Навошта беларуская мова медыкам?

17 марта 2019

Автор(ы):
Елена Гордей


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
У Інстытуце мовазнаўства  імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся круглы стол, дзе былі абмеркаваныя пытанні пашырэння беларускай мовы  ў медыцыне. 

У прыватнасці, узняты пытанні ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі ва ўмовах двухмоўя. 

Удзельнікі, а гэта вядучыя мовазнаўцы і выкладчыкі вышэйшых навучальных медыцынскіх устаноў, гаварылі пра стан фіксацыі і замацавання медтэрмінаў у сучасных лінгвістычных слоўніках, якімі сёння карыстаюцца нашы медыкі. Асабліва вострая дыскусія разгарэлася па праблемах ужывання беларускай мовы ў практычнай дзейнасці медыкаў, не менш горача абмяркоўвалася выкладанне навуковай тэрміналогіі студэнтам адпаведных медустаноў. У размове бралі ўдзел выкладчыкі, спецыялісты, а таксама кіраўнікі аддзялення медыцынскіх навук НАН  Беларусі. 

Кацярына Любецкая, загадчыца кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін БДМУ:

«У маёй картатэцы шмат слоўнікаў медыцынскай тэрміналогіі. На працягу першых дзесяцігоддзяў 21-га стагоддзя было распрацавана каля 30 даведнікаў па розных галінах медыцыны. Чаму я акцэнтую на гэтым увагу? Слоўнікі складаліся не адзін год, былі неаднолькавыя падыходы да ўпарадкавання і распрацоўкі літаратурнай мовы, таму там адлюстраваны падыходы, якія сёння або прымаюцца, або не. Акрамя гэтага большая частка слоўнікаў арыентавана на рускі іншамоўны вопыт, і беларускія аматары распрацоўкі медыцынскай тэрміналогіі мусяць выкарыстоўваць гэты вопыт са сваімі плюсамі і мінусамі.

Сёння мы маем значны скарб распрацаванай медыцынскай тэрміналогіі, але ён іншы раз не ўведзены ў сістэму працы. Вузкаспецыяльныя даведнікі па розных сферах медыцыны ствараюцца асобнымі калектывамі аўтараў, і не заўсёды гэты досвед спалучаецца. У пэўным даведніку можа быць прадстаўлены адзін падыход, а ў другім — іншы. Відаць, самая асноўная праблема — асістэмнасць многіх даведнікаў.

Канечне, стаіць задача распрацоўкі тлумачальнага медыцынскага даведніка энцыклапедычнага тыпу. Але спачатку трэба вырашаць пытанні, якія мы можам ажыццявіць у межах камісіі: папросту дамовіцца ці вызначыцца, што вось гэтыя варыянты з гэтымі элементамі на сёння прымальныя і ўжывальныя.»

Таццяна Мельнікава, загадчыца кафедры беларускай  і рускай моў БДМУ:

«На жаль, за 34 вучэбныя гадзіны, адведзеныя на дысцыпліну «Беларуская мова (прафесійная лексіка)», немагчыма адлюстраваць усё багацце роднай мовы. З іншага боку, студэнтам-медыкам мы павінны даваць дакладныя веды.

Акрамя таго, ёсць попыт у замежных студэнтаў, якія хацелі б вывучаць беларускую мову. Неаднойчы падыходзілі з такой прапановай. 

Таму, лічым, колькасць гадзін на выкладанне беларускай мовы ў ВНУ можна павялічыць і ўвесці факультатыўны курс па беларускай мове для замежных студэнтаў.

Увагу акадэмічнай супольнасці трэба прыцягнуць да аховы здароўя, бо ў медыцыне з’яўляюцца новыя напрамкі працы, новыя спецыяльнасці. Сёлета адбудзецца першы выпуск спецыялістаў па спартыўнай медыцыне. Адпаведна мы павінны кадыфікаваць той пласт лексікі, які будзе абслугоўваць новыя накірункі. Кадыфікацыя — гэта ўвядзенне ў ранг закона лексемы і змяшчэнне яе ў слоўніку, які і з’яўляецца кодэксам. Правільна было сказана, што ў нас няма сістэмнага падыходу ў працэсе тлумачэння. А мне здаецца, што правільным рашэннем было б стварэнне рабочых груп для складання слоўнікаў, дапаможнікаў і г. д. медыцынскага характару, куды ўваходзілі б мовазнаўца, медык-спецыяліст, які валодае беларускай мовай, і лацініст. Акрамя таго, лічу, трэба выключаць самадзейнасць пры тлумачэнні таго ці іншага тэрміна, кантраляваць з’яўленне друкаванай прадукцыі для адукацыйных устаноў.

Сёння размова ідзе не пра замяшчэнне адной мовы другой, а пра пашырэнне сферы ўжытку нашай роднай мовы ў канкрэтным накірунку. Калі прапануецца пашыраць вывучэнне той ці іншай дысцыпліны, узнікае пытанне, за кошт чаго гэта рабіць. Таму што ў медыцынскіх установах у прыярытэце спецыяльныя прадметы.

Такім чынам, пытанне ўпарадкавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі не толькі сведчыць пра імкненне навукоўцаў да чысціні ва ўсёй творчай прадукцыі, але і прыцягвае ўвагу да мовы, якая з’яўляецца адным з галоўных атрыбутаў нацыі. 

Падкрэслю, што неабходна прытрымлівацца адзінай міжнароднай медыцынскай тэрміналогіі, не дапускаць самадзейнасці пры тлумачэнні і перакладзе медыцынскіх дэфініцый, вельмі ўважліва і асцярожна ставіцца да тэрміна пры яго перакладзе і тлумачэнні. Працэс грыфавання слоўнікаў і вучэбнай літаратуры павінен прыцягваць увагу і Міністэрства аховы здароўя, і Міністэрства адукацыі».

Больш падрабязна чытайце у газеце "Медыцынскі веснік" № 11



Комментировать


comments powered by HyperComments