Анкета

Незвычайны кінасеанс

27 февраля 2018


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Уявіце, што вы завіталі ў адзін з лонданскіх кінатэатраў на стары вядомы калядны рэтрамюзікл. Перад пачаткам сеанса звяртаеце ўвагу на тое, што сярод наведвальнікаў няма адіночак. Пажылога чалавека ці пажылую пару суправаджаюць маладыя людзі. І вось ужо мусіць пачацца паказ, але заслона не расхінаецца. Выходзіць супрацоўніца кінатэатра, якая кажа, што калі падчас сеанса некаму захочацца падпяваць, калi гучаць песні, то гэта не забаронена. Калі ў кагосьці з’явіцца жаданне патанчыць пад музыку, якая гучыць у фільме, то гэта можна зрабіць альбо з месца, альбо на спецыяльна адведзенай пляцоўцы побач са сцэнай.


Яшчэ супрацоўніца кінатэатра паведамляе, што фільм будзе паказаны не цалкам, а толькi найбольш яркія і цікавыя фрагменты, але яны будуць чапляцца адзін за другі так, што ўспрыманне цэласнасці не парушыцца. Таксама яна папярэджвае, што некаторыя моманты будуць паказаныя двойчы. Калі нехта захоча пакінуць кіназал датэрмінова, калі ласка. Захочацца падсілкавацца альбо выпіць вады падчас сеансу, можна будзе скарыстацца прынесенай з сабой ежай альбо прадуктамі, якія прынясуць у залу і пакладуць уздоўж радоў на спецыяльных століках. Таксама супрацоўніца просіць з разуменнем ставіцца да тых людзей, якія будуць плакаць ці гучна смяяцца падчас фільма.

І вось пачынаецца мюзікл. Святло гасне не цалкам, але экран добра бачны. Сапраўды, некаторыя падпяваюць. А некалькi пажылых людзей разам з суправаджаючымі выйшлi да сцэны і спрабуюць танцаваць. Нехта заплакаў. А хтосьці жуе. Фільм скончыўся, святло запалілася. Ізноў на сцэну выйшла супрацоўніца кінатэатра, прапанавала ўсім, хто хоча, падысці да сцэны і ўзяцца за рукі. Большая частка гледачоў зрабiла гэта — і яны разам выканалі калядную песню. Супрацоўніца кінатэатра яшчэ раз падзякавала ўсім і асобна дабрачыннай арганізацыі, якая дапамагла арганізаваць гэты сеанс для людзей з дэменцыяй…

У Вялікабрытаніі зараз набірае імпэт рух па стварэнні сеткі кінатэатраў, прыязных да людзей з дэменцыяй. Што і сказаць: выдатны вопыт, які варта пераймаць.

 

Андрэй Ільніцкі, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання, загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii;

Кірыл Прашчаеў, дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расiя).



Комментировать


comments powered by HyperComments