непасрэдна мальтыйскія спецыялісты, і запрошаныя ў залежнасці ад тэматыкі курсаў прафесары з вядомых цэнтраў свету (ЗША, Вялікабрытаніі, Італіі ды іншых краін). 

Летась нам пашчасціла пабы­ваць у гэтым інстытуце. Больш за ўсё закранула наведванне медыка-сацыяльнага цэнтра, дзе пражываюць людзі з глыбокай дэменцыяй. Даглядаюць за пажылымі пераважна мужчыны. Супрацоўнікі адданыя прафесіі, бачна, якой шчырай цеплынёй яны атачаюць жыхароў цэнтра. Тут мала што нагадвае шпіталь або дом-інтэрнат. Хутчэй, гасцініцу. 

Раніцай адным персанал налівае гарбату, а іншым — каву. Пытаем: «Чаму па-рознаму?» Адказваюць: «Мы высветлілі ў сваякоў звычкi і трымаемся іх, бо сам чалавек не можа нам сказаць, чаго хоча». Увечары ў гасцёўні людзi сядзяць вакол тэлевізара, а аднаго дзядка санітар корміць шакаладным ёгуртам. “Чаму менавіта яго і цяпер?” — “Таму што гэты дзядуля заўсёды ўвечары перад тэлевізарам еў шакаладны ёгурт”. 

Паводле думкі навуковага кіраўніка цэнтра, галоўны прынцып працы — па магчымасці наблiзiць чалавека да таго ладу жыцця, які ў яго быў дома, таму што хутчэй за ўсё дэментны чалавек адчувае і разумее, але не можа сказаць. 

У цэнтры нам распавялі адну гісторыю. Пажылая жанчына пражыла ў цэнтры амаль 15 гадоў і прайшла стадыі ад лёгкай дэменцыі да глыбокай. Амаль з першага дня ciмпатызавала маладому супрацоўніку-санітару. У першыя гады яна гаварыла яму: «Які ты прыгожы, разумны». Потым выказвала пачуцці, гладзячы яго па руцэ. Кожны раз, калі ён сыходзіў у адпачынак, замыкалася ў сабе, і астатнім супрацоўнікам было няпроста працаваць з ёй. Апошні год жыцця была цалкам ляжачай і недаступнай аніякаму кантакту. У апошнія тыднi санітар, да якога мела прыхільнасць, знаходзіўся ў адпачынку, і ўвесь месяц з яе твару не сыходзіў пакутны выраз. Санітар вярнуўся за тры дні да яе смерці, і гэты час яна правяла з натхнёным абліччам і сышла з жыцця з усмешкай. Вось такая гісторыя кахання. 

Захаванне годнасці сталага чалавека ў любой сітуацыі — галоўны запавет геранталогіі.



Комментировать


comments powered by HyperComments