Подписка 2019

Рэха гісторыі — у экспанатах

06 июля 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)


Музей ГрДМУ працуе з 1980 года. У рэспубліканскім конкурсе сярод музеяў, пакояў-музеяў, кабінетаў гісторыі медыцыны ён стаў пераможцам у намінацыі «Лепшая гістарычная экспазіцыя ў медыцынскай установе адукацыі». Карэспандэнты «МВ» сустрэліся з яго загадчыцай Вольгай Этэль.

— Працую тут два гады, — расказвае cубяседніца. — Гісторыю медыцынскай адукацыі на Гродзеншчыне ведаю добра. Яна пачалася яшчэ ў 18-м стагоддзі, калі ў нашым горадзе ўпершыню была адчынена медыцынская акадэмія. Працавала тут і школа павітух, эстафету ад якой пераняў Гродзенскі медыцынскі каледж. 

У музеі можна падрабязна даведацца пра гісторыю ГрДМУ, дзе вучылася моладзь з усіх савецкіх рэспублік. Першую лекцыю студэнты пачулі ў 1958 годзе. Тады было каля 30 выкладчыкаў. Цяпер больш за 500. Спачатку адчыняліся аддзяленні пры факультэце, потым яны набывалі самастойны статус. 

У музеі больш як 2 тысячы экспанатаў. На стэлажах — ртутны танометр з гумовай манжэткай, аптэкарскія шалі, якімі карысталіся ў 19–20 стагоддзях, лісты-трохкутнікі, якія дасылалі родным у часы Вялікай Айчыннай вайны выкладчыкі-франтавікі. На сцяне — фоталетапіс знакамітых асоб, якія ва ўніверсітэце працавалі і вучыліся…

— Тут праходзяць экскурсіі не толькі для нашых студэнтаў (за год праведзены 34 экскурсіі-лекцыі па гісторыі медыцыны для першакурснікаў кафедры грамадскага здароўя), але і для шматлікіх ганаровых гасцей, — расказвае Вольга Этэль. — У іх ліку рэктар Вроцлаўскага ўніверсітэта Марэк Зэндык, дэлегацыя з кітайскай правінцыі Гяньсу, наведвальнікі са Шры-Ланкі і многія іншыя. 

Кожны, хто тут бывае, мае магчымасць не толькі даведацца шмат цікавай інфармацыі, але і пачуць рэха гісторыі.


Комментировать


comments powered by HyperComments