подписка ерип

Першыя аптэкары Полацку

01 сентября 2017


Фота прадстаўлена РУП "БЕЛФАРМАЦЫЯ".
Фота прадстаўлена РУП "БЕЛФАРМАЦЫЯ".
На працягу першых вераснёўскіх дзён старажытны Полацк ператворыцца ў культурна-асветніцкі цэнтр не толькі нацыянальнага, але і сусветнага маштабу. Нагода — святкаванне тут сёлетняга Дня беларускага пісьменства.

Да гэтага мерапрыемства прымеркавана адзначэнне яшчэ двух гістарычных датаў — 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання  і 1155-годдзя заснавання населенага пункта.

Полацк — самы старажытны горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых ва Усходняй Еўропе. Першая летапісная згадка пра Полацк у «Аповесці мінулых гадоў» датуецца 862 годам. Горад уваходзіў у склад Кіеўскай Русі, быў сталіцай Полацкага княства, з 14-га стагоддзя ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Тут прыкладна ў 1490 годзе нарадзіўся Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік, гуманіст, філосаф, грамадскі дзеяч, вучоны эпохі Адраджэння. У 1512-м, скончыўшы Падуанскі ўніверсітэт, ён першым у Беларусі атрымаў ступень доктара медыцыны. Бягучы год знамянальны тым, што роўна 5 стагоддзяў таму ў Празе Скарына выдаў першую беларускую друкаваную кнігу «Псалтыр».  

У выніку аб’яднання ВКЛ з Польшчай у 1569 годзе была створана канфедэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. У 1580-м указам яе караля Стэфана Баторыя ў Полацку заснаваны езуіцкі калегіум — сярэдняя навучальная ўстанова. Першую аптэку ў горадзе адкрылі ў 1761 годзе. Права на яе атрымаў ордэн бернардынцаў.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Полацк стаў правінцыяй Пскоўскай губерні (з 27 лютага 1802 года ў складзе Віцебскай губерні). У 1780-м горад наведвае Кацярына II, якая падтрымлівала дзейнасць ордэна езуітаў. Да гэтай падзеі адбудоўваюцца ў цэгле адно- і двухпавярховыя будынкі гаспадарчага двара калегіума.

Яны размяшчаюцца ўздоўж рова Ніжняга замка, паварочваюць на поўдзень і завяршаюцца двухпавярховым флігелем з брамай, што вядзе на мост да Верхняга замка. Каля флігеля месціўся будынак аптэкі з лабараторыяй і сушыльняй для траў (на гарышчы). У сутарэннях аптэкі быў калодзеж, злучаны сістэмай водаправодных труб з вытворчымі памяшканнямі ды іншымі манастырскімі калодзежамі. 

У 1812 годзе калегіум пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію навук і прыраўноўваецца да ўніверсітэта. Полацкая езуіцкая акадэмія была адзінай вышэйшай навучальнай установаю на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першай чвэрці 19-га стагоддзя.

З 1820 года (пасля выгнання езуітаў з Расіі) калегіум перадаюць вышэйшаму вучылішчу каталіцкага ордэна піяраў. 

Езуіцкая аптэка таксама нацыяналізуецца і пераходзіць да Віцебскай урачэбнай управы. На дзень апісання маёмасці аптэкі ў ёй меліся каля 700 найменняў лекавых сродкаў, большасць з іх расліннага паходжання. У садзе, недалёка ад аптэкі, вырошчвалася шмат лекавых раслін. У інтэр’еры былі разнастайныя аптэчныя прадметы: драўляны, алавяны і гліняны посуд з вечкамі, шкляныя слоікі, бутлі і пляшачкі, драўляныя, мармуровыя і шкляныя ступы з песцікамі, алавяныя і шкляныя мензуркі, формы для прыгатавання шакаладу, дошчачкі для падрыхтоўкі пластыраў, машынкі для прыгатавання пілюль, шкляныя і бляшаныя варонкі, аптэкарскія лыжкі, шкляныя рэторты і колбы, а таксама сіты і барабаны да іх, 67 медыцынскіх кніг і іншае.

Адзначалася вялікая колькасць шафаў і сталоў. Толькі ў адным з матэрыяльных пакояў стаялі пяць шафаў з 135 высоўнымі скрынямі, шафа з 60 шклянымі паліцамі, дзве шафы з адной скрыняй і два злучаныя сталы з 53 высоўнымі скрынямі. Тут знаходзіліся 325 найменняў лекавых сродкаў і 1 850 адзінак аптэчнага і лабараторнага посуду. Акрамя таго, у аптэцы былі яшчэ рацэптурны пакой, службовыя памяшканні, а таксама два пакоі для пражывання аптэкараў. Кіраваў установай правізар Карл Кулан.

Новы ўладальнік здае казённую аптэку ў арэнду былому кіраўніку езуіцкай аптэкі. Павышэнне памеру арэнднай платы адмоўна адбіваецца на працы аптэкі,  пра што Карл Кулан неаднаразова інфармуе ўрачэбную ўправу.

У маі 1830 года да Віцебскага губернатара звярнуўся правізар Аляксандр Кілявейн з просьбай дазволіць адкрыць прыватную аптэку ў Полацку. Ён служыў у аптэцы Царскасельскай градскай бальніцы Санкт-Пецярбургскай губерні. У горадзе з насельніцтвам каля 15 тысяч чалавек адной казённай аптэкі было недастаткова. У той жа час урачэбная ўправа віцебскага губернскага праўлення не была зацікаўленая ў адкрыцці другой аптэкі ў горадзе, баючыся за працу казённай установы.

У 1831 годзе пачалася перабудова езуіцкага калегіума, і аптэка, якой кіраваў Карл Кулан, зачынілася. Частка медыкаментаў ды аптэкарскіх прылад адкладаецца да асобага распараджэння віцебскага губернатара, а частка тавараў з асабістай уласнасці Кулана перавозіцца ў полацкі Дамініканскі касцёл.

Жыхары Полацка і павета ў падтрымку свайго аптэкара накіроўваюць ліст віцебскаму губернатару, у якім просяць дазволу адкрыць Карлу Кулану ўласную аптэку ў Полацку, улічваючы, што ён пражыў тут каля 40 гадоў і сваёй працай заслужыў давер пакупнікоў. У звароце адзначана, што гараджане вымушаныя ездзіць па лекавыя сродкі ў Лепель, Гарадок ды іншыя мястэчкі па прычыне адсутнасці іх у аптэцы Аляксандра Кілявейна. Акрамя таго, жыхары былі ўпэўненыя, што з’яўленне другой аптэкі створыць канкурэнцыю і кошты на лекавыя сродкі знізяцца. 

Полацкі павятовы маршалак дваранства таксама хадайнічаў перад губернатарам аб задавальненні просьбы гараджан і правізара Карла Кулана. Аднак нягледзячы на звароты, Кулану параілі пачакаць: калі Кілявейн не арганізуе прыватную аптэку на працягу аднаго года, Карл стане першым прэтэндэнтам на яе адкрыццё.

Прыватная аптэка Кілявейна пачала працу ў пачатку 1831 года. 

Замест Полацка Кулану прапанавалі стварыць аптэку ў Дрысе, Дзвінску, Гарадку ці Невелі. Але правізар адмаўляецца. Часова Кулану дазваляецца прадаваць медыкаменты, што засталіся пасля закрыцця казённай аптэкі. У 1832 годзе  Карл Кулан просіць полацкую гарадскую паліцыю паспрыяць у продажы ўласных аптэчных тавараў. Так, на жаль, сумна скончылася фармацэўтычная дзейнасць аднаго з першых полацкіх аптэкараў.

Сёння будынак езуіцкага калегіума ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ва ўсходнім корпусе месціцца Полацкая гарадская карцінная галерэя, астатнія карпусы належаць Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, што сімвалічна падкрэслівае пераемнасць духоўных і культурных традыцый полацкай зямлі.

Валянціна Сасонкіна
Мінск.


Комментировать


comments powered by HyperComments