Школа майстроў у аздобе стагоддзяў

24 января 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун


Фота прадастаўлена Гродзенскім медкаледжам.
Фота прадастаўлена Гродзенскім медкаледжам.
У рэспубліканскім аглядзе-конкурсе сярод музеяў, пакояў-музеяў і кабінетаў гісторыі медыцынскіх устаноў краіны пакой-музей Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа заняў першае месца ў намінацыі «Лепшая гістарычная экспазіцыя ў медыцынскай установе адукацыі».

Карэспандэнт «МВ» пабывала ў каледжы, дзе юныя экскурсаводы і кіраўнік музея Вікторыя Яблкоўская распавялі пра свае набыткі і правялі экскурсію. 

— Музей заснаваны ў 2010 годзе і прысвечаны асноўным этапам развіцця ўстановы адукацыі, — гаворыць Вікторыя Яблкоўская. — Прадстаўлены разнастайныя матэрыялы пачынаючы з 16-га стагоддзя і да нашых дзён. Праводзіцца навукова-даследчая, навукова-метадычная, валанцёрская работа, а таксама мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні.  

Першы вопыт арганізацыі прафесійнай медыцынскай адукацыі ў Гродне датуецца канцом 16-га стагоддзя, калі медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвалі цырульнікі: і бароды галілі, і мазалі зразалі, і канечнасці ампутавалі. У сярэдзіне 18-га стагоддзя была праведзена рэарганізацыя сістэмы аховы здароўя, якая прадугледжвала стварэнне медыцынскіх устаноў у буйных гарадах. У 1775 годзе ў Гродне з’явіўся першы радзільны дом, а пры ім акушэрская школа. 

Пасля адкрыцця доктарам медыцынскіх навук даследчыкам Жанам Эмануэлем Жыліберам медыцынскай акадэміі акушэрская школа была ператворана ў аддзяленне падрыхтоўкі павівальных бабак. Тагачасны будынак месціцца ў гарадскім парку і сёння. Ён носіць імя славутага вучонага. У музеі каледжа захоўваюцца тытульны ліст кнігі Жылібера «Даследаванне прыроды Літвы» (Вільня, 1784) і ягоны бюст. 

Да 18-га стагоддзя на тэрыторыі Гродзеншчыны дзейнічалі абшчыны сясцёр міласэрнасці. У музеі прадстаўлена копія фотаздымка сястры міласэрнасці Юзэфы Качаноўскай. Па ўзоры яе касцюма былі пашыты тагачасныя камплекты адзення сясцёр міласэрнасці 19–20-га стагоддзяў. 

У 1910 годзе павівальная школа была перайменаваная ў цэнтральную фельчарска-акушэрскую школу. У 1915-м яна была эвакуіравана ў Калугу. Да 1917-га тут практыкаваўся пазашкольны метад падрыхтоўкі фельчараў, дантыстаў, аптэкараў. Да 1939-га на тэрыторыі Гродзеншчыны медыцынскіх школ не было. У 1940-м на Беларусі адкрылі 6. На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны яны былі разбураныя і разрабаваныя.

Аднаўленне пачалося ў 1944 годзе, калі ў Гродне пачынаюць дзейнічаць акушэрская і фармацэўтычная школы.  
— Паводле нашых даследаванняў пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Гродне было падрыхтавана 1 819 сярэдніх медыцынскіх работнікаў, — адзначыла Вікторыя Яблкоўская. 

У музеі шмат цікавых медыцынскіх інструментаў: вагі раўнаплечныя аптэкарскія, дазатар парашкападобны, гінекалагічны пад’ёмнік і г. д. Усяго каля сарака экспанатаў.  

Ёсць копіі фотаздымкаў слынных выкладчыкаў і выпускнікоў гэтай установы адукацыі. Сярод іх Канстанцін Кемарскі, які на пачатку мінулага стагоддзя 42 гады ўзначальваў медыцынскую школу. Лепшыя навучэнцы каледжа сёння атрымліваюць стыпендыю Кемарскага. 

Сярод здымкаў — фота выпускніка тагачаснага Юрацішскага медыцынскага вучылішча, якое неўзабаве было пераведзена ў Гродна, намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко. З фотакартак усміхаюцца вядомыя спартсмены, якія колісь тут вучыліся: заслужаны майстар спорту Вольга Зінкевіч, майстар спорту міжнароднага класа по плаванні Юрый Радзянюк, майстар спорту па марафоне Станіслаў Клебановіч ды іншыя. 

З вялікім захапленнем расказваюць юныя экскурсаводы пра жыццё іх папярэднікаў: доктара медыцынскіх навук, магістра, выкладчыка Люблінскага медыцынскага ўніверсітэта Галіну Пацэвіч, урача-хірурга, дырэктара медыцынскага вучылішча мінулых гадоў Феафана Цярэшчанку, медсястру Людмілу Саўкіну, якая ў часы афганскай вайны наладзіла прамое пераліванне крыві і такім чынам выратавала многіх байцоў. 

Сёння да паслуг навучэнцаў два цудоўныя будынкі з сучаснымі аўдыторыямі і лабараторыямі, бібліятэкай, чытальнай, актавай і спартыўнай заламі. У хуткім часе пачнецца аснашчэнне сімуляцыйным абсталяваннем чатырох лабараторый. Наладжана відэасувязь з аперацыйнымі блокамі ГрАКБ: у анлайн-рэжыме можна назіраць правядзенне аперацый, падрыхтоўку да іх сярэдняга медыцынскага персаналу. Пройдуць гады, і гэтыя падзеі стануць гісторыяй, пра якую раскажуць юныя экскурсаводы музея каледжа. 


Комментировать


comments powered by HyperComments