«Пажылыя пацыенты вучаць нас быць прафесіяналамі»

11 августа 2016

Автор(ы):
Евгений Креч (фото)


Фота носіць ілюстрацыйны характар. З архіву «МВ».
Фота носіць ілюстрацыйны характар. З архіву «МВ».
Нататкі герантолагаў

>> Андрэй Ільніцкі, загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расіі (адзіная кафедра антыўзроставай медыцыны ў СНД), старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання;

>> Кірыл Прашчаеў, дырэктар Навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расія), першы беларускі навукоўца, які атрымаў званне доктара медыцынскіх навук па спецыяльнасці «геранталогія і герыятрыя»:

— Геранталогія і герыятрыя бурна развіваюцца, але спецыяльнасць для нашай краіны пакуль рэдкая. У ёй шмат міфаў і сакрэтаў, шмат ужо вядомага, а яшчэ больш — невядомага. Праца з пажылымі разнастайная — гэта не толькі сутыкненне з узростам і сур'ёзнымі праблемамі, але і сустрэчы з цікавымі людзьмі і іх жыццёвымі гісторыямі, як сумнымі, так і смешнымі. Пра ўсё гэта хочам распавесці.

Мы лекары-герыятры, прафесійна займаемся геранталогіяй, з'яўляемся дактарамі медыцынскіх навук і прафесарамі. Беларусы, скончылі Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. На ніве геранталогіі нашы інтарэсы сышліся ў Маскве. На Радзіме мы з калегамі стварылі Беларускае рэспубліканскае геранталагiчнае грамадскае аб'яднанне, мэта якога — спалучыць намаганні прадстаўнікоў розных прафесій, каб геранталогія ў нашай краіне заняла годнае месца. У герыятрыю прыйшлі не адразу (Андрэй па першай спецыяльнасці рэабілітолаг, Кірыл — анестэзіёлаг-рэаніматолаг), але палюбілі яе. 

Пажылыя пацыенты — невычэрпная скарбонка мудрасці. Гумарам, энергіяй, адчуваннем жыцця яны вучаць нас быць прафесіяналамі. Памятаю, яшчэ падчас вучобы ў інстытуце, на цыкле ЛАР-хвароб, мая аднагрупніца прыйшла ў палату з рэфлектарам на ілбе, неўралагічным малаточкам, што вытыркаўся з кішэні халата, i акушэрскiм стэтаскопам, якi тырчаў з другой.

Пацыентка сказала ёй: «Дзіцятка, сапраўдны лекар носіць з сабой нешта адно, а калі яму штось незразумела, ён не ўдае з сябе ўсёзнайку, а кліча калегу».

Іншы выпадак. Малады доктар звярнуўся да пацыента: «Дзядуля, на што скардзішся?» Пацыент спытаў: «Доктар, як Вас завуць?»

— «Міша». — «А па бацьку?» — «Ды можна проста Міша». — «Калі Вы, Міхась, і далей да пацыентаў будзеце звяртацца «дзядуля» і на ты, то Вы на ўсё сваё жыццё для калег і пацыентаў застанецеся студэнтам Мішам і да Вас будуць ставіцца адпаведна». 

Пацыенты вучаць нас ведаць, любіць і паважаць родную мову. Маладая доктарка ў абласной бальніцы прыйшла ў палату да сталай сельскай настаўніцы беларускай мовы: «Дзе ў Вас баліць?» — «У клубе». — «У якім такім клубе? У нас няма ніякага клуба тут!» — «Клуб — гэта па-беларуску ”тазобедренный сустав“». — «Дык кажыце на зразумелай мове». — «Не, доктарка, Вы яшчэ маладая, і з вышыні сваіх гадоў я магу параіць Вам гаварыць на зразумелай для пацыента мове». 

Пажылыя нават «падказваюць», як уважліва збі­раць анамнез. Пацыентка з астэаартрозам кажа паліклінічнаму доктару, які даволі бегла яе агледзеў і пачаў выпісваць рэцэпт, не распытаўшы, якое лячэнне атрымлівала раней: «Калі думаеце, што да сустрэчы з Вамі я за 10 гадоў не выпіла некалькі вёдраў таблетак і не ведаю, якія з іх як на мяне дзейнічаюць, то Вы глыбока памыляецеся». 

Сталыя людзі могуць нас падбадзёрыць, вырата­ваць і адначасова вучаць быць сумленнымі з калегамі. Падчас здачы практычных навыкаў адна студэнтка, праводзячы аўскультацыю лёгкіх, ад хвалявання забылася ўставіць фанэндаскоп у вушы, і ў жаху, што нічога не чуе, расплакалася і пралепятала выкладчыку: «Я нічога не чую, але ж гэта не нямое лёгкае, жанчына ж у свядомасці».

Пацыентка адразу папрасіла таго: «Не карайце яе, няхай паспрабуе яшчэ». Выкладчык вырашыў праявіць прынцыповасць: «Не, пойдзе на адпрацоўку, бо не выканала заданне». А хворая адказала: «Яна ж не стала прыдумляць, а сказала шчыра. Быць сумленным — гэта галоўны навык лекара».



Комментировать


comments powered by HyperComments