Нататкi герантолагаў. Тэрапiя ўспамiнамi

15 января 2017


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Андрэй Ільніцкі
старшыня праўлення 
Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання,
загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны 
Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii;

Кірыл Прашчаеў
дырэктар Навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расiя):

— Мандарыны, нават калі мы набываем іх не ў сезон, нагадваюць пра навагоднія святы. Але ўспаміны патрэбныя не толькі для сённяшняга дня, але і, як ні дзіўна, для будучыні. Напрыклад, мы трэніруемся ў спартзале, няўдала выканалі практыкаванне — і атрымалі расцяжэнне звязак. Памятаючы гэта, у час наступнай трэніроўкі мы не дапусцiм такой памылкі і ўсе будзем рабіць правільна. 

Як вы разумееце, паважаныя чытачы, успаміны — гэта не толькі дзеянні, гэта адчуванні, пахі, смак і г. д. А цяпер на хвіліну ўявіце такую сітуацыю: вы больш ніколі ў жыцці не зможаце выпіць кавы, з’есці мандарын, на вас ніколі не ўпадзе кропля дажджу, вы ніколі не паглядзіце на свой школьны атэстат, вы нікому не пакажаце дзіцячыя здымкі. Вам няўтульна, вы ўсклікнеце: «Такога не можа быць!» 

На жаль, можа. Асабліва ў пажылых людзей, якія жывуць адны альбо знаходзяцца ў нязвыклым для іх асяроддзі — дамах-інтэрнатах. Спадарожнік такіх людзей — дэфіцыт успамінаў, які з'яўляецца адным з фактараў прагрэсавання кагнітыўных расстройстваў і дэменцыі. Тэрапія ўспамінамi, або рэмiнiсцэнтная тэрапія, — важны метад геранталагiчнай прафілактыкі і рэабілітацыі.

Варыянтаў мноства. Нашы калегі з расійскага «Загараднага парк-гатэля для пажылых» у падмаскоўным Монiна адзiн з карпусоў аформілі ў дачным стылі, i пажылыя людзі могуць там прыгадаць маладосць. А на прылеглай тэрыторыі ўзнавілі фрагмент гарадскога асяроддзя з аўтобусным прыпынкам, пешаходнымі пераходамі і светлафорамі. 

Ёсць станоўчы вопыт і на Беларусі. Так, у Аршанскім доме-інтэрнаце для пажылых і інвалідаў для кожнага, хто тут жыве, зроблены стэнд з фотаздымкамі розных перыядаў яго жыцця. А ў Віцебску аформілі спецыяльныя пакоі, дзе ўзноўлены побыт 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя.  

У Лісабоне ў адным з цэнтраў сацыяльнага абслугоўваннях практыкуюць вячэры на аснове меню, папулярных 50–60 гадоў таму. 

Пажылым неабходна дзяліцца ўспамінамі, нават калі яны цяжкія: пра вайну, пра памерлых блізкіх. Не трэба баяцца такіх згадак, бо адмоўная эмоцыя — таксама эмоцыя, у адказ на якую чалавек можа атрымаць спачуванне, падтрымку. Важна і тое, каб сталы дзяліўся з маладымі вопытам сваёй прафесіі. Бо, як сказаў нямецкі філосаф Артур Шапэнгаўэр, «у старасці няма лепшага суцяшэння, чым усведамленне таго, што ўсе сілы ў маладосці аддадзены справе, якая не старэе».  А нягледзячы на развіццё тэхналогій, асновы прафесіі мы пераймаем менавiта ад нашых настаўнікаў.  

Давайце магчымасць пажылым людзям успамінаць — гэта зробіць багацейшымі нас усіх.



Комментировать


comments powered by HyperComments