Мінскія дактары Янкі Купалы (заканчэнне)

17 июля 2017


Доктар Маліноўскі (у цэнтры), побач сядзіць доктар Эфрас, стаяць справа фельчар Стэфановіч, злева доктар Лойка. Слонім, 1939 г. Фота з уласнага архіва Г. Глагоўскай.
Доктар Маліноўскі (у цэнтры), побач сядзіць доктар Эфрас, стаяць справа фельчар Стэфановіч, злева доктар Лойка. Слонім, 1939 г. Фота з уласнага архіва Г. Глагоўскай.
Пачатак тут.

Уладыслаў Маліноўскі

Варта згадаць і пра доктара Уладыслава Маліноўскага, якому Янка Купала дзякаваў «за шчыра бацькоўскі дагляд і перавязкі». Ён быў хірургам. 

Нарадзіўся 26 красавіка 1871 года ў Бабруйску ў сям'і Аляксандра Маліноўскага (адваката, уласніка маёнтка Кармазы) і Зоф’і з Хадасевічаў. Гімназію закончыў у Мінску і паступіў на прыродазнаўчы факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Адтуль пераехаў у Маскву і паступіў на медыцынскі факультэт. Дыплом урача атрымаў 31 кастрычніка 1898 года. Да Першай сусветнай вайны працаваў у шпіталях ва Украіне, у Гарадзішчы на Наваградчыне і ў Мінску, дзе быў павятовым лекарам. 

Пасля ўзяцця Мінска польскімі войскамі летам 1919 года да 18 верасня 1920-га працаваў хірургам у вайсковым шпіталі. Калі той эвакуіраваўся ў Лодзь, доктар Маліноўскі трапіў у этапны вайсковы шпіталь у Баранавічах. Працаваў там да 29 красавіка 1921 года, закончыўшы вайсковую службу ў званні маёра-лекара. 

Пасяліўся ў Слоніме. 7 верасня 1925 года ўдзельнічаў у з’ездзе лекараў Наваградскага ваяводства — выступіў з дакладам пра сучаснае становішча медыцынской дапамогі на Наваградчыне. Пасля доўгай прамовы прадставіў высновы наконт неабходнасці паляпшэння побыту раённых лекараў: належнае абсталяванне амбулаторных памяшканняў, забеспячэнне іх лекамі, павышэнне аплаты за працу, наяўнасць не больш як чатырох ложкаў у палатах для парадзіх, забяспячэнне лекараў транспартам, павелічэнне колькасці шпіталяў, сродкаў на лячэнне псіхічна хворых, неабходнасць стварэння для іх шпіталя (аднаго на акругу). Быў таксама старшынёй Супрацьтуберкулёзнага таварыства, якое было заснавана ў 1926 годзе. З 1933-га як лекар павятовы Маліноўскі працаваў у Слонімскім старостве. У 1936-м лекарам павятовым у Слоніме быў доктар Станіслаў Камарніцкі, а Уладыслаў Малькевіч займаў пасаду гарадскога лекара.

Засталося мала сведкаў пра Уладыслава Маліноўскага са слонімскіх часоў. Алег Лойка, доктар філалагічных навук, прафесар, успамінаючы свайго бацьку-фельчара, пісаў: «Слонімцам мой бацька стаў 10 лістапада 1929 года, калі яго пад сваё крыло ў Слонімскі Чырвоны Крыж узяў доктар Уладыслаў Маліноўскі. <...> Пры Слонімскім магістраце ён узначаліў Чырвоны Крыж — нешта накшталт паліклінікі, дзе кожны мясцовы чалавек бясплатна мог атрымаць медыцынскую дапамогу.

Пры ўрачу павінен быў быць другі чалавек — фельчар. Вось такім другім чалавекам і стаў мой бацька. Маліноўскі стаў для майго бацькі тым, хто яго вывеў у сапраўдную медыцыну, у народныя лекары. <...> У 1931 годзе доктар Маліноўскі паслаў майго бацьку ў Варшаву на санітарныя курсы. Пасля курсаў бацька стаў санітарным кантралёрам усяго даваеннага Слоніма: ад вуліцы да вуліцы, ад падворка да падворка». 

Падчас Другой сусветнай вайны Уладыслаў Маліноўскі працаваў у Слонімскім гарадскім шпіталі, хаця быў ужо пенсіянерам. Тады павятовым лекарам у Слоніме стаў Янка Геніюш, муж паэтэсы Ларысы Геніюш, а яго намеснікам Антон Лойка. Паводле сведчанняў сучаснікаў, доктар Уладыслаў Маліноўскі шмат каму дапамог, ратуючы, напрыклад, маладых людзей ад вывазу на прымусовыя работы ў Нямеччыну. 

У апошнія дні вайны доктар Уладыслаў Маліноўскі перажыў сямейную трагедыю — ноччу з 3 на 4 ліпеня 1944 года немцы на Пятралевіцкай гары побач са Слонімам расстралялі яго брата Антона (быў ураднікам Слонімскага стараства) з жонкай Марыяй і іншымі 105 сланімчанамі (у іншых крыніцах падаецца лічба 102). Тады былі расстраляны вядомыя ў горадзе лекары і прадстаўнікі інтэлігенцыі. Доктар Уладыслаў Маліноўскі ў гэтую ноч якраз дзяжурыў у шпіталі і, магчыма, таму пазбег лёсу свайго брата. 

10 ліпеня 1944 года войскі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Канстанціна Ракасоўскага занялі Слонім. 

Была склікана раённая камісія, якая праводзіла следства «об истреблении и угоне в рабство советских граждан немецко-фашистскими захватчиками на территории Слонимского района Барановичской обл. в 1941–1944 гг.» і пад наглядам якой 19 ліпеня адбылася эксгумацыя расстраляных асоб. Сярод членаў камісіі быў і доктар Уладыслаў Маліноўскі, які асабіста апазнаў свайго брата і яго жонку. Савецкія ўлады арганізавалі жалобны мітынг на Пятралевіцкай гары. Былі адкрыты супольныя магілы, забітых ідэнтыфікавалі, і адбылося ўрачыстае хрысціянскае перазахаванне ў адной супольнай магіле з удзелам духоўных асоб — праваслаўнага святара айца Мікалая Сыантовіча і каталіцкага ксяндза Генрыка Драгеля. 

Паводле справаздачы ў газеце «Вольная праца», мітынг адкрыў сакратар Слонімскага РК КП(б)Б таварыш Вараб’ёў. Пасля выступілі сакратар Слонімскага райкама камсамола таварыш Міхнян і беларускі паэт партызан Іван Міско (Анатоль Іверс), які «сваёй змястоўнай прамовай крануў сэрцы ўсіх прысутных на мітынгу. 

Больш 4 000 людзей разам з прамоўцам перажывалі хвіліны ненавісці і агіды да подлых душагубаў немцаў Эрэна, Вольтэра, Гэрца, Леймана, Варэнбурга і іх падхалімаў — вырадкаў Сіняка (Хмары), Васілені, Кіслага, Дакіневіча, Цітовіча, Данілюка, Таранкі, Юрэвіча, Жаўтка, Арлова і іншых злачынцаў. Яны ўказалі немцам на людзей, якія палі іх афярай». На гэтым перазахаванні прысутнічаў таксама Рудольф Сабалеўскі, бацька якога Ян кіраваў крамай пры Гарадской управе ў Слоніме і якога таксама расстралялі на Пятралевіцкай гары. Доктар Маліноўскі сябраваў з сям’ёй Сабалеўскіх і часта гасцяваў у іх у Слоніме, пра што памятае Рудольф Сабалеўскі, які зараз пражывае ў Варшаве. Як з гэтага вынікае, Уладыслаў Маліноўскі да лета 1945 года жыў яшчэ ў Слоніме. 

Загадкай застаецца дата, калі ён выехаў са Слоніма ў Суленцын, павятовы горад у тагачасным Зялёнагорскім ваяводстве ў Польшчы. Так склалася, што рэпатрыянцкі цягнік са Слоніма быў накіраваны ў Суленцын — на былыя нямецкія землі, якія пасля Другой сусветнай вайны былі далучаны да Польшчы. Шмат хто сыходзіў з цягніка па дарозе, але доктар Маліноўскі даехаў да канца. Паводле архіўных звестак, 8 жніўня 1945 года ён быў прапісаны ў Суленцыне па вуліцы Баляслава Храбрага, 3. 

Працаваў у чыгуначнай акрузе здароўя. Цікава, што ў Суленцыне Уладыслаў «памаладзеў» на 5 гадоў, падаючы дату сваіх народзінаў 9 мая 1875 года. З 1 верасня 1945 года пачаў працу ў шпіталі па вуліцы Аградовай (зараз Вітоса) спачатку на пасадзе яго кіраўніка, а пазней дырэктара (да 1951-га). У 1946 годзе быў таксама лекарам павятовым. З 1947-га гэтую пасаду займаў Станіслаў Камарніцкі, які таксама прыехаў у Суленцын са Слоніма. У 1948 годзе Уладыслаў Маліноўскі жыў па вуліцы Цаглянай, 12. З 1951-га быў раённым чыгуначным лекарам. Памёр 29 студзеня 1959 года ў Суленцыне, дзе і пахаваны. 



Доктар Маліноўскі самаахвярна працаваў і быў вельмі паважанай асобай у горадзе. 26 красавіка 1996 года гарадская рада назвала адну з вуліц яго імем.

Стэфан Казубоўскі

Кім жа быў доктар Стэфан Казубоўскі, якому першым чынам слаў нізкі паклон і падзяку Янка Купала? Ці быў ён выпадковым лекарам, да якога трапіў беларускі паэт, ці сябры аднеслі хворага ў Земскі шпіталь мэтанакіравана? 

Фота з архіва сям’і Казубоўскіх (Гданьск).

Доктар Стэфан Казубоўскі яшчэ да Першай сусветнай вайны быў вядомым у Мінску хірургам і гінеколагам. Нарадзіўся 18 лютага (па старым стылі) 1874 года ў Мінску ў каталіцкай сям’і Стэфана і Людвікі з Яноўскіх. Людвіка Казубоўская была стрыечнай сястрой мінскага ўрача Рышарда Яноўскага, дачка Юлія якога выйшла замуж за беларускага нацыянальнага дзеяча Антона Неканду-Трэпку, сябра Вацлава Іваноўскага і Янкі Купалы. Гэтыя сяброўска-сямейныя сувязі маглі быць прычынай лячэння Янкі Купалы ў доктара Стэфана Казубоўскага. 

Доктар быў малодшым сынам у сям’і Казубоўскіх, старэйшыя за яго былі сястра Людвіка (1868), браты Юзаф (1869) і Уладыслаў (1873). Закончыўшы класічную гімназію ў Пецярбургу ў 1895(6), ён паступіў у Імператарскую ваенна-медыцынскую акадэмію, у якой вучыўся да 1901 года. Пасля яе заканчэння пачаў працаваць ураднікам медыцынскага дэпартаменту Міністэрства ваенных спраў у хірургічнай клініцы Медыцынскай акадэміі. У жніўні 1902-га накіраваны хірургам у ваенны шпіталь у Белашувары на мяжы Азербайджана з Іранам. 

У 1904 годзе вярнуўся ў клініку ў Пецярбург, адкуль быў мабілізаваны ў сувязі з расійска-японскай вайной. Працаваў ардынатарам палявога шпіталя, а пасля 17-га шпіталя ў Харбіне. У пачатку 1906-га вярнуўся ў Пецярбург на пасаду ардынатара хірургічнай клінікі. Адначасна прайшоў падрыхтоўку па акушэрстве і гінекалогіі ў Інстытуце перападрыхтоўкі дактароў у прафесара Отта. 

У жніўні 1907 года вярнуўся ў родны Мінск. Меў прыватную практыку і выкладаў у прыватнай стаматалагічнай школе. У снежні атрымаў пасаду амбулатарыйнага доктара Губернскага земскага шпіталя, дзе праводзіліся складаныя і рэдкія для таго часу аперацыі на страўніку, жоўцевым пузыры, кішэчніку, шчытападобнай залозе. У 1908 годзе Стэфан Казубоўскі здаў доктарскія экзамены ў Мeдыцынскай акадэміі ў Пецярбургу. У 1909-м быў прызначаны на пасаду кіраўніка шпіталя ў Баранавічах, у студзені 1913-га яго запрасілі на працу ў хірургічнае і гінекалагічнае аддзяленні Мінскага губернскага шпіталя. 

У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны Стэфан Казубоўскі быў мабілізаваны і служыў у 160-м абхазскім палку пяхоты старэйшым ардынатарам палявога шпіталя, а пасля кіраўніком хірургічнай службы дывізіі. У кастрычніку 1917 года быў звольнены з вайсковай службы і пакліканы на пасаду кіраўніка хірургічнага і гінекалагічнага аддзяленняў Мінскага губернскага шпіталя. 

13 ліпеня 1920 года добраахвотнікам уступіў у склад Войска Польскага і пакінуў Мінск назаўсёды разам з жонкай Зоф’яй з Яніцкіх (1884) і сынам Юрыем (1909). Стэфан Казубоўскі працаваў у хірургічных аддзяленнях ваенных шпіталёў Яраслаўля і Львова, у падафіцэрскай школе ў Хэлмне (Памор’е). Там 30 чэрвеня 1921 года закончыў ваенную службу ў званні маёра і пайшоў у адстаўку. Сын Юрый скончыў факультэт гісторыі мастацтва ў Віленскім універсітэце і пасля Другой сусветнай вайны жыў у Польшчы — працаваў дырэктарам Верхнесілезкага музея ў Бытаме (памёр у Катавіцах у 1985 годзе).

1 ліпеня 1921 года Стэфан пасяліўся ў Лідзе, дзе стаў кіраўніком Дзяржаўнага эпідэмічнага шпіталя (пазней Павятовага шпіталя). Там ён працаваў да пенсіі (чэрвень 1939-га). У Лідзе змяніў веравызнанне, што дазволіла яму заснаваць новую сям’ю і ажаніцца другі раз з мінчанкай Людвікай з Дулевічаў (1894). 4 студзеня 1928 года ў іх нарадзіўся сын Рышард. Пад кіраўніцтвам Стэфана Казубоўскага ў 1938-м ў Лідзе быў пабудаваны новы шпіталь. Цікава, што сярод моваў, якія ведаў доктар, былі польская, руская, нямецкая і беларуская. Пасля 17 верасня 1939 года Казубоўскі вымушаны быў вярнуцца на працу ў сувязі з пачаткам вайны і ўсталяваннем савецкай улады ў Заходняй Беларусі. 

24 красавіка 1945 года Стэфан Казубоўскі з жонкай Людвікай і сынам Рышардам выехалі з Ліды ў Польшчу. Спярша пасяліліся ў Быдгашчы, дзе доктар займаўся грамадскай аховай здароўя, а з сакавіка 1946 года — у Гданьску, дзе працаваў хірургам у паліклініцы да 1957-га. 

Памёр Стэфан Казубоўскі 31 кастрычніка 1961 года, пахаваны на могілках «Срэбжыска» ў Гданьску. 

У Мінску застаўся брат Стэфана — Юзэф, унукі якога Аляксандр (Альгерд) і Віталь (Вітаўт) нарадзіліся і жывуць у сталіцы. У Гданьску пражываюць нашчадкі доктара.

Лёсы Купалавых выратавальнікаў — дактароў Яна Малькевіча, Стэфана Кузубоўскага і Уладыслава Маліноўскага — аказаліся незайздроснымі. Спачатку Першая сусветная вайна і яе вынікі прымусілі іх пакінуць бацькаўшчыну, а пасля Другой сусветнай таксама вымушаныя былі — ужо ў вельмі сур’ёзным узросце — падавацца далей на захад, на чужыя ім «вернутыя землі Польшчы». Нягледзячы на свой узрост, яны павінны былі працаваць у складаных умовах і памерлі не на сваёй зямлі. 

Цікава, ці задумваўся калі-небудзь Янка Купала пра лёс сваіх выратавальнікаў? І ці ўспаміналі дактары, як у 1920 годзе выратавалі жыццё класіку беларускай літаратуры? 

Гелена Глагоўская
Гданьск, Польшча.



Комментировать


comments powered by HyperComments