Школа практычнай геранталогіі

02 сентября 2019


Даследуй нутрытыўны статус

Сіндром мальнутрыцыі — гэта герыятрычны сіндром, які характарызуецца рознымі варыянтамі нутрытыўнай недастатковасцi.

Найчасцей сустракаецца пратэінава-вітамінны варыянт мальнутрыцыі. Паводле дадзеных эпідэміялагічных даследаванняў, сіндром мальнутрыцыі назіраецца ў 3–5 % сталых людзей, а рызыка яго развіцця ёсць у кожнага трэцяга.

Сіндром мальнутрыцыі бярэ ўдзел у фарміраванні герыятрычнага каскаду. Ён можа быць як вынікам іншых герыятрычных сіндромаў (напрыклад, паліпрагмазіі, кагнітыўных парушэнняў), так і прычынай развіцця іншых герыятрычных сіндромаў (саркапеніі, тых самых кагнітыўных праблем).

Пры дыягностыцы сіндрома мальнутрыцыі абавязкова трэба праводзіць ацэнку вагі пацыента па індэксе масы цела. Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пацыенты з індэксам масы цела ніжэй за 
18 кг/м2 адносяцца да асоб з дэфіцытам масы цела. Аднак праводзіць дыягностыку толькі па гэтым паказчыку некарэктна, таму што сіндром мальнутрыцыі можа назірацца і ў людзей з атлусценнем. Таму варта праводзіць ацэнку вагі ў дынаміцы 
і карыстацца спецыяльнымі апытальнікамі. 

Найбольшае распаўсюджанне атрымаў апытальнік «Кароткая ацэнка нутрытыўнага статусу» (Mini Nutritional Assessment, MNA). Яго можна знайсці на сайтах Беларускага рэспубліканскага грамадскага геранталічнага аб’яднання (www.gerontology.by) і навукова-даследчага цэнтра «Геранталогія» (www.gerontolog.info).

Апытальнік MNA складаецца з дзвюх частак. Першая дазваляе атрымаць інфармацыю пра фізікальныя дадзеныя (апетыт, стан мабільнасці, вага ды інш.). Пытанні другой часткі тычацца непасрэдна харчавання (характарыстыка прадуктаў, частата прыёмаў ежы і г. д.). 

Кожнае пытанне ацэньваецца ў балах. Па суме балаў можна вызначыць, ці ёсць у пацыента сіндром мальнутрыцыі адпаведнай ступені цяжкасці або ці існуе рызыка яго развіцця. Вельмі важна ў пацыента з сіндромам мальнутрыцыі правесці пошук анкалагічнай паталогіі і дэкампенсацыі саматычных захворванняў.
У залежнасці ад вынікаў герыятрычнага даследавання распрацоўваецца індывідуальная лячэбна-прафілактычная стратэгія. Яна накіраваная на карэкцыю ўсіх выяўленых праблем (саматычнай паталогіі, вырашэнне сацыяльных пытанняў, уздзеянне на іншыя герыятрычныя сіндромы і г. д.). Асобным пунктам вылучаецца карэкцыя нутрытыўнага статусу. Пры рызыцы ўзнікнення сіндрома мальнутрыцыі дастаткова карэкцыі звычайнымі прадуктамі харчавання. Асабліва важна звярнуць увагу на дастатковасць бялку ў ежы (мінімум 1 г на кг вагі ў суткі), пяціразовы прыём садавіны-агародніны, антыатэрагенную скіраванасць
харчавання. Пры наяўным сіндроме мальнутрыцыі пацыент вымагае дадатковай карэкцыі: ад узбагачаных прадуктаў харчавання да спецыяльных пажыўных сумесяў і нават інфузіённай тэрапіі сумесямі амінакіслотаў ды іншых рэчываў ва ўмовах стацыянару. 

Варта памятаць, што галоўны прынцып працы з пацыентамі з сіндромам мальнутрыцыі ў 21-м стагоддзі — чалавек не павінен цярпець ад харчовай недастатковасці.



Андрэй Ільніцкі, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб'яднання, Кірыл Прашчаеў, дырэктар навукова-даследчага медцэнтра «Геранталогія» (Расія).



Комментировать


comments powered by HyperComments