Подписка 2019

Саламея. Авантуры яе жыцця

19 июня 2018


Рэгіна Саламея Пільштынова з Русецкіх, літаграфія 19-га стагоддзя.
Рэгіна Саламея Пільштынова з Русецкіх, літаграфія 19-га стагоддзя.
Ці можа сённяшні практыкуючы ўрач сур’ёзна ці хоць на каліўца з прыдыханнем успрымаць лячэбныя дзеянні Саламеі Пільштыновай з Русецкіх — бадай, першай нашай жанчыны-лекаркі, трохсотгоддзе якой адзначаецца сёлета ажно з удзелам ЮНЭСКА? Гэта было першае, што мне захацелася спытаць у каго-небудзь з гісторыкаў медыцыны па прачытанні кнігі «Авантуры майго жыцця», напісанай згаданай спадарыняй два з паловай стагоддзі таму.
На маё пытанне пра досвед і вартасці Саламеі Пільштыновай як медыка, а таксама на іншыя пытанні, якія не-не ды ўзнікалі падчас чытання «Авантур…», асабліва некаторых эпізодаў, пагадзілася адказаць Наталля Хільмончык, дацэнт кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя ГрДМУ.


Згадайма становішча з медыкамі і ўзровень развіцця медыцыны ў 18-м стагоддзі, прынамсі, на тэрыторыі нашай краіны. Калі Саламея, народжаная пад Навагрудкам у сям’і нейкага Яўхіма Русецкага (ці то шляхецкай, ці то «плябейскай», але дакладна вядома, што небагатай), пабываўшы шмат дзе, уключаючы Турцыю, Сербію, Боснію, Балгарыю і Расію, і шмат за свой век перажыўшы, садзіцца пісаць «Авантуры майго жыцця», француз Жылібер ужо слухае лекцыі Антуана Гуана ў Манпелье, але да заснавання ім медыцынскай школы ў Гродне застаецца яшчэ паўтара дзясяцігоддзя.

У перыяд жыцця Саламеі медыцынскія веды выкладаліся ва ўніверсітэтах Еўропы, а таксама маглі перадавацца на падставе вучнёўства — там, дзе навучанне яшчэ не было арганізавана. Прычым вучням дазвалялася практыкаваць. Сама Саламея асновы медыцынскіх ведаў атрымала ад першага мужа немца-акуліста Якуба Гальпіра, «надзвычай добрага лекара медыцыны», як яна піша. Потым дапоўніла іх з дапамогай яшчэ двух настаўнікаў — турка з Вавілону і італьянца з Мальты, якія апынуліся ў турэцкім палоне. Апошні пазнаёміў яе з правіламі напісання рэцэптаў на лаціне, з лацінскімі назвамі зёлак, даў рэцэпты ад «розных дэфектаў» і некалькі медыцынскіх кніг. А потым яна мела выдатную магчымасць пераймаць вопыт іншых больш адукаваных медыкаў, працуючы ў Ганны Іаанаўны. Таму цалкам магчыма лічыць яе веды дастатковымі для таго, каб аказваць дапамогу хворым, прынамсі, у той час і ў тых умовах. 

«…і пакінуў мне кнігі лекарскія: Concordancia еt Mulerisztal, Minsycht, гербарый і іншыя».

Ці вядомыя вам якім-небудзь чынам гэтыя выданні? Мо ёсць яны ва ўніверсітэцкім музеі?

На жаль, у нашым музеі такіх кніг няма. У той час кнігі друкаваліся абмежавана, таму і цаніліся, і перапісваліся, калі трэба было, ад рукі. Пра названыя выданні ўвогуле нічога не вядома. Хіба пра апошнюю — гэта кніга Адрыяна Мінзіхта 17 cтагоддзя1. Наконт Concordancia еt Mulerisztal — спрэс загадка. У яе вельмі шмат слоў і сказаў пададзена нейкім аўтарскім стылем, ёй адной уласцівымі афарызмамі. Магчыма, гэта таму, што яна размаўляла на некалькіх мовах, а ў такіх выпадках заўсёды ёсць верагоднасць неўсвядомлена час ад часу ўстаўляць словы адной мовы ў вымаўленне іншай, што, канечне, можа ствараць непаразуменні. Яна нават лаціну і нямецкую мову адаптуе да мясцовых слоў і тэрмінаў. Малайчына! Цяперашняе пакаленне ўсё на англійскую зводзіць, а яна анямечвала і лацінізавала мову ў межах сваёй адукаванасці. Але і ў гэтым хаваецца разыначка «Авантур…». У тэксце даволі шмат агаворак — як у сучасным кіно. Зразумела, што яна не мовазнаўца.

Прывяду колькі кавалачкаў для каменціравання.

«Тым часам адчыніла шафу і паглядзела на слоікі з сіропамі і знайшла адзін слоік не абвязаны, без подпісу. Лічачы, што гэта siropus violarum, наліла ў слоік і так сказала лёкаю: «Як хутчэй ідзі, і адразу няхай ён (пацыент) адну лыжачку лекаў вып'е з каваю, у час вячэрні — другую, кладучыся спаць, возьме няхай трэцюю лыжачку». Потым шкадавала, што такое ўчыніла… А ўрэшце, што мела чыніць? 3 плачам звярнулася да апекі ў Святое Тройцы Адзінага Бога». І далей: «Пасля першага прыёму тых лекаў надзвычай вялікая рэзь была, пасля другога разу і трэцяга вялікі камень выпаў і крывавай мачы потым шмат выйшла, а пацыент, крыху ачуняўшы, папрасіў і далей лячыць яго».

Siropus violarum — сіроп з браткаў. Яго выкарыстанне ў дадзеным выпадку інтуітыўна было правільным, хоць, як я разумею, вас абурыла, што Саламея ўзяла яго, не будучы ўпэўненай, што гэта ён. І цяпер гэты сіроп хоць рэдка, але прымяняюць пры запаленнях нырак, мачавога пузыра, мочакаменнай хваробы, на што, паводле апісанняў, хворы якраз і пакутаваў. Зразумела, што выхад каменя з урэтры — гэта простае супадзенне. Ён бы і так выйшаў, бо час быў яму выйсці. А браткі пры гэтым дапамаглі тым, што знялі запаленне.

«Не маючы нічога лепшага, як elixir proprietatis, а гэта вельмі кепскія лекі, але на глісты добрыя, наліла ў малую пляшачку і дала дзіцяці з каваю колькі кропель». Праз дзве гадзіны дзіця памерла, а Саламея «не магла нічога іншага прыдумаць, як, прыйшоўшы на выклік назыра ў ягоны палац і, дзякуй Богу, маючы таго эліксіру палову лыжачкі, выпіла яго ў прысутнасці назыра».

Чым можа нашкодзіць настойка з тых зёлак, якія складаюць дастаткова сёння вядомы эліксір Парацэльса? Міра, 3 troy ounces2; алоэ, 3 troy ounces; шафран, 3 troy ounces; алкаголь, 2 пінты. Нічым.

«Хвароба вашае мосці пана іншых лекаў вымагае, чым маё ўмельства, бо я толькі акулістка і лекарка, як умела, так з дапамогаю Пана Бога людзям дапамагала, а тут Merkuriusz solwacja, гэтага я яшчэ не практыкавала». Ці няма тут памылкі? Прынамсі, аўтар каментарыяў да кнігі падае Merkuriusz solwacja як ртутную вадкасць, але ж не можа Саламея прыводзіць тут назву лякарства, кажучы, што гэтага яна яшчэ не практыкавала: ведаючы, чым лячыць, хіба так скажаш?

Паверыце ці не, але ў мяне пры чытанні гэтага эпізода ўзнікла думка, што Merkuriusz solwacja — гэта яе фармулёўка псіхічнага стану. Першае слова мо ад беларускага «меркаваць» — значыць «думаць», а solwacja, на лаціне solucio — гэта раствор. У спалучэнні я б гэта пераклала як «думкі ў растворы» або «раствор думак», ці іх растварэнне. Гэта яе афарызм — «раствораныя думкі». Гэтымі словамі яна ўказвае мужу на яго «неадэкватнасць» і кажа, што не можа гэта лячыць, што ён сам сабе з гэтым дапамагчы мусіць. Але гэта маё меркаванне.

«Мяне прасіў адзін сляпы бандурыст у двор яе мосці царыцы Лізаветы Пятроўны, каб што можна дапамагла адной дзяўчыне, прачцы, з 14 гадоў сляпой. На шчасце, гэтая дзяўчына мела нястрашную катаракту, дык я ў гэты ж дзень інструментам зняла тую катаракту, і дзяўчына пачала бачыць на абодва вокі. Прысутныя лёкаі і іншага стану людзі надзвычай дзівіліся, што дзяўчыну, якая была доўгі час сляпою, я так хутка вылечыла». Чытачы, мяркую, таксама дзівяцца. Ваш каментарый на гэты выпадак?

Хутчэй за ўсё, Саламея выканала рэклінацыю хрусталіка (вывіх хрусталіка ў шклопадобнае цела) — і да пацыенткі вярнуўся прадметны зрок. У літаратуры апісана, што яна націснула на вока і хрусталік выпаў, а дзяўчына пачала бачыць. Саламея першай у Беларусі (!) выканала такое ўмяшальніцтва — і набыла боскую славу. Вось вам і авантура. Рызыка! Пра гэтую гісторыю пазбаўлення ад катаракты распавядаецца ў нас на лекцыях па афтальмалогіі. Першымі, хто такое выконваў, былі вялікі ўрач Аўл Карнэлій Цэльс (яшчэ да нашай эры) і вялікі ўрач і не менш вялікі пісьменнік Старажытнага Рыма Клаўдзій Гален. Жак Давіэль Брысо першым выканаў экстракцыю катаракты, гэта адбылося 8 красавіка 1747 года.

«I паказала мне свае ногі… як таўшчэзныя збаны, а чырвоныя, сінія, са схільнасцю да чарнаты, а цвёрдыя, як камень, а халодныя, як лёд, а скура на іх як на дубе кара», «Пасля прасіла мяне тая пані палкоўнічыха палячыць яе ногі. Адказала я ёй: «3 дапамогаю Пана Бога, лекаў, пластыраў, мулефікацыі, парання, пускання крыві, а найперш з дапамогаю цяпла магло б за тры месяцы крыху дапамагчы». Што за хвароба і ці правільны метад лячэння, які Саламея збіралася прымяніць?

Тыповая лімфадэма! Выглядае сапраўды вельмі страшна. Методыка Саламеі — «з дапамогаю Пана Бога, за тры месяцы»… Цяжка ёй давялося б.


Джон Фрэдэрык Льюіс. «Гарэм султана». З кнігі Саламеі: «Мяне ўзялі з ласкі Пана Бога ў вялікі гарэм султана Мустафы за прыдворную лекарку ў ягоны фраўцымер, і добра мне там жылося, без усялякіх «але».

Пацыент «надзвычай перапалоханы і хворы на цяжкую крывавую дызентэрыю. Я ж аптэкі не мела, толькі ў дарозе зёлкамі і карэньчыкамі ратавала яго, напрыклад, rad. tormentilla, rad. caramphilat, rad. bisztorta і іншымі, якімі разумела». Ці правільна ратавала?

Правільна. Rad. tormentilla — гэта карнявішча лапчаткі, яно мае бактэрыцыднае дзеянне, ратуе ад запалення і спыняе кроў.

Яшчэ адзін пацыент. Саламея, якой чарговы раз «Бог дапамог», шчасліва вылечыла і ягоныя ногі, і сухоты, і пашана вялікая ёй была ў яго доме, «і заплаціў семдзесят чырвоных злотых, і справіў мне пару сукняў, і даў мне каляску і пару коней, пахолка, дзяўчыну і хлопца ў новых мундзірах, і загадаў ім сурова, каб мне верна і старанна служылі цэлы год». Тут цікавяць сухоты, гэта значыць, туберкулёз: ці вылечваўся ён у той час? Ці мо сухотамі называўся тады не туберкулёз?

Слова «сухоты» — тэрмін, які на Беларусі склаўся гістарычна, так сапраўды называлі туберкулёз, бо слова «туберкулёз» было запазычаным. У незапушчаных стадыях, канечне, можна было сухоты вылечыць. Хаця не адразу, не хутка, а на працягу вельмі доўгага часу і пры выкананні пэўнага рэжыму дня і харчавання. Пра гэта, мяркую, і сведчаць такія словы: «Загадаў ім сурова, каб мне верна і старанна служылі цэлы год».

Куточкі самай старой турэцкай аптэкі, якая працуе і сёння. З кнігі Саламеі: «I загадаў гэкім-паша пашукаць мне жытло і аптэку непадалёк ад свайго палаца. А найбліжэйшаю і найпрыстойнейшаю была аптэка і кватэра лекара габрая Фансекі».
 
Відаць, усё ж можна лічыць Саламею лекаркай больш, чым авантурысткай.

Адораная ад прыроды інтуіцыяй (а гэта важная якасць для любога ўрача), здольная лёгка ўсталёўваць кантакты (а гэта таксама каштоўная рыса), яна даволі паспяхова практыкавала прафесію, якая лічылася ў той час выключна мужчынскай. Ці можа яна быць аўтарытэтам для медыкаў нашага часу? Мяркую, што нашы студэнты-медыкі павінны зайздросціць дапытлівасці Саламеі. Яна — прыклад здаровай упартасці і стараннасці ў справе авалодання ведамі, жадання дапамагаць людзям. Што да сур’ёзнасці ўспрымання яе як медыка, то нашы сённяшнія выпускнікі медыцынскіх універсітэтаў, накіраваныя на працу ў вясковыя амбулаторыі, дзе часам даводзіцца пакладацца на інтуіцыю, бо вопыт пакуль яшчэ не напрацаваны, а спытаць, бывае, няма ў каго, запраста могуць адчуць у ёй родную душу.

Дарэчы, калі Саламея згадваецца ў курсе гісторыі медыцыны, то як студэнты ўспрымаюць яе ролю?

Гісторыі медыцыны, на маю думку, прысвечана вельмі мала вучэбных гадзін, таму падачу інфармацыі пра Саламею можна назваць факультатыўнай, але пры гэтым студэнты паспяваюць прасякнуцца яе жыццём — жыццём таленавітай жанчыны, ледзь не чараўніцы. Трэба сказаць, што мы практыкуем выданне крыжаванак па гісторыі медыцыны і імя Саламеі ў іх сустракаецца.

Як жанчына яна нешчаслівая — замуж выдалі ў чатырнаццацігадовым узросце. Пасля ўдаўство, зноў замужжа — з Юзафам Пільштынам, і зноў нешчаслівае… Быццам ў пацвярджэнне даволі распасюджанага меркавання, што нешчаслівыя ў асабістым жыцці жанчыны маюць нашмат болей шанцаў стаць вядомымі і паспяховымі ў пэўнай справе.

А я не лічу яе нешчаслівай у стасунках з мужчынамі. Яна ўсё ж некалькі разоў брала шлюб, нараджала дзяцей, што не кожнай дадзена. Да таго ж ў прафесіі мела поспех, хоць афіцыйна і не атрымала адпаведнай адукацыі.

Кніга Саламеі Пільштыновай «Авантуры майго жыцця» ўваходзіць у пералік тых, якія належыць прачытаць кожнаму беларусу. Пісалася па-польску. Аўтарка збіралася выдаць яе на ўласныя сродкі, што даволі паказальна. Датаваная 1760-м, кніга гэтая была знойдзена і апублікавана толькі ў 1957-м, страшна падумаць: праз дзвесце гадоў пасля напісання. Увогуле, гэта не «Авантуры», а «Рэха» — «Пададзенае свету рэха заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў на чэсць і хвалу Пану Богу, у Святой Тройцы Адзінаму, і самой святой Маці Хрыста, Пана майго, і ўсім святым». Назва, як бачым, «барочная», але ўласна тэкст «барочнасці» мала адпавядае: ён жывы, непасрэдны, размоўны. Арыгінал кнігі, як і іншыя запісы першай лекаркі нашай зямлі, знаходзіцца ў бібліятэцы імя Чартарыйскіх у Кракаве. Пад загалоўкам на лаціне зроблена прыпіска: «З бібліятэкі Іаана дэ Вітэ, палкоўніка артылерыі». Калі гэта той самы дэ Вітэ, які нарадзіўся ў 1781-м у канстанцінопальскай куртызанкі, вядомай найбольш як Сафія дэ Чэлічэ, у замужжы спачатку Вітэ, а потым Патоцкая, то выяўляецца вельмі цікавая (і зноў-такі авантурная) рэч: тая Сафія нарадзілася якраз у 1760-м — у тым самым годзе, якім Саламея датуе свае «Авантуры». Пасля таго след яе недзе знікае. Як гэты рукапіс трапіў да палкоўніка дэ Вітэ? Мо Саламея лячыла яго маці, калі тая была маленькая? Ці нават дапамагала ёй нарадзіцца? Напрыклад, пасялілася ў доме пацыенткі, як гэта часта з ёю бывала на час лячэння, а там гэты рукапіс проста згубіла? А раптам нешта нядобрае там з ёю здарылася? Мы ж ведаем пра яе хоць і шмат, але толькі тое, што яна сама пра сябе распавяла. Ды і кніга недапісаная: у рукапісе ёсць некалькі чыстых старонак, прычым пранумараваных, пасля якіх ідзе «Песня маёй кампазіцыі» — напісаны Саламеяй вялікі верш. Дзе яна памерла, калі, дзе яе магіла? Авантуры яе жыцця — вельмі ўдалы з усіх бакоў выраз. Авантуры, як бачым, працягваюцца. У авантуры — на пошук яе слядоў — можна запраста сёння падацца. Бо пакуль што біяграфію Саламеі суправаджаюць не дзве канцавыя даты, а толькі адна: 1718. Быццам яна жывая. Ці лепей — неўміручая.



Святлана Воцінава, Мінск.


1Ёсць некалькі выданняў Адрыяна Мінзіхта 17-га cтагоддзя з амаль аднолькавымі, традыцыйна для таго часу мудрагелістымі назвамі, якія, калі іх перакласці, гучаць прыкладна як «Скарб і арсенал урача-хіміка: як выбіраць супраць любой хваробы лекавыя сродкі». Існавалі пераклады гэтых кніг на нямецкую мову, якой Саламея валодала.

2Troy ounces — тройская ўнцыя — адзінка вагі, роўная 31,1034768 грама, што адпавядае аптэкарскай унцыі; афіцыйна абазначаецца як ozt.



Комментировать


comments powered by HyperComments