Анкета

Незвычайны ракурс Васіля Несцяровіча

04 июня 2018

Автор(ы):
Елена Гордей


Фота з архіва В. Несцяровіча.
Фота з архіва В. Несцяровіча.
Кіроўца хуткай дапамогі Бярэзінскай СХМД Васіль Несцяровіч з тых, хто любіць жыццё і стараецца ўзяць ад яго па максімуме. Захапляецца фатаграфіяй, прыродай і гісторыяй Беларусі…


Фатаграфія як соль жыцця

Васіль Уладзіміравіч з вёскі Гарэнічы Бярэзінскага раёна. Кажа, што яднанне з прыродай адчуваў з маленства. Потым з’явілася жаданне захаваць прыгажосць роднага краю на фотастужцы. Свой першы фотаапарат «Кіеў-4», просты, без экспанометра, аднак з добрай опцікай, купіў на ўласныя грошы, якія зарабіў працай на збожжатоку ў калгасе.

Хто вас вучыў фотасправе? — пытаю.

— Муж маёй старэйшай сястры Генадзь Забаронак, які выкладаў у нашай школе фізіку. Гэта быў рознабаковы чалавек. І сапраўдны настаўнік. Акрамя ўрокаў вёў секцыю па валейболе і турызме. Дарэчы, з таго часу захапленне гэтай гульнёй і турпаходамі, як і фатаграфіяй, засталося на ўсё жыццё.

Я таксама марыў быць настаўнікам, адна сястра — філолаг, другая выкладала геаграфію і біялогію. Але не атрымалася. Здароўе падвяло. Пасля арміі сем год пакутаваў ад язвы страўніка, пакуль яе не вылячылі. Вярнуўся ў хуткім часе ў бальніцу кіроўцам на перасоўнай стаматологіі. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай, якая працавала медсястрой у дзіцячым стаматалагічным аддзяленні. У 23 гады ажаніўся. Потым нарадзіўся сын Аляксей. І закруцілася, панесла жыццё…

Васіль Уладзіміравіч 27 год за рулём і ўвесь гэты час не расстаецца з фотаапаратам. Яго «сонька» заўсёды з ім, бо зрабіць унікальны кадр можна на кожным кроку. Нават калі прыязжаюць на выклік і медыкі ідуць па сваіх справах да хворага, пакуль іх чакае — фатаграфуе краявіды.

— Гэта як здымаць неба, — кажа Васіль Несцяровіч. — Еду, прыкладам, у родную вёску, у люстэрка паглядзеў, а яно такое незвычайнае. Трэба спыніцца і сфатаграфаваць, таму што калі падумаешь, вось праеду 100 метраў і там будзе зручней, гэта ўжо будзе іншае неба — яно мяняецца за секунды.
Васіль Уладзіміравіч карыстаецца толькі ручнымі настройкамі і не прызнае фоташоп.

— Няхай здымак будзе крыху засвечаны, але калі ты ведаеш, што ў цябе адзіны шанец зрабіць добры кадр, то з такім падыходам лепш прадумваеш кампазіцыю, — тлумачыць суразмоўца. — Аднак не заўсёды на гэта ёсць час. Асабліва калі здымаеш дзікага звера.

Самая рэдкая жывёліна, якая патрапіла ў кадр?

— Выдра памерам больш за метр. Паляўнічыя потым казалі, што гэта быў мацёры звер. Драпежнік раптам перабег мне дарогу. Выскокваю з машыны — і за ім. А снега вышэй калена. Выдра як спыніцца, як на мяне зірне. А мне страшна. Бо, калі задумае кінуцца, уцячы я не паспею. Звер дайшоў да ракі. Нырк у палонку — і знік пад вадой.



Два гады я ездзіў на тое месца. Вылічыў, дзе нара, даведаўся, што з’явілася патомства, гэта было бачна па слядах. Ся-дзеў у засадзе. І аднойчы сустрэўся з выдрай зноў. Яна вынырнула на паверхню, мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы, імгненне — і звер схаваўся ў рацэ. Стаю разгублены з фотаапаратам. Здымак зрабіць не паспеў.

Адным разам бачыў воўка. А касулі, ласі, зайцы, лісы… Пра гэта ўжо не кажу. Нашы кіроўцы на хуткай дапамозе казалі, што некалькі разоў сустракалі рысь, якая выскоквала на дарогу, — рэдкі выпадак, бо гэта вельмі асцярожны драпежнік. Мне яго ўбачыць пакуль не пашчасціла.

Усе свае фотаработы Васіль Несцяровіч выкладвае ў «Аднакласніках». У яго там ужо больш за 6 тысяч здымкаў — наваколле, святы ў горадзе, жывёлы і птушкі, партрэты сяброў і знаёмых, справаздачы з падарожжаў.

З ветрыкам па Беларусі

Васіль Уладзіміравіч распавёў, што цяга да падарожжаў у яго пачалася з сайта «Глобус Беларусі», на якім змешчана багата ілюстраваных артыкулаў пра цікавыя мясціны і славутасці нашага краю. Больш за ўсё яго маніў захад рэспублікі, дзе захавалася шмат помнікаў сівой даўніны.

— Куды адбыўся ваш першы аўтамабільны тур?

— У Гродна, дзе я праходзіў тэрміновую службу, — расказвае Васіль Несцяровіч. — Мяне цягнула ў гэты горад настальгія. Выбраліся на дзвюх машынах з сябрамі і дзецьмі. Сыну тады было 12 гадоў. Акурат з той паездкі Гродна застаўся самым любімым горадам. Вярталіся сюды некалькі разоў, і кожны раз ён раскрываўся з новага боку. Жонка нават пыталася: і чаму вы зноў туды едзеце? А гэта цяжка перадаць словамі. Гэту атмасферу можна толькі адчуць. Лічыцца, што гэта адзіны горад Беларусі, дзе гістарычны цэнтр захаваўся як цэльны комплекс. Брукаванкі, вузкія вулачкі, старажытныя храмы і замкі — Гродна мяне зачараваў. А пад захад сонца, калі шпацыруеш пешаходнай вулачкай, атрымліваюцца самыя лепшыя здымкі.



Заўсёды, калі туды прыязжаем, першай справай накіроўваемся ў Каложу, ці як яе яшчэ называюць — Барысаглебскую царкву. Мне цікава дакрануцца да сцен 12-га стагоддзя, адчуць прахалоду камня. Падняцца на замчышча Старога замка — адсюль адкрываецца найлепшы від на Нёман і горад. Недалёка Новы замак, дзе зараз месцяцца гістарычна-архітэктурны музей і бібліятэка. А колькі тут храмаў! Нездарма Гродна называюць горадам цэркваў. Апошнім разам мы з сынам заходзілі ў кірху 

Святога Іаана — помнік архітэктуры пачатку 19-га стагоддзя. Не так даўно яе адрэстаўравалі. Стаіць зараз беленькая, прыгожанькая. Гэта адзіны ў Беларусі лютэранскі храм, які па сёння прымае вернікаў. Хацелі зайсці ў аптэку-музей, аднак яна была ў той дзень зачынена. Ёсць нагода прыехаць яшчэ раз. Адна з самых старых аптэк у Беларусі, яна была пабудавана манахамі-езуітамі яшчэ ў 1709 годзе. Зараз тут захоўваецца больш за 1,5 тысячы экспанатаў.

Кожны раз, калі накіроўваліся ў Гродна, па дарозе заязджалі ў іншыя гарады і мястэчкі, каб пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі. Так, пабывалі ў Лідскім, Мірскім, Гальшанскім, Навагрудскім, Любчанскім замках, Сынкавіцкай царкве абарончага тыпу і на беларускіх Мальдзівах — Краснасельскіх крэйдавых кар’ерах — і шмат дзе яшчэ. Часцяком маршрут складваецца спантанна, у час самой паездкі.

Аднойчы наш шлях пралягаў праз Крэва, што ў Смаргонскім раёне. Пабадзяліся мы ля развалін Крэўскага замка, які быў пабудаваны на рубяжы 13–14-га стагоддзя па загадзе князя Гедыміна. Выязджаем з аграгарадка, бачым ля дарогі нейкі каменны куб. Потым аказалася, што гэта знак дугі Струвэ. Рускі астраном Васіль Струвэ яшчэ ў 19-м стагоддзі зрабіў сетку з 265 аб’ектаў, уяўляючых собой закладзеныя ў зямлю каменныя кубы, якая цягнулася ад Баранцава да Чорнага мора (працягласць дугі больш за 2 820 км), для таго каб выявіць параметры Зямлі і яе форму.

Другім разам кажу: «Лёша, а мы з табой яшчэ ў Гервятах не былі». Селі ў машыну і паехалі. Тут захаваўся прыгожы касцёл Святой Троіцы, які быў пабудаваны ў 1903 годзе. Гэта адзін з самых высокіх храмаў Беларусі. Вышыня яго званіцы — 61 метр.

Зайшлі. Нікога. Раптам з’явіўся чорны кот. Як яго не спрабаваў сфатаграфаваць, не патрапляе ў кадр. Пахадзілі, паглядзелі. Вакол касцёла разбіты прыгожы парк і сад з кветкамі ды дэкаратыўнымі кустарнікамі. Кот давёў да варот, а потым знік…

— Рыхтуецеся да сваіх падарожжаў?

— Перад паездкай чытаю гістарычныя звесткі. Аднак часцяком асноўныя моманты нам адкрываюцца ўжо на месцы. Аднойчы пачулі ад экскурсавода, што другі гістарычна захаваны горад — Пінск, першыя згадкі пра яго ў летапісах — 1 097 год. Вырашылі: трэба ехаць! 

Знайшоў знаёмых, якія і начлег далі, і правялі экскурс у гісторыю горада. Расказалі, што Пінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалялі бронекацеры Дняпроўскай ваеннай флаціліі. Адзін з іх зараз стаіць у гарадскім парку на пастаменце як помнік. Мы пагулялі па набярэжнай Прыпяці. Зрабілі здымкі. Дамой паехалі праз Тураў. Паглядзелі па карце: колькі там кіламетраў да таго горада! А ў мяне яшчэ была мара ўбачыць на ўласныя вочы, што такое палеская глыбінка. Паглядзелі на знакамітыя столінскія цяпліцы, дзе мясцовыя жыхары вырошчваюць на продаж агуркі. У некаторых парнікі памерам з футбольнае поле! І рушылі на Тураў, пагулялі, палюбаваліся на Прыпяць — у той час рака разлілася так, што не было бачна процілеглага берага.

Сёлета Васіль Несцяровіч зноў прадумвае маршрут. Сын Аляксей зараз вучыцца на трэцім курсе лечфака ВДМУ. На жаль, зараз у яго не заўсёды атрымліваецца скласці кампанію. Аднак Васіль Уладзіміравіч кажа, што адзінота яго не палохае. У яго ўжо ёсць вопыт самастойнага падарожжа, якое яму спадабалася.

— У той год, як сын паступіў ва ўніверсітэт і паехаў на вучобу, я адвёз бацьку на аздараўленне ў санаторый у Камянец, а сам вырашыў завітаць на фестываль «Лідбір» праз Косава-Ружаны, паглядзець на Косаўскі і Ружанскі палацы, — з усмешкай згадвае Васіль Уладзіміравіч. — Я паўжыцця за рулём, люблю хуткасць і шум матора. Калі ты едзеш адзін, цябе не пакідае адчуванне палёту…


Комментировать


comments powered by HyperComments